28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дастаткова быць мужчынам і любіць Беларусь

45
Дастаткова быць мужчынам і любіць Беларусь

Хто будзе бараніць краіну?

Я нарадзілася ў Кобрыне. У нас ёсць паданне, што падчас паўстання 1863 года, калі паўстанцы выбілі расейскіх акупантаў з места, кіраўнік адноўленага ўрада Рэчы Паспалітай Рамуальд Траўгут размясціў свой штаб у так званым доме Суворава. Кобрын разам з жыхарамі быў падораны крываваму расейскаму генералісімусу Кацярынай II за Трэці падзел РП - агульнай дзяржавы палякаў, беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў - і паўстанцы паспрабавалі аднавіць справядлівасць. Таму мяне як заходнюю беларуску заўсёды здзіўляла, што кадэцкае вучылішча Беларусі называецца Сувораўскім.

Учора, калі шклоўскі самазванец падпісаў дэкрэты аб здачы краіны Расеі, уразіла адсутнасць жорсткай рэакцыі з боку беларускага грамадства і людзей, якія называюць сябе лідэрамі. Падпісанне найнебяспечных для незалежнасці краіны дакументаў шмат хто назваў нічога не значнымі паперамі. Пільна і жорстка адрэагавалі дзве арганізацыі - Беларускае аб'яднанне рабочых і грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь». Нельга супакойваць сябе тым, што Лукашэнка нелегітымны, бо ўжо заўтра на падставе гэтых папер Расея можа пачаць увод сваіх войскаў, размяшчэнне вайсковых баз і захоп уласнасці.

У 2020 годзе ўвесь свет убачыў, што мы - нацыя, і ахвочыя змагацца за свабоду. Так, тысячы чалавек патрапілі ў турмы, дзясяткі тысяч змушана выехалі з краіны. Але я не веру, што мільёны беларусаў, якія галасавалі супраць Лукашэнкі і выходзілі на пратэсты ва ўсіх гарадах Беларусі, згадзіліся і больш не жадаюць жыць у свабоднай і незалежнай дзяржаве.

Пасля фактычнай здачы Беларусі Расеі жыццё ў краіне лепшым не стане. Наадварот, следам за ўжо абвешчанай на прадпрыемствах "аптымізацыяй" можна чакаць банкруцтва заводаў, масавых звальненняў работнікаў ды іх продажу расейскім крымінальным алігархам.

Украіна ў падобнай сітуацыі змагла абараніць сябе, толькі калі дала сур'ёзны адказ нахабным «братам». Хто будзе бараніць Беларусь? Беларускія рабочыя для абароны незалежнасці заклікалі ўсіх грамадзян далучыцца да Усеагульнага страйку. Лагічна: навошта расейцам краіна ў страйку?

Крок, вядома, неабходны, але ці дастатковы? Важнае згуртаванне ўсіх патрыятычных сіл для абароны суверэнітэту Беларусі ўсімі магчымымі спосабамі, як гэта прадугледжана Канстытуцыяй. І тут няма розніцы, хто ты з прафесіі – ІТ-спецыяліст, просты працоўны або жаўнер. Дастаткова быць мужчынам і любіць Беларусь.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках