24 красавiка 2024, Серада, 2:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі адбыўся масавы адток настаўнікаў і ўцёкі студэнтаў за мяжу

14
У Беларусі адбыўся масавы адток настаўнікаў і ўцёкі студэнтаў за мяжу

Як за год змянілася беларуская адукацыя.

Што сталася за год з эканомікай, адукацыяй, бізнэсам ды іншымі важнымі для жыцця беларусаў сфэрамі? «Радыё Свабода» падсумоўвае разам з экспертамі ў пяці выніковых інтэрвію. Гэтым разам пагаварылі аб адукацыі.

Што мяняецца ў беларускай адукацыі:

З першага верасня гэтага года ў школах увялі пасаду вайсковых кіраўнікоў. Гэта настаўнікі, якія займаюцца патрыятычным выхаваннем вучняў.

У школах увялі факультатыў духоўнай культуры і патрыятызму, а таксама факультатыў аб правах чалавека.

Аплата навучання ў беларускіх ВНУ сёлета вырасла на 10 %.

Сёлета пасля набору ў ВНУ засталіся вакантнымі амаль паўтысячы месцаў.

Больш за 8% сталічных выпускнікоў з'ехалі вучыцца за мяжу.

З 2023 года ў Беларусі спалучаць цэнтралізаванае тэставанне і выпускныя іспыты. Гэта будзе адзіны дзяржаўны экзамен у матэматыцы і адной з дзяржаўных моў у фармаце цэнтралізаванага тэставання.

Колькі настаўнікаў пайшло са школы і колькі студэнтаў паехалі за мяжу, як апошнім часам змянілася сістэма адукацыі Беларусі, расказаў эксперт у адукацыі, навуцы і інавацыях Андрэй Лаўрухін.

- Што за год змянілася ў сістэме адукацыі?

- За год сістэма стала больш рэпрэсіўнай. У ВНУ увялі новых прарэктараў для ідэалагічнага кантролю. Мы бачылі, як адміністрацыя спрыяе карнікам, якія могуць хапаць студэнтаў проста ў будынку ВНУ. Гэта і звальненні выкладчыкаў, і масавыя адлічэнні студэнтаў. Мы ўбачылі ўцёкі студэнтаў, якія асцерагаюцца пераследу. Вышэйшая школа стала месцам, дзе небяспечна атрымліваць адукацыю. Гэта месца, дзе трэба кантраляваць нават сваё адзенне. Мы ведаем выпадкі, калі студэнтаў хапалі за чырвона-белыя шкарпэткі. Гэта новы ўзровень рэпрэсій у ВНУ.

Найперш вышэйшая школа ў Беларусі цяпер небяспечная для грамадзян Беларусі.

"Школы пацярпяць ад санкцый"

- А што з сярэдняй школай?

- Аналагічныя тэндэнцыі і ў сярэдняй школе. Гэта і ўвядзенне турнікетаў, увядзенне вайсковых кіраўнікоў, увядзенне факультатываў патрыятычнага выхавання. Гэта канфліктнае сацыяльнае асяроддзе, дзе ўлада працуе на павышэнне градусу канфлікту ў грамадстве. Школа была месцам, дзе праводзіліся выбары, больш за 50% настаўнікаў працавалі ў камісіях. Палітызацыя сярэдняй школы дасягнула больш высокага ўзроўню, чым раней.

Установы адукацыі ператварыліся ў паноптыкумы, дзе ўсе за ўсімі ўважліва сочаць. Усе разумеюць рызыкі, калі нехта на кагосьці дасць нейкую інфармацыю. У такім асяроддзі гэта можа быць фактычна даносам.

Таксама для сістэмы адукацыі будуць эканамічныя наступствы ад санкцый. Сістэма адукацыі фінансавалася заўсёды рэшткавым прынцыпам, а цяпер мы будзем назіраць, як недастатковае фінансаванне сістэмы адукацыі стане відавочным. Мы ўжо бачым адток настаўнікаў са школ - такой колькасці вакансій, як цяпер, не было ніколі.

Настаўнікі не вытрымліваюць ціск і сыходзяць. Шмат вакансій для настаўнікаў фізікі, хіміі, матэматыкі. Гэта ўжо набывае эпідэмічны характар.

«2,5 тысячы студэнтаў з'ехалі з прычыны палітыкі»

- Наколькі вялікі адток кадраў з універсітэтаў?

- Мяркую, што калі казаць пра выкладчыкаў, то лік ідзе на дзясяткі. Што да студэнтаў, то дакладных звестак няма, але, паводле маіх падлікаў, блізу 5 тысяч студэнтаў з'ехалі сёлета. З іх не менш за палову - канкрэтна з палітычных матываў.

З'ехала і багата абітурыентаў, пра гэта сведчыць колькасць бюджэтных месцаў, якія засталіся пасля набору. Там ёсць шэраг спецыяльнасцяў, на якя заўсёды быў недабор, але ўсё ж такой колькасці незанятых бюджэтных месцаў не было ніколі.

- Пры гэтым Беларусь усё яшчэ застаецца ў Балонскім працэсе?

- Балонскі працэс не прадугледжвае працэдуры выключэння. 19 лістапада мінулага года прайшла канферэнцыя міністраў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, на ёй мелі рахавацца вынікі "дарожнай карты" для Беларусі. Падзеі 2020 года ўсё памянялі. На канферэнцыі не быў прысутны міністр адукацыі Беларусі, была намесніца. Галоўнай тэмай былі рэпрэсіі. Было прапанавана трыма краінамі зрабіць рэзалюцыю аб Беларусі, у якой асуджалася б парушэнне вартасцяў еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Але гэтую рэзалюцыю заблакавалі Расея і Францыя.

Ніякіх санкцый для Беларусі не прапанавалі, Беларусь застаецца ў Балонскім працэсе.

- У Беларусі ўсё яшчэ працуюць прыватныя школы. Ці варта баяцца, што іх пачнуць правяраць або ліквідоўваць?

- Пагроза была абвешчаная, але не была рэалізаваная. Аднак ніхто не можа гарантаваць, што гэтая тэндэнцыя не адновіцца. Ясна, што ўлады ў кожны момант могуць зліквідаваць такія школы. У варунках места школы перапоўненыя. Калі зліквідуюць прыватныя школы, будуць праблемы. Магчыма, самі чыноўнікі вучаць сваіх дзяцей у прыватных школах.

"Нягледзячы на ўсе праблемы, сярэдняя школа застаецца добрай"

- Як на сёння можна ацаніць сярэднюю і вышэйшую школу ў Беларусі паводле 10-балавай шкале?

- У 2018 годзе Беларусь упершыню ўзяла ўдзел у даследаванні PISA - міжнароднай праграме ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў. Даследаванне ацаніла сярэднюю школу на "добра". Але было адзначана некалькі момантаў, звязаных з сацыяльнай няроўнасцю. Так, вучні з больш заможных сем'яў маюць доступ да рэпетытараў. Другі негатыўны момант звязаны з дэфіцытам крэатыўных уменняў. Гэта ясна, бо ў школе важная перш за ўсё дысцыпліна, а крэатыўныя рэчы не ўхваляюцца.

Сярэдняя школа, нягледзячы на ўсе праблемы, застаецца добрай. Яе можна ацаніць на 6-7 балаў.

Наконт вышэйшай школы даследаванняў не было. Мая асабовая ацэнка - з ВНУ справа горшая, чым з сярэдняй школай. Відавочнае падзенне якасці адукацыі і выкладчыцкага складу. Я б ацаніў на 5 паводле 10-балавай шкалы. У міжнародныя рэйтынгі ВНУ трапляюць БДУ, БДУІР і БНТУ. І ў гэтых рэйтынгах яны далёка ад вядучых універсітэтаў нашых суседзяў, яны канкуруюць хіба што з рэгіянальнымі расейскімі ВНУ.

За час, пакуль Беларусь імітавала рэформы, у суседніх краінах гэтыя рэформы ўсё ж такі правялі. У выніку цяпер відавочныя сімптомы дэградацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках