29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпартацыя Базанава як новыя рэаліі беларускага спорту

6
Дэпартацыя Базанава як новыя рэаліі беларускага спорту
УЛАДЗІМІР БАЗАНАЎ

Увесь свет ведае, што Лукашэнка выкарыстоўвае спартыўныя арганізацыі з мэтай уласнай легітымізацыі.

На гэтым тыдні прадстаўнікі беларускага спорту і ўладаў нечакана для сябе сутыкнуліся з уплывам санкцый на сваю дзейнасць. «Белсат» разабраўся, як жыць цяпер спартоўцам і чыноўнікам ад спорту, і не толькі.

Перанос спартыўных спаборніцтваў ужо даўно стаў штодзённасцю для айчыннага спорту. Але, як выявілася, гэта далёка не адзіныя наступствы незаконнага ўтрымання ўлады дзейным рэжымам.

МАЗы не пусцілі на «Дакар»

Так, арганізатары ралі-марафона «Дакар» з кампаніі A.S.O. не дапусцілі беларускую каманду «МАЗ-СПОРТаўта» да гонкі 2022 года праз санкцыі ў дачыненні да Менскага аўтамабільнага завода.

Арганізатары падкрэслілі, што былі вымушаныя прыбраць экіпажы прадстаўнікоў МАЗ са стартавага ліста на пастанову французскіх уладаў: тры экіпажы «МАЗ-СПОРТаўта» знаходзіліся ў папярэднім спісе ўдзельнікаў грузавога заліку, аднак затым зніклі з яго, што стала нечаканасцю для самой беларускай каманды, паведамляе «Чэмпіянат».

У адміністрацыі Лукашэнкі ўжо думаюць, як выправіць сітуацыю, але не гатовыя «адразу паабяцаць, што гэтае пытанне будзе развязанае».

«Пакуль мы разбіраемся з сітуацыяй і не можам нічога пракаментаваць, бо да канца не ведаем, што адбываецца», – паведаміў лідар каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч.

Высылка з Чэхіі

Куды больш гучным стала тое, што 1 снежня з Чэхіі быў высланы кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола (АБФФ), былы дэпутат Уладзімір Базанаў, які з 20 лістапада 2020 года ўнесены ў санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі і Эстоніі.

24 лістапада Базанаў разам з жонкай прыляцеў на Кіпр, дзе Беларуская жаночая нацыянальная каманда гуляла матч супраць мясцовай каманды, паведамляе Tribuna. З выспы функцыянер перабраўся ў Чэхію, дзе яго і жонку затрымала паліцыя 30 лістапада. Паводле інфармацыі МЗС Чэхіі, у яго не было ўязной візы, у паліцыі ж казалі аб парушэнні супрацьэпідэміялагічных захадаў.

Карэспандэнты «Белсату» датэлефанаваліся да Уладзіміра Базанава, калі ён быў ужо ў аэрапорце.

«Я не магу цяпер размаўляць, я заняты, я ў аэрапорце. Прабачце, калі ласка», - паведаміў кіраўнік АБФФ.

Чэшскае выданне Deník N, паведамляе, што візы Базанава і ягонай жонкі, выдадзеныя іншай дзяржаве Шэнгенскага пагаднення, былі афіцыйна ануляваныя.

УЕФА не да таго

Што цікава, у гэты ж час стала вядома, што УЕФА адмовілася расследаваць парушэнні ў беларускім футболе, якія асацыяцыі перадаў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС). У расследаванні БФСС сярод абвінавачаных ёсць і прозвішча Базанава.

«Цяпер прадстаўнікі Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) робяць усё, каб дапамагчы Базанаву. Яны ўжо звярнуліся ў Футбольную асацыяцыю Чэхіі па дапамогу ў гэтай сітуацыі. Ва УЕФА за лічаныя гадзіны прыняліся дапамагаць вінаватаму ў рэпрэсіях чалавеку, але тыднямі ігнаруюць справаздачу, якая даводзіць ягоныя парушэнні», - адзначыла Святлана Ціханоўская.

«Гэта карупцыйная пастанова»

БФСС ужо падаў апеляцыю ў Спартовы арбітражны суд у Лазане на пастанову УЕФА не пачынаць расследаванне супраць Беларускай федэрацыі футбола і накіраваў адпаведныя дакументы ў ФІФА з прычыны бяздзейнасці УЕФА ў абароне правоў футбалістаў і трэнераў.

«УЕФА - гэта вядомая карупцыйная структура, відавочна, з нейкімі карпаратыўнымі паняццямі, накшталт «сваіх не выдаём». Зразумела, што Базанаў мае там нейкую падтрымку. Усе факты, прадстаўленыя ў дакладзе Фонду, - вельмі сур'ёзныя і, па ідэі, павінны былі прымусіць УЕФА пачаць сур'ёзнае расследаванне супраць Базанава і федэрацыі футбола», - адзначыў у каментары «Белсату» кіраўнік БФСС Аляксандр Апейкін.

Ён падкрэсліў, што аналагічныя дзеянні рабіліся ў дачыненні да Сусветнай федэрацыі хакея, Міжнароднага алімпійскага камітэта і ўсё гэта спрыяла пачатку дысцыплінарных працэсаў. Але УЕФА такой працэдуры не пачала і двойчы адмовіла фонду пачынаць расследаванне.

«Для нас відавочна, што гэта карупцыйная пастанова», – заявіў Апейкін.

Пры гэтым ён выказаў надзею, што арбітражны суд можа ўсё ж прымусіць УЕФА пачаць дысцыплінарныя працэдуры ў дачыненні да АБФФ і Базанава.

«Не месца ў цывілізаваным свеце»

Аляксандр Апейкін падкрэсліў, што «ўжо ўся Еўропа і ўвесь свет ведаюць, што Лукашэнка выкарыстоўвае спорт і спартыўныя арганізацыі выключна з мэтай уласнай легітымізацыі».

«Таму фактычна Беларускія спартыўныя арганізацыі - гэта не незалежныя грамадскія структуры. Усе кіраўнікі ўсіх федэрацый прызначаюцца, што парушае алімпійскую Хартыю і ўсе нормы міжнародных спартыўных арганізацый. Але дзякуючы Фонду спартыўнай салідарнасці ўжо ўся Еўропа ведае, што беларускія спартыўныя чыноўнікі таксама маюць дачыненне да рэпрэсій, да падтрымкі злачыннага рэжыму і адпаведна ім не месца ў цывілізаваным свеце», - мяркуе кіраўнік БФСС.

На ягоную думку «з кожным месяцам, з кожным годам, пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе, гэта ўсё будзе мацнець і расшырацца, і прастора для беларускіх спартоўцаў, для беларускага спорту будзе ўвесь час звужацца».

«Публічная аплявуха»

У сваю чаргу гісторык Аляксандр Фрыдман мяркуе, што выпадак затрымання і высылкі Базанава можа стаць прыкладам для наступных дзеянняў краін Еўрапейскага Звязу ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў агулам, і не толькі ад спорту.

«Фігура ў прынцыпе сама па сабе малацікавая. Значна цікавейшы той факт, што чалавек, абсалютна звязаны і афіляваны з рэжымам, заязджае па шэнгенскай візе, гэта становіцца вядома і чэшская паліцыя рэагуе вельмі жорстка. Гэта такая публічная аплявуха», - сказаў гісторык у каментары «Белсату».

Аляксандр Фрыдман адзначыў таксама, што быў дэпартаваны не толькі сам функцыянер, але і ягоная жонка.

«Гэта сігнал, з майго пункту гледжання, вельмі адназначны, беларускай наменклатуры, звязанай з Лукашэнкам. І я думаю, што гэты сігнал да іх дойдзе. Што кожны чалавек, які ўваходзіць у беларускія органы ўлады, звязаны з дзеяннямі гэтага рэжыму, падтрымлівае іх, - з'яўляецца на тэрыторыі Еўразвяза непажаданай фігурай», - заявіў гісторык.

Улады разгубленыя

Гісторык не выключае паўтарэння такіх выпадкаў і ў будучыні.

«І фігуры такога маштабу, як Базанаў, задумаюцца, бо ўбачаць канкрэтныя санкцыі, якія ён атрымаў. Для яго вельмі непрыемныя. У яго была віза. Мабыць, ён і жонка любілі ездзіць. І калі гэта адбылося з Базанавым, то чаму не можа адбыцца з нейкімі клеркамі з беларускіх міністэрстваў і іншых органаў улады? Ім давядзецца пра гэта задумацца», – мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Пакуль жа, на ягоную думку, беларускія ўлады разгубленыя, а таму і не каментуюць тое, што адбылося:

«Не было ніякіх афіцыйных пратэстаў. Яны гэта праглынулі».

Са слоў Аляксандра Фрыдмана, калі ўлады пачнуць «раздзімаць» пытанне гэтай дэпартацыі, то да функцыянераў, чые інтэлектуальныя здольнасці «мы часам пераацэньваем», пачне даходзіць, што «Базанаў трапіў, а ў наступны раз траплю і я».

«Гэта вельмі непрыемна для наменклатуры. Хоць ён жа не на Акрэсціна сядзеў і прызнальныя паказанні перад камерамі не даваў. Але гэта паказвае іх уразлівасць. Іх пачынаюць чагосьці пазбаўляць», - заявіў гісторык.

Таму, мяркуе Аляксандр Фрыдман, затрыманне і дэпартацыя Базанава – «гэта вельмі важны і сімвалічны крок».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках