24 красавiка 2024, Серада, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гіганцкая шкода: колькі будзе каштаваць для Беларусі закрытая мяжа з Польшчай

6
Гіганцкая шкода: колькі будзе каштаваць для Беларусі закрытая мяжа з Польшчай

Незаконны рэжым справакаваў яшчэ і транспартны крызіс.

Адны стаяць дзень, іншыя - ужо тыдзень. Чарга з грузавых аўтамабіляў у некаторых мытных пунктах дасягае некалькіх дзясяткаў кіламетраў. Днём, паводле інфармацыі дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, пропуску ў Еўропу на межах краіны чакалі больш як 4 200 вялікагрузаў. Нараўне з міграцыйным крызісам у Беларусі прыходзіць транспартны, паведамляе “Белсат”.

“Самы галоўны чыннік - гэта затрымка тавараў. І гэта ж заўсёды вельмі вялікія выдаткі - простой за кожны дзень. Гэта азначае, што так ці інакш гэтыя выдаткі будуць перанесены на спажыўца. Гэта па-першае. Другое - там жа ёсць яшчэ і скорапсавальныя тавары. Гэта значыць, будуць скарачацца і фізічныя аб'ёмы паставак. У выніку ўсё зводзіцца да таго, што ўсе рэчы, якія прывозяцца такім спосабам, непазбежна будуць даражэць”, - упэўнены эканаміст Сяргей Чалы.

Зрэшты, заканчваецца не толькі тэрмін прыдатнасці ў прадуктаў, але і трыванне кіроўцаў. Ад тых, хто стаіць на мяжы ўжо не першы дзень, прыходзяць паведамленні аб першых канфліктах на дарозе паміж тымі, хто сумленна стаіць у чарзе, і тымі, хто спрабуе ўлезці без чаргі.

“Удзень з гэтай прычыны кіроўцы лаяліся праз рацыю. Потым чалавек пяць-шэсць калег з “хваста” пайшлі праз скрыжаванне разбірацца да тых, хто ўлез у чаргу. Усе дальнабойшчыкі цяпер вельмі раздражнёныя: чакаеш днямі ў чарзе, ні памыцца, ні ў прыбіральню нармальна схадзіць - дык яшчэ праблема з гэтымі “хітрамудрымі”. ДАІ варта было б больш актыўна падключацца, а то дакладна калі-небудзь скончыцца ўсё сумна: або твар каму-небудзь разаб'юць, або колы пачнуць рэзаць”, - падзяліўся адзін з кіроўцаў, які стаіць у чарзе на мяжы.

Праз Беларусь у Еўропу ідзе мноства замежных грузаў - у тым ліку з Расеі. Аднак, на думку экспэртаў, чарговы крызіс на мяжы заўважна ўдарыць толькі па беларускім бізнэсе і бюджэце.

Эканамісты мяркуюць, што з пункту гледжання развіцця, з пункту гледжання даверу да нашай краіны як да лагістычнага партнёра, гандлёвага партнёра, закрытая мяжа - гэта гіганцкая шкода.

Транспартны крызіс на мяжы Беларусі з Еўразвязам стаў вынікам міграцыйнага крызісу і закрыцця КПП "Кузніца-Брузгі". У выпадку працягу спроб мігрантаў прарвацца праз мяжу польскія ўлады пагражаюць і зусім закрыць мяжу з Беларуссю. Тады чэргі з вялікагрузаў могуць павялічыцца ў разы. А бюджэт Беларусі, паводле ацэнак эканамістаў, можа страціць блізу паўтара мільярда даляраў. Гэта палова ад усяго прыбытку з экспарту транспартных паслуг.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках