23 красавiка 2024, aўторак, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нелегалы і «сусветная змова»

3
Нелегалы і «сусветная змова»

Вось нарэшце гісторыя з мігрантамі набыла геапалітычны размах, за які не сорамна.

Я адчуваў, даўно адчуваў, што ў ёй нечага не стае. Бо…ну мігранты, ну штурм, ну лагер уцекачоў, ну NATO каля брамы. А дзе маштаб? Дзе сапраўдная веліч?

Але цяпер усё нармальна. Учора высветлілася, што мігрантаў неўзаметку падкінулі амерыканцы (без іх геапалітычнай велічы, зразумела, не бывае), каб Польшчай разваліць Еўразвяз, шляхам нападу Украіны на Расею. А мігранты павінны адцягваць беларускае войска, якое інакш бы ўсіх выратавала.

Вось увогуле, выратавала б, без пытанняў. Даслоўна кожнага. Але пакуль, прабачце, занятае. Але галоўнае - трымацца. Але цяпер ніводнай свабоднай хвіліны. Але потым абавязкова выратуе. Але пакуль увесь графік распісаны. Але як толькі з'явіцца вольнае акно, дык яно адразу прыйдзе на дапамогу. Калі яшчэ застанецца каму. Таму яно сапраўды непераможнае і ў некаторых месцах нават легендарнае. І можа яно не пакаштавала саладосць перамог, але і горыч паражэнняў таксама не спазнала.

Карацей, выявілася нармальная ўжо сусветная змова, карані якой сыходзяць кудысьці глыбока. Куды глыбока, я пакуль дакладна не ведаю, але, магчыма, гэта ўсё ўвогуле прыдумаў Чэрчыль у 18-м годзе.

І цяпер на гарызонце вымалёўваецца цікавы маральна-палітычны казус. Атрымліваецца, што мігранты, якіх беларускія ўлады падагрэлі і абабралі, або падабралі і абагрэлі - не проста нявінныя ахвяры сусветнага імперыялізму. Яны - прылада гэтага імперыялізму ў вялікай геапалітычнай гульні. Пакуль, можа, усё яшчэ нявінная, але нявіннасць не касуе самога факту.

І калі цяпер адправіць мігрантаў па дамах, то можна будзе адлюстраваць, што гэтая не параза і саступка бяссільнаму Захаду, а зусім наадварот. Гэта будзе перамога над сусветным імперыялізмам, чые планы беларускія ўлады празорліва разгадалі і бясстрашна разбурылі. Тым больш, што адзін з удзельнікаў змовы нават абяцаў адсыпаць грошай на зваротныя квіткі, калі беларускія ўлады будуць паводзіць сябе добра. І тэлевізару застаецца толькі растлумачыць аўтарам планаў аб іх планах падрабязней. А то можа атрымацца ніякавата, калі яны раптам будуць не ў курсе.

Але можна і не тлумачыць. Бо пра змову ж расказвалі не для імперыялістаў, якія ўвогуле наўрад ці заўважылі сваё ўчарашняе выкрыццё. Як я сабе разумею выкрыцці былі задуманыя для ўнутранага спажывання сведкамі стабільнасці. Такая тэрапія для пацярпелага ў міграцыйным крызісе стабільна несвядомага. У тым сэнсе, што Акела не такі, што прамахваецца, а ўжо практычна сапраўдны леў і цар звяроў.

Версію яшчэ, вядома, давядзецца падшліфаваць. Хаця, з іншага боку, магчыма лепш гэтага і не рабіць. Нарэшце, калі гэта сведкі стабільнасці звярталі ўвагу на дробныя шурпатасці сюжэту? А то ў працэсе дапрацоўкі можна неспадзявана прычыніць якую-небудзь спадарожную шкоду. І спатрэбіцца новая змова, каб змякчыць яе наступствы.

Telegram-канал «Лісты да дачкі»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках