29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі: Дыктатар стаў не проста нерукапаціскальным, ён стаў экстрэмальна таксічным

15
Супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі: Дыктатар стаў не проста нерукапаціскальным, ён стаў экстрэмальна таксічным
Анатоль Котаў

Супраць рэжыму склаўся кансэнсус вядучых сусветных гульцоў.

Анатоль Котаў, былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі і НАК, які звольніўся ў разгар леташніх пратэстаў, пракаментаваў для сайта Charter97.org апошнія заявы звар'яцелага дыктатара і расказаў пра галоўныя замежнапалітычныя няўдачы рэжыму ў Беларусі.

- На саміце ЕАЭС Лукашэнка заявіў аб тым, што ў МЗС краін мытнага саюза пайшлі «візіцёры з заходніх краін, якія ўгаворваюць ціснуць на Беларусь». Як бы Вы пракаментавалі гэтую заяву?

- Па-першае, дзіўна, што Беларусь ведае больш, чым ведаюць гэтыя краіны, пра тое, што да іх нехта прыходзіць з візітамі. Хутчэй за ўсё, гэта больш пра фантазію беларускай стараны. А па-другое, калі гэта сапраўды мае месца, гэта азначае, што ў ЕАЭС няма падтрымкі Беларусі. Кожная з краін мае свае ўласныя інтарэсы і праз санкцыйны ціск ім хочацца ад гэтага ўсяго дыстанцыявацца.

- Якія краіны ў ЕАЭС маглі б далучыцца да гэтага ціску, і што гэта кажа аб пазіцыі Захаду.

- Афіцыйна да гэтага ціску не далучыцца ніхто. Але будзе мець месца тая самая пазіцыя, якую Беларусь займала, калі супраць Расеі ўвялі санкцыі. Гэта значыць яны быццам бы супраць, але да антысанкцыяў не далучацца, хутчэй наадварот. Бо на гэтым можна будзе зарабіць. Кожная з краін ЕАЭС мае свае стасункі з Еўразвязам і ЗША, якімі яны не захочуць ахвяраваць на карысць Беларусі. З той простай прычыны, што нашая краіна ніколі не дапамагала ім у цяжкай сітуацыі.

- Ці з'яўляецца паказальным факт таго, што нават лідары краіны ЕАЭС не хочуць сустракацца з Лукашэнкам асабіста?

- Гэта з'яўляецца вынікам той гісторыі, у якую Лукашэнка загнаў сам сябе. Ён стаў не проста нерукапаціскальным, ён стаў надзвычай таксічным. І тыя, хто хоча працягваць палітыку балансавання паміж Расеяй і супрацоўніцтвам з Захадам, вымушаныя проста адварочвацца ад “беларускага Аліева”.

- На мяжы Беларусі і ЕЗ ужо працяглы час назіраюцца вялізныя чэргі з грузавікоў. Агенцтва Reuters паведаміла аб тым, што ўзніклі перабоі з пастаўкамі сыравіны. Імпарцёры нясуць страты і могуць прыпыніць працу заводаў. Ці будзе Расея рэагаваць на гэтую сітуацыю на мяжы?

- На грузавікі, вядома, не, бо зараз ёсць магчымасць аб'ехаць Беларусь. Можна гэта зрабіць праз Прыбалтыку, напрыклад. Гэта зойме больш часу, але гэта будзе ўжо пытанне прадказальнасці маршруту. Але калі зазнае чыгуначны транзіт ці транзіт праз трубаправод, то Расея будзе вымушаная адрэагаваць. Бо менавіта тут ляжаць істотныя інтарэсы Расеі і не толькі. Гэта можа прывесці да рэзкай страты сотняў мільёнаў даляраў.

- Дыктатар чарговым разам заявіў аб тым, што «перакрые транзіт газу праз Беларусь». Як у Крамлі рэагуюць на такія заявы?

- Ёсць дзве тэорыі на гэты конт. Першая - Лукашэнка дзейнічае самастойна, другая - ён дзейнічае па ўзгадненні з Крамлём у ролі злога, дакладней неадэкватнага паліцыянта. Гэта значыць Масква нібыта зацікаўлена ў транзіце, але вось ёсць нехта пасярэдзіне, які можа паступіць вельмі неадэкватна, таму трэба мець альтэрнатыўныя маршруты, перш за ўсё «Паўночны струмень -2», які не залежыць ад краін транзіцёраў. Але ў кожным выпадку гісторыя, што Беларусь можа перакрыць вентыль, бліжэйшая да блефу, чым да праўды. Гэта будзе не стрэл у нагу - гэта стрэл сабе ў галаву.

- Наколькі дзеянні Лукашэнкі ў стварэнні праблем на мяжы з ЕЗ становяцца крытычнымі для Кітая?

- Яны крытычныя напраўду вельмі даўно, бо Кітай не цікавіць фактычна нічога, акрамя стабільнасці транзіту, найперш чыгуначнага. У Беларусі ў выніку вельмі неадэкватных дзеянняў расце колькасць цягнікоў, якія называюць кінутымі. Гэта значыць, яны проста стаяць і чакаюць сваёй чаргі прайсці праз мяжу. Для Кітая гэта вельмі вялікая праблема. Яе можна развязаць пераарыентаваннем транзіту на мора, але гэта павялічыць тэрмін дастаўкі і будзе даражэйшым варыянтам для Кітая і Еўропы.

На еўрапейскіх фабрыках, якія выкарыстоўваюць кітайскія дэталі, альбо належаць Кітаю, няма такіх вялікіх складоў, як былі раней, дзе можна было захоўваць дэталі на паўгода наперад. Размова ідзе аб нармальнай лагістыцы, у нармальнай сітуацыі ўсё было б разлічана па хвілінах. Зараз хутчэй за ўсё давядзецца перабудоўвацца, а гэта сотні мільёнаў даляраў страт на лагістыцы праз неадэкватнасць беларускага рэжыму. Гэта становіцца вельмі вялікай праблемай для Еўропы і Кітая.

- Ці магчымы кансэнсус паміж найбуйнейшымі сусветнымі гульцамі ў развязанні праблемы рэжыму Лукашэнкі?

- Кансэнсус ужо фактычна склаўся. Іншая рэч — улік інтарэсаў беларусаў у гэтым кансэнсусе можа быць розным, і ён будзе найперш залежаць ад актыўнасці ўнутры краіны. Праблема ў тым, што для сваіх суседзяў і не толькі для іх беларускі рэжым загуляўся. Лукашэнка перайшоў усе чырвоныя лініі і ператварыўся з нейкага гаранта інтарэсаў у чыннік, які дзейнічае хутчэй як Салавей-разбойнік. Ён дзейнічае зусім непрадказальна, яго не цікавяць доўгатэрміновыя гісторыі, а важна ноч пратрымацца і дзень прастаяць. Таму ён стаў стрэмкай для ўсіх і кансэнсус склаўся. Іншая рэч - як развяжуць праблему Беларусі, на гэта ёсць розныя погляды. Напрыклад, Кітаю ўсё роўна, а вось Расея баіцца, што Беларусь пойдзе на захад.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках