21 студзеня 2022, Пятніца, 5:50
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Кожны трэці - лішні: Беларусь накрыла хваля масавых звальненняў

12
Кожны трэці - лішні: Беларусь накрыла хваля масавых звальненняў
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Экспэрты расказалі пра сітуацыю на рынку працы ў краіне.

За 10 месяцаў на чыстай аснове кадравы адток са флагманскіх прадпрыемстваў Беларусі дасягнуў 58 тысяч чалавек. У студзені-кастрычніку 2021 года наймальнікі ў буйных і сярэдніх арганізацыях звольнілі 633,9 тысяч чалавек, а прынялі на працу толькі 575,9 тысяч. Для параўнання: за 10 месяцаў 2020 года адток кадраў склаў 31, 4 тысячы чалавек. Каэфіцыент замяшчэння, які паказвае, колькі работнікаў у сярэднім было прынята на працу замест кожных 100 звольненых, упаў з 94,9 адсотка (у 2020 годзе) да 90,9 адсотка (у 2021 годзе).

Газета "Белорусы и рынок" пацікавілася ў экспэртаў сітуацыяй на рынку працы.

Колькі "лішніх людзей" у эканоміцы?

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба дапускае, што эканамічная сітуацыя прымушае прадпрыемствы пазбаўляцца ад "лішніх людзей". Паводле ягоных слоў, у Беларусі каэфіцыент замяшчэння стабільна адмоўны: агулам у эканоміцы звальняюць больш людзей, чым прымаюць новых. Ёсць натуральнае змяншэнне, звязанае з выхадам на пенсію, з наборам у войска. Але ні для каго не сакрэт, што дзяржаўныя прадпрыемствы ўтрымліваюць лішніх людзей, лішнюю працоўную сілу.

“Магчыма, эканамічная сітуацыя прымушае пазбаўляцца ад лішніх людзей, бо праз надмернасць працоўнай сілы нашыя прадпрыемствы выконваюць не столькі эканамічную, колькі сацыяльную функцыю. Удумайцеся: афіцыйнае беспрацоўе ўвогуле складае толькі 0,2%. Агульная тэндэнцыя, вядома, трывожная: колькасць занятых у матэрыяльнай вытворчасці ў нас скарачаецца з году ў год, праблему таксама трэба развязваць. Шмат людзей як з'язджала на пошукі працы, так і з'язджае”, - адзначае Барыс Жаліба.

Нягледзячы на скарачэнне занятых у матэрыяльнай вытворчасці, праблема "лішніх людзей" застаецца актуальнай:

- У памяці ўсплывае гісторыя, як кітайская фірма дамовілася купіць кантрольны пакет акцый “Гомсельмаша” за 500 мільёнаў даляраў. Але калі беларускі бок выставіў умову: не скарачаць персанал, аддаць пазыкі прадпрыемства - кітайцы адразу адмовіліся ад угоды. Яны выставілі сваю ўмову: персанал скараціць на траціну. Вось і лічыце, колькі лішніх людзей можа быць у эканоміцы, - адзначыў ён.

Былы міністр працы Аляксандр Сасноў гатовы пагадзіцца, што ў матэрыяльнай вытворчасці кожны трэці заняты - лішні.

- У свой час такія даследаванні праводзіліся, але вельмі даўно: калі яшчэ існавала такое запатрабаванне ў гэтым. Такімі даследаваннямі займаўся я сам як міністр працы. Стоенае беспрацоўе, няпоўная занятасць існавалі заўсёды. Улада тлумачыла гэта імкненнем не дапусціць сацыяльнага выбуху. Але рана ці позна такая палітыка прыводзіла да таго, што вытворчасці, якія трымалі лішніх людзей, станавіліся неканкурэнтаздольнымі. Можа быць, каб хоць неяк выжыць, цяпер прадпрыемствы і пачынаюць скарачаць лішніх людзей: там, дзе працуюць трое, павінны працаваць двое. Гэта скрытае беспрацоўе, - сказаў Аляксандр Сасноў.

Пры гэтым экс-міністр не ўпэўнены, што “звальненні паскоранымі тэмпамі звязаныя з ростам прадукцыйнасці працы, як гэта павінна было б быць.

Куды знікаюць лішнія людзі?

Афіцыйнае беспрацоўе ў краіне, паводле звестак Мінпрацы, на 1 ліпеня 2021 года склала 0,2%. Узнікае пытанне: куды знікае працоўная сіла, якая вызваляецца?

- Частка людзей сыходзіць у прыватны сектар, які яшчэ працуе, частка спецыялістаў ствараюць брыгады і працуюць на сябе. А многія проста з'язджаюць за мяжу: тут занадта малы заробак. Колькасць тых, хто з'ехаў з краіны, вельмі складана падлічыць. Больш за тое, большасць нашых актывістаў, якія ўдзельнічалі ў грамадзянскіх пратэстах, з'ехалі з краіны, - адзначае старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Бухвостаў. - А беспрацоўе адлюстроўвае толькі тых, хто стаў на ўлік у цэнтрах занятасці. Астатняя маса беспрацоўных выжывае на свой страх і рызыку, без уліку ў цэнтрах занятасці.

Старшыня прафзвязу мяркуе, што эканамічная сітуацыя цяпер прымушае многія прадпрыемствы пазбаўляцца баласту. Але робіцца гэта дастаткова па-дурному. Прадпрыемствы пазбаўляюцца спецыялістаў, але не тых, ад якіх трэба. У тэхналагічным, канструктарскім сектары ўжо не стае кваліфікаваных кадраў. “Неўзабаве прамысловасць яшчэ больш адчуе нястачу спецыялістаў: на шматлікіх прадпрыемствах канструктарскія аддзелы засталіся без кадраў, на змену звольненым прыходзіць зялёная моладзь. Кіраўнікі прадпрыемстваў разумеюць сітуацыю, але не яны кіруюць працэсамі, якія адбываюцца, - канстатаваў А.Бухвостаў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».