20 красавiка 2024, Субота, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна папярэдзіла аб магчымым уварванні расейскіх войскаў

7
Украіна папярэдзіла аб магчымым уварванні расейскіх войскаў
ДЗМІТРЫЙ КУЛЕБА

Патэнцыйная вайсковая аперацыя РФ можа ўключаць вялікі сегмент вайсковых дзеянняў у Чорным моры.

Напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін NАТО ў Рызе Кіеў папярэдзіў аб магчымым уварванні Расеі на тэрыторыю Украіны. "Пры найгоршым сцэнары Расея можа паспрабаваць падарваць архітэктуру бяспекі, якая склалася ў перыяд пасля халоднай вайны ў Еўропе, і перакроіць межы сілай, як гэта ўжо было ў 2008 годзе ў Грузіі і ў 2014 годзе, калі яна акупавала Крым і пачала вайну на Данбасе", - заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба, перадае dw.com.

Паводле слоў Кулебы, каля мяжы з Украінай размешчаны, як мяркуецца, 115 тысяч расейскіх вайскоўцаў. За некалькі дзён да гэтага ва Украіне гаварылі аб 92 тысячах вайскоўцаў. Незалежнай праверцы гэтыя звесткі не паддаюцца. "Сітуацыя выглядае вельмі пахмурна", – сказаў міністр на онлайн-брыфінгу ў Кіеве. Ён адзначыў, што большая частка вайсковай тэхнікі знаходзіцца паблізу Украіны з вясны, у тым ліку танкі, артылерыя, самалёты. Са звестак украінскіх уладаў, на мяжы і на акупаваных тэрыторыях Данбаса і Крыма размешчана "шмат вайсковай тэхнікі, не прызначанай для абароны". "Да прыкладу, мы бачым ракетныя комплексы і абсталяванне для блакавання радыёсувязі", – паведаміў Кулеба.

Супольная праблема

Кіраўнік МЗС Украіны таксама адзначыў, што ў выпадку ўварвання РФ, вайсковыя дзеянні будуць адбывацца і ў Чорным моры, таму агрэсіўныя паводзіны Расеі - гэта праблема не толькі Украіны, але і яе найбліжэйшых суседзяў і партнёраў. "Патэнцыйная вайсковая аперацыя, зробленая Расеяй, будзе ўключаць вялікі сегмент вайсковых дзеянняў у Чорным моры, - сказаў Кулеба. - Таму Румынія і іншыя чарнаморскія партнёры, на наш погляд, павінны быць таксама ўстурбаваныя планамі Расеі, як і Украіна, і быць зацікаўленымі ў стрымліванні Расеі, як і мы. Гэта наша супольная праблема".

З канца кастрычніка ў заходніх СМІ сталі з'яўляцца паведамленні аб нарошчванні Расеяй вайсковай прысутнасці ўздоўж межаў Украіны. Апошні раз аналагічнае адбывалася вясной 2021 года і таксама выклікала сур'ёзную заклапочанасць у свеце. Але калі падзеі вясной былі расцэненыя як дэманстрацыя сілы, то цяперашняя сітуацыя можа быць падрыхтоўкай да фактычнага ўварвання на Данбас на ўсходзе Украіны, мяркуюць спецслужбы ЗША.

Масква адмаўляе ўсе абвінавачванні ў падрыхтоўцы нападу на Украіну і, наадварот, паказвае на большую актыўнасць NАТО каля расейскіх межаў. Сустрэча міністраў замежных спраў краін Паўночнаатлантычнага альянсу пройдзе ў Рызе з 30 лістапада да 1 снежня.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках