29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіроўца на мяжы: За 15 гадзін прасунуліся толькі на 200 метраў

8
Кіроўца на мяжы: За 15 гадзін прасунуліся толькі на 200 метраў

На памежным пераходзе «Прывалка» некаторыя дальнабойнікі стаяць ужо 9-ы дзень.

Напружаная сітуацыя гэтымі днямі назіраецца на мяжы ў літоўскім накірунку. У пункце пропуску Прывалка ў гэты час знаходзіцца больш за 500 цяжкавікоў. Журналіст Блога Гродна s13.ru пабываў там і пагутарыў з кіроўцамі-дальнабойнікамі.

Чарга з цяжкавікоў ля пункта пропуску Прывалка выстраілася вялізная - яе працягласць блізу 12 кіламетраў. Тут чакаюць сваёй чаргі амаль 500 кіроўцаў. У некаторых пайшоў дзявяты дзень.

- Я тут стаю з мінулага панядзелка, а адзін мой калега - аж з мінулай суботы. Ужо пайшоў дзявяты дзень у яго, - расказвае кіроўца. - Лядоўні ў многіх ужо пустыя. Учора аднаму давалі хто локшыну, хто бляшанку тушонкі - у яго запасы скончыліся.

Да такой сітуацыі кіроўцы гатовыя не былі. Раней, з іх слоў, гэта быў адзін з самых хуткіх гарадзенскіх памежных пераходаў – на пераезд мяжы ішло зусім няшмат часу.

- Есці няма чаго ўжо ў нас, піць няма чаго. Запасы вады сканчаюцца - ужо нават не мыемся, каб ваду зэканоміць. Мы не думалі, што так затрымаемся тут надоўга, - распавядаюць дальнабойнікі.

Некаторыя мясцовыя жыхары арганізавалі тут дастаўку комплексных абедаў. За першае, другое і кампот бяруць 12 рублёў. Праўда, на ўсіх ахвочых гэтага не стае.

- Хоць бы аўтакраму якую пусцілі! Мігрантам усё арганізавалі, а нам, грамадзянам гэтай краіны, нічога. Па чарзе «адчапляемся» і ездзім самі ў найбліжэйшую краму - хлеба купіць ці яшчэ чаго, - бядуюць кіроўцы.

Свой «побыт» кожны добраўпарадкоўвае, як можа. Біяпрыбіральняў ва ўсёй прыгранічнай зоне ўсяго дзве. З канца і нават з сярэдзіны чаргі дайсці да яе практычна немагчыма. Адзіная кавярня, якая тут ёсць, не працуе.

У апошнія дні, расказваюць дальнабойнікі, чарга пачала рухацца яшчэ больш павольна. За апошнія 15 гадзін яна рушыла ўсяго на 200 метраў. Кіроўцы тлумачаць гэта наяўнасцю другой калоны аўто, якія ідуць па спецыяльных пропусках без чаргі.

- Гэты пропуск каштуе амаль 1500 еўраў на год. Не ва ўсіх фірмаў ёсць такая магчымасць яго набыць. А тыя, у каго ён ёсць, едуць, абыходзячы нас. Спачатку прапускаюць 4 цяжкавікі з пропускамі, потым адзін з нашай агульнай чаргі. Таму мы амаль і не рухаемся, - паведаміў адзін з кіроўцаў.

Дальнабойнікі цяпер зацята абмяркоўваюць далейшыя перспектывы. З іншых памежных пераходаў ад іх калег прыходзіць інфармацыя - сітуацыя прыкладна ва ўсіх аднолькавая: шматкіламетровыя чэргі і невыразнасць заўтрашняга дня.

- Вось цяпер Літва наогул закрые мяжу, і што тады рабіць? – задае пытанне адзін з затрыманых на мяжы дальнабойнікаў.

Каб не атрымаць штраф ад боку, які прымае груз, некаторым кіроўцам даводзіцца хадзіць на памежны пераход і прадаўжаць дакументы. Кіроўца з Расеі рабіў гэта ўжо тройчы. На мяжы ён знаходзіцца ад 20 лістапада.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках