23 красавiка 2024, aўторак, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандыдатка навук: Рэжым Лукашэнкі будзе з’ядаць сам сябе

8
Кандыдатка навук: Рэжым Лукашэнкі будзе з’ядаць сам сябе

Гісторыі ўласціва паўтарацца.

У Беларусі ідуць масавыя звальненні непажаданых да ўлады работнікаў заводаў, фабрык, лякарняў і паліклінік. Раней мы паведамлялі, што лукашэнкаўская “аптымізацыя” дайшла і да сферы адукацыі. Пачаліся звальненні выкладчыкаў і іншых працаўнікоў навучальных устаноў.

Дацэнтка кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдатка педагагічных навук Марына Салтыкова-Валковіч таксама патрапіла пад масавыя скарачэнні. У інтэрв'ю сайту Charter97.org яна расказала сваю гісторыю.

- Спачатку мяне выклікалі ў адміністрацыю і сказалі, што кіраўніцтва ўніверсітэта павінна правесці са мной гутарку. Гэта адбылося за два тыдні да звальнення. У нас ва ўніверсітэце нікога не выклікаў да сябе асабіста рэктар, усіх звальнялі рукамі іншых людзей, якія выконвалі загады ад кіраўніцтва звыш. Цяпер рэктарам ГрДУ з'яўляецца Кітурка Ірына Фёдараўна, прарэктарам у бяспецы - Бяззубік Аляксей Валянцінавіч. Гэтыя людзі пакуль што застаюцца ў цені. Не хацелася б, каб гэтак і заставалася, гэта вельмі важна.

Фармальнай нагодай для майго звальнення паслужыла тое, што я была ў чаце «ГрДУ-Перамен», які быў заснаваны пасля жнівеньскіх падзей 2020 года. Там сабраліся і студэнты, і выкладчыкі. У гэтым чаце я неяк пакінула каментар пра дзеянні прарэктара ў выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце, Сінько Васіля Васільевіча. Ён выклікаў на студэнтаў міліцыю, калі яны зладзілі невялікі пікет каля галоўнага корпуса ўніверсітэта. Некаторых навучэнцаў тады арыштавалі, шмат каго адлічылі. Гэта быў вельмі непрыгожы момант, мякка кажучы, і я напісала каментар у падтрымку нашых студэнтаў – “Ганьба Сянько за тое, што ён выклікаў міліцыю на дзяцей”. Усё, што я казала ці пісала ў чаце, я казала і ва ўніверсітэце. Увесь факультэт ведаў маю пазіцыю.

Падчас першай размовы мне прыгадалі ўсе каментары і паведамленні, якія я пакідала ў гэтым чаце. Таксама мне пачалі задаваць пытанні, ці збіраюся я зараз выводзіць студэнтаў на акцыі пратэсту ці ўдзельнічаць у абвешчаным Сяргеем Дылеўскім страйку. Я тады адказала, што гэта дзеці, што я нясу адказнасць за іх і не збіраюся клікаць іх на дэманстрацыі. Таксама паведаміла, што не збіраюся ўдзельнічаць у страйку. Чалавек, з якім я размаўляла, адказаў: “Я вас зразумеў, дзякуй, прабачце, што патурбаваў. Мне сказалі, я павінен быў з вамі пагаварыць”. Усё было вельмі ветліва. Я ўсміхнулася і адказала, што разумею, што гэта ягоная праца.

Праз два тыдні раздаўся чарговы званок. Зноў выклікалі на размову. За гэты час наш чат быў прызнаны "экстрэмісцкім". Чалавек, з якім я размаўляла, казаў вельмі блытана. Нават не магу прывесці дакладныя ягоныя словы. Але сэнс быў у тым, што за мной назіралі, была сабраная нейкая інфармацыя. Потым ён паведаміў, што яму даручаная місія, ён павінен быў паведаміць аб тым, што кіраўніцтва ўніверсітэта больш не мае патрэбы ў маіх паслугах. Таксама ён папярэдзіў, што на мяне будзе складзеная характарыстыка, з якой я не магу нікуды ўладкавацца на працу.

- Ці закранулі звальненні іншых выкладчыкаў вашага універсітэта?

— Я два тыдні таму пераехала ў Польшчу, таму не ведаю, як цяпер ідуць справы ва ўніверсітэце. Але ў той час ішла вялікая зачыстка, мой выпадак не адзіны. На некаторых факультэтах звальнялі не толькі выкладчыкаў, але і проста супрацоўнікаў, якія не мелі спраў са студэнтамі. Я сваім студэнтам патлумачыла, што не сама сыходжу, а мяне звольнілі. Многія супрацоўнікі проста забіралі працоўныя кніжкі і моўчкі сыходзілі, але пра гэта трэба казаць, гэта зламаныя жыцці. Усім супрацоўнікам выдаваліся так званыя "ваўчыныя білеты". Гэта азначае, што ні на якую звычайную працу гэтыя людзі ўладкавацца не змогуць.

-Як вы думаеце, з якой мэтай дыктатар задумаў “чыстку” ў сферы адукацыі?

- З майго пункту гледжання, ён - бандыт, якога калі не спыніць, то ён будзе біць далей і далей. Лукашэнка закручвае гайкі, каб людзі былі ў страху, каб ніхто і пікнуць не адважыўся. Адукацыя - гэта тая сфера, якая блізкая да народа, блізкая да дзяцей, студэнтаў. Рэжым у прынцыпе ўсіх баіцца, не толькі выкладчыкаў. Я, напрыклад, не крычала лозунгі “прэч Лукашэнку” і гэтак далей, не ўдзельнічала ў страйку, але сутыкнулася з рэпрэсіямі. Таксама гэтая “чыстка” можа быць падрыхтоўкай да рэферэндуму, каб усё трымаць пад кантролем. Хаця думаю, што тут больш дзейнічае ягоны банальны страх, які выліваецца ў запалохванне іншых.

- Вядомыя таксама выпадкі іншых, абсалютна абсурдных мераў з боку рэжыму: пасля так званых выбараў у ВНУ сталі затрымліваць студэнтаў нават за бел-чырвона-белыя шкарпэткі, беларускую мову ці песні. Як на гэта рэагаваў выкладчыцкі склад, адміністрацыі навучальных устаноў?

- Што да нашай адміністрацыі, то нашая рэктарка выдатна ўпісалася ў дзяржаўную палітыку. Што ёй кіруе? Мусіць, страх страціць сваю пасаду, сваё жыццё, можа.

Адміністрацыя ўніверсітэта адразу сябе паказала. Хоць увосень, прыкладна год таму, ужо пасля таго, як я ўступіла ў наш чат "ГрДУ перамен", рэктарка арганізавала агульны сход. На ім яна заяўляла, што не будзе нікога з нас звальняць за нашую пазіцыю, калі толькі мы не будзем ладзіць мітынгі і заклікаць да чагосьці людзей. Але пазней пачаліся звальненні. Сярод іншых быў звольнены і Валянцін Аскірка, які да таго ж яшчэ адсядзеў 10 дзён арышту.

Звальненні былі яшчэ раней, да масавай хвалі, якая пачалася нядаўна. Яны праходзілі па-рознаму: кагосьці не абіралі праз конкурс, камусьці не падаўжалі кантракты. Мой кантракт заканчваўся толькі праз пару гадоў, але са мной вось так зрабілі.

- У якім стане сёння знаходзіцца беларуская адукацыя?

- Мне здаецца, што тым людзям, якія кіруюць звальненнямі, абыякава, хто будзе вучыць іх дзяцей. Ім галоўнае застацца на сваіх месцах. Але ў нас ёсць вельмі шмат добрых людзей. Шмат хто да мяне падыходзіў і надаваў маральную падтрымку пасля майго звальнення. Ад гэтай сітуацыі ў шоку ўсё, і выкладчыкі, і студэнты. Гэта няправільна, калі звальняюць прафесіяналаў, не гледзячы на ўсе іх дасягненні.

- Наколькі сёння выкладчыкі ВНУ - пратэстны электарат?

- Думаю, што першапачаткова яны не былі такім звяном, якое выходзіла на акцыі і прымала актыўны ўдзел у пратэстах. Але я, напрыклад, хадзіла на суды да палітвязняў у Гародні, пісала ім лісты ў розныя калоніі і гарады. Трымала сувязь з іхнімі сем'ямі і старалася хоць неяк іх падтрымаць. Упэўнена, што блізу 90 з гакам адсоткаў выкладчыкаў маюць адэкватную, добрую пазіцыю. Яны пакуль не праяўляюць сябе, не паказваюць нейкі моцны адпор. Але тое, што ў іх унутры, абавязкова яшчэ выявіцца ў патрэбны момант.

- У 2020 годзе Гародня стала горадам, дзе фактычна ўлады пайшлі на саступкі. У чым сакрэт і сіла таго, што здарылася ў вашым горадзе? Чаго тады не выстарчыла для канчатковай перамогі?

- Я думаю, што трэба было выходзіць не толькі на нейкі час, у пэўныя гадзіны, памітынгаваць і разыходзіцца. Трэба было ісці да канца, трэба было захопліваць будынкі, райвыканкамаў, выканкамаў і гэтак далей. У той момант спрацавала нешта наіўнае. Людзі думалі, што можна крыху пахадзіць і ўладу проста так аддадуць. У той час усё трымалася на нітачцы. Калі б Гарадзенская вобласць першай узяла ўладу ў свае рукі, то і астатнія рэгіёны сталі б падцягвацца. Калі б мы крыху даціснулі тады, за намі маглі б пайсці іншыя вобласці. Але не выстарчыла нейкага напору. Нельга было проста стаяць з кветачкамі, трэба было падключаць войска на свой бок, размаўляць з камандзірамі войскаў, салдатамі. Той факт, што гэтага не рабілася, на маю думку, моцна паўплываў на вынік супрацьстаяння.

- Вы паводле спецыяльнасці псіхолаг. Як бы вы ацанілі псіхалагічны стан улады і яе паводзіны? Гэта страх ці як гэта можна растлумачыць?

- Я цалкам згодна з тымі высновамі, якія даюць калегі медыцынскага профілю. Страх мае месца быць найперш, але не толькі ён. Беспакаранасць дазваляе бандыту чыніць злачынствы і думаць, што ўсё будзе сыходзіць яму з рук. Гісторыя мае ўласцівасць паўтарацца. Сённяшні час падобны на 30 гады мінулага стагоддзя, калі спачатку саджалі ў турмы і звальнялі найбольш актыўных грамадзян.

Потым браліся за тых, хто не праяўляў асаблівай актыўнасці, як я, напрыклад. Далей пойдзе чарга тых, хто думае адсядзецца, хто думае, што "іх хата з краю". Але нікому не ўдасца адсядзецца. Далей улада будзе звальняць, пераследаваць, саджаць у турмы, даваць штрафы нават тым людзям, якім здаецца, што іх гэта не закране, бо яны ўвогуле нічога не робяць. Далей спіраль рэпрэсій дойдзе і да тых, хто цяпер падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Хоць іх насамрэч вельмі мала, яны будуць з'ядаць самі сябе. У акопах нікому не ўдасца адсядзецца.

- Што б вы хацелі пажадаць студэнтам, выкладчыкам і іншым беларусам, якія працягваюць барацьбу за дэмакратычныя каштоўнасці?

- Цяжка сказаць. Напэўна, гэта тое, што я б пажадала сама сабе - верыць. Верыць у тое, што ўсё ў нашых руках. Хаця гэта здаецца часам вельмі далёкім, але трэба верыць дзеля тых людзей, якім значна горш, чым нам, дзеля тых, хто сядзіць у турме. Яны спадзяюцца толькі на нас, ім больш няма на што спадзявацца. Дзеля гэтых людзей мы мусім мець сілу, дзеля іх родных. Мець сілу і ў патрэбны момант стаяць да канца.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках