18 красавiка 2024, Чацвер, 10:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З'явілася мапа беларускага бізнэсу за мяжой

З'явілася мапа беларускага бізнэсу за мяжой

Цяпер на мапе больш за сто адрасоў беларускага бізнэсу ў розных краінах свету.

За апошні год нямала беларусаў пераехала ў суседнія краіны. Многія з іх адкрылі або працягнулі там свой бізнэс. Каб суайчыннікі маглі падтрымаць землякоў, валанцёры распрацавалі сайт BY_MAPKA - гэта карта беларускага бізнэсу за мяжой.

Аўтарам ідэі BY_MAPKA стала Аліна Коўшык, а ўжо саму мапу стварыў валанцёр Аляксей, які з'ехаў з Беларусі ў жніўні 2021 года. Галоўная ідэя праекта - падтрымаць беларусаў, якія арганізавалі сваю справу за мяжой, паведамляе nashaniva.com.

«Беларусы, як дыяспара, як людзі, якія гатовыя падтрымліваць адзін аднаго, сфармаваліся толькі з 2020 года. Жаданне падтрымліваць адзін аднаго ёсць, а магчымасці даведацца як гэта рабіць, не было, таму зрабілі такі праект, - кажа Аляксей. - Калі з'яжджаеш за мяжу, з аднаго боку, табе вельмі хочацца падтрымаць сваіх землякоў, а з другога боку, атрымаць гарантавана якасны сэрвіс. Беларускія майстры ў розных краінах на вагу золата.

Напрыклад, у Грузіі беларускі майстар манікюра ці электрык працуе значна лепш, чым мясцовыя. А бывае і так, што розніцы асаблівай няма, каму заплаціць за той самы манікюр, тады можна падтрымаць беларуса».

Сістэма працуе проста. Калі беларус, які аказвае паслугі за мяжой, хоча дадацца на мапу, ён можа проста запоўніць форму. Тады ягоныя кантакты з’явяцца на сайце. Зусім не абавязкова быць палітуцекачом, дастаткова таго, што ты беларус.

Цяпер на мапе больш за сто адрасоў бізнэсу ў розных краінах свету. У Польшчы - 63, у Грузіі - 15, ва Украіне - 13. У астатніх краінах - 8. Гэта Аўстралія, Ірландыя, Італія, Літва, Славенія, ЗША і Чэхія.

«Сферы, якія пераважаюць у Польшчы, - гэта паслугі цырульнікаў, візажыстаў, грамадскае харчаванне і гэтак далей, - кажа малады чалавек. - У Грузіі раўнамернае размеркаванне паміж харчаваннем, паслугамі псіхолагаў, продажам адзення. Ва Украіне, напрыклад, шмат лекараў», - распавядае Аляксей.

Праўда, ён адзначае, што стваральнікі праекту нечакана сутыкнуліся з цяжкасцямі - страхам саміх беларусаў.

«Многія асцерагаюцца дадавацца на мапу. Людзі ўважаюць, што калі яны дададуцца і скажуць, што яны аказваюць якія-небудзь паслугі, то гэта ўжо злачынства, - кажа хлопец. - Нягледзячы нават на тое, што яны знаходзяцца ў іншай краіне, дзе законы па прадпрымальніцтве цалкам лаяльныя. У Грузіі, напрыклад, вельмі простае падатковае заканадаўства для індывідуальных прадпрымальнікаў.

У Беларусі, калі ты дапускаеш памылку пры вядзенні бізнэсу, цябе чакае вялікі штраф, адміністрацыйная ці крымінальная адказнасць. Заканадаўства ў Грузіі, як і ў многіх іншых краінах, дазваляе выпраўляць памылкі і там не імкнуцца за гэта пакараць».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках