29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвід Крамер: Дні Лукашэнкі палічаныя

42
Дэвід Крамер: Дні Лукашэнкі палічаныя
ДЭВІД КРАМЕР
ФОТА: OPENUKRAINE.ORG

Экс-памочнік дзяржсакратара ЗША расказаў, як можна націснуць на беларускі рэжым.

Навуковы супрацоўнік Міжнароднага ўніверсітэта штата Флорыда, былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага, экс-дырэктар Freedom House Дэвід Крамер у інтэрв'ю сайту Charter97.org заявіў, што адзіны спосаб дамагчыся сыходу Лукашэнкі – узмацніць на яго ціск.

– ЗША, ЕЗ, Канада і Вялікая Брытанія нядаўна прынялі новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Таксама 8 снежня пачалі дзеянне сектаральныя санкцыі Мінфіна ЗША. Наколькі гэта моцны ўдар па рэжыме Лукашэнкі?

– Гэта моцны ўдар па рэжыме Лукашэнкі, але гэтага недастаткова. Калі мы сапраўды хочам паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, то мы мусім уздзейнічаць на падтрымку Лукашэнкі, якая зыходзіць з Расеі. Я сказаў бы, што без падтрымкі Пуціна і пэўнай падтрымкі алігархаў, расейскіх прадпрыемстваў, Лукашэнка б ужо сышоў. Калі хочам спыніць фінансавую падтрымку нелегітымнага рэжыму ў Беларусі, дык нам трэба накласці санкцыі на пэўных фізічных і юрыдычных асобаў. Напрыклад, на Міхаіла Гуцарыева, які трапіў пад санкцыі ЕЗ і Вялікай Брытаніі, але з нейкіх прычынаў не трапіў пад санкцыі ЗША.

Таксама існуе праблема падтрымкі з боку краінаў Персідскага заліва, напрыклад Арабскіх Эміратаў. ААЭ – хаўруснік Злучаных Штатаў, мы павінны даць ім зразумець, што ёсць выбар: альбо весці справы з Лукашэнкам, альбо заставацца ў добрых стасунках са Злучанымі Штатамі. Думаю, што прыняць гэтую пастанову будзе вельмі проста, калі мы будзем гаварыць менавіта так.

Мяркую правільнай пастановай ужыванне дадатковых санкцый супраць Беларусі, але іх павінна быць больш, калі мы хочам уплываць.

– Як вы ацэньваеце працу новай адміністрацыі Белага дому ў пытанні Беларусі за гэты час? Чаго атрымалася дамагчыся.

– Была відавочная спроба стварыць моцны ціск на Лукашэнку. Думаю, што супрацоўніцтва паміж Злучанымі Штатамі і нашымі еўрапейскімі хаўруснікамі значна палепшылася, калі справа даходзіць да палітычных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Калі гаварыць пра папярэднюю адміністрацыю Трампа, то тады тагачасны намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША Стывен Біган і намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ў справах Еўропы і Еўразіі Джордж П. Кент паехалі ў Вільню, каб сустрэцца са Святланай Ціханоўскай, а потым паехалі ў Маскву для абмеркавання сітуацыі з расейскімі афіцыйнымі асобамі.

У апошняй палове 2020 года паміж ЗША і ЕЗ не было асаблівай каардынацыі ў дачыненні да санкцый, але пры адміністрацыі Байдэна супрацоўніцтва стала нашмат лепшым. Аднак сама сітуацыя стала горшай. Жудасны жнівень і наступныя месяцы, калі Лукашэнка скраў выбары і пачаў жорсткія рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Гэта адбылося, калі Трамп быў ва ўладзе, але рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў прадаўжаюцца. Вядома, пратэсты не такія публічныя, як яны былі ў жніўні 2020 года.

Пазней мы сталі сведкамі згону рэйса Ryanair, які накіроўваўся з Афінаў у Вільню праз тэрыторыю Беларусі, і выкарыстання ў якасці зброі мігрантаў і бежанцаў з Блізкага Усходу. Гэта паслужыла стварэнню дадатковага крызісу ў Еўропе. Я не думаю, што за згонам самалёта стаяў Пуцін, але на ім ляжыць адказнасць за выкарыстанне нелегальных мігрантаў, якое мы ўбачылі пазней. Гэта толькі ўмацоўвае думку, якую я сказаў спачатку: калі мы хочам паўплываць на сітуацыю з Лукашэнкам, то мы павінны паўплываць на падтрымку, якая ідзе з Расеі. На маю думку, адміністрацыя Байдэна павінна прыйсці да такой высновы.

– Прэзідэнт ЗША і падчас асабістай сустрэчы з Пуціным у Швэйцарыі, а таксама ў нядаўняй размове праз відэасувязь, паднімаў тэму Беларусі. Якія сігналы ён можа пасылаць кіраўніку Крамля ў гэтых размовах?

– Я думаю, што падтрымка Лукашэнкі – гэта слабая пазіцыя Расеі. Да жнівеньскіх падзей Беларусь была або нейтральнай, або часам нават станоўча настроенай у дачыненні да Расеі. Не было рэальнага антаганізму ці непрыязнасці да Расеі і яе палітыкі. Аднак сітуацыя памянялася праз розныя сустрэчы, якія мы бачылі паміж Пуціным і Лукашэнкам, падтрымку Расеі, павелічэнне прысутнасці расейскіх сілаў на тэрыторыі Беларусі, узмацненне супрацоўніцтва ў сферы бяспекі, а таксама прысутнасць расейскіх тэлевядоўцаў (я не стаў бы называць іх журналістамі), якія замянілі беларускіх у жніўні і верасні летась. Думаю, што гэтая сталая падтрымка з боку Масквы можа настроіць народ Беларусі супраць Расеі. Пуцін мае жахлівае разуменне сваіх суседзяў.

Спадзяюся, што ЗША далі ясна зразумець – доўгая падтрымка беларускага рэжыму вынікуе рызыку таго, што іншая суседка Расеі звернецца супраць яе. У Беларусі няма заклікаў уступаць у NATO ці ЕЗ, але мы таксама не павінны зачыняць дзверы гэтых арганізацый, калі перамены ў краіне прывядуць да з'яўлення масавага імкнення далучыцца. Мы бачылі, як ва Украіне пасля расейскага ўварвання ў 2014 годзе, вырасла падтрымка ідэі ўступлення ў NATO з 12–13 адсоткаў да падтрымкі большасці. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, што Пуцін не разумее сваіх суседзяў. Ягоны падыход і тактыка настройваюць краіны супраць Расеі і прымушаюць людзей хацець мець абарону з боку Паўночнаатлантычнага інстытута.

– Ці бачыце вы магчымасць нейкага кансэнсусу паміж Захадам і Расеяй у пытанні Беларусі, ці вы мяркуеце, што Пуцін будзе падтрымліваць рэжым Лукашэнкі да канца?

– Я не бачу ніякага разумення або кансэнсусу паміж Захадам і Расеяй. Здаецца, мы на зусім розных старонках. Кажучы пра другую частку вашага пытання, ці падтрымае Пуцін Лукашэнка да канца, то я схільны сказаць "так". Пуцін не хоча, каб Лукашэнка быў адхілены ад улады ў выніку пратэстаў. Гэта дрэнны прыклад для Расеі.

Пуцін і Лукашэнка не ладзяць, я думаю, што гэта агульнапрынятая думка. Так, яны сустракаюцца даволі часта, блізу 10 разоў сёлета, калі я не памыляюся, а падтрымка Расеі застаецца даволі стабільнай. Гэта свайго роду выраз "Гэта – сукін сын, але гэта наш сукін сын". Такім чынам, яны хутчэй паспрабуюць шанцы ўтрымаць яго ва ўладзе, чым заменяць іншым лідарам, які можа прытрымлівацца іншага падыходу не толькі ва ўнутранай палітыцы, але і знешняй.

– Апошнія дзеянні дыктатар – згон самалёта і міграцыйны крызіс на мяжы з Літвой і Польшчай – паказалі, што ён пагражае не толькі беларусам, але і еўрапейскай бяспецы. Ці з'явілася ў Захаду разуменне, што яны маюць справу з кімсьці накшталт еўрапейскага Хусэйна ці Кадафі?

– Ёсць тыя, хто думаў, што ўсё, што адбываецца, закранае толькі людзей у Беларусі, маўляў, навошта нам перажываць з гэтай нагоды. Вось нам і нагадалі, чаму мы павінны хвалявацца. Найперш гэта аргумент вайны, а таксама чальцы Рады Еўропы і АБСЕ нясуць адказнасць, каб глядзець на ўнутраную сітуацыю, ці ёсць права голасу і гэтак далей. Краіны павінны выкарыстоўваць свае галасы, каб уплываць на тую ці іншую сітуацыю ў Беларусі, Расеі ці іншай краіне.

Цяпер жа сітуацыя выходзіць за межы Беларусі. Крадзеж самалёта Ryanair павінен напалохаць любога, хто пралятае над Расеяй і Беларуссю, таму што вы, не ведаючы таго, можаце сядзець побач з якім-небудзь палітычным актывістам. Нешта падобнае мы бачылі ў Санкт-Пецярбургу пасля згону самалёта Ryanair. Расейцы не зганялі самалёт, але не дазволілі польскай авіякампаніі LOT узляцець, бо на борце знаходзіўся расейскі актывіст. Яго прымусілі вярнуцца ў тэрмінал і арыштавалі.

Вядома ж, Лукашэнка прыкладае ўсе намаганні, каб "напампаваць" Літву і Польшчу, у меншай ступені Латвію, мігрантамі і бежанцамі з Блізкага Усходу. Пры гэтым ён ведае, што гэта адчувальнае пытанне ў некаторых еўрапейскіх краінах. У Літве і так ужо шмат бежанцаў з Расеі і Беларусі, а гэта невялікая краіна, дзе крыху больш за 3 мільёны насельніцтва. Варта адзначыць, што Літва зрабіла гераічную працу, дапамагаючы беларусам і падтрымліваючы іх і іншыя нацыянальнасці, аднак ёсць таксама праблемы з змяшчальнасцю краіны.

Польшча – краіна, якая ў 10 разоў большая за Літву, таксама прытрымліваецца даволі строгага падыходу да міграцыйнай палітыкі. Перасячэнне мяжы гэтымі людзьмі з Блізкага Усходу з'яўляецца палітычнай праблемай для краіны. Так, гэта выклікае пытанні ўнутры самога Еўразвязу, калі некаторыя дзяржавы-сяброўкі, якія не знаходзяцца на перадавой, могуць з лёгкасцю крытыкаваць Польшчу і Літву за спосабы развязання гэтай сітуацыі. Аднак гэтыя крытыкі не нясуць асноўны цяжар гэтага наплыву мігрантаў, якім скарыстаўся Лукашэнка.

Яшчэ ёсць праблема жніўня, калі Лукашэнка скраў выбары. Святлана Ціханоўская была відавочна пераможцай на выбарах. Еўрапейскія краіны і, шчыра кажучы, любыя дэмакратыі не могуць сядзець склаўшы рукі, нічога не рабіць, таму што гэта прывядзе да вялікай колькасці падобных выпадкаў, калі выбары могуць быць скрадзеныя кімсьці іншым. Я кажу з Маямі, дзе таксама ёсць асцярогі наконт будучых выбараў у ЗША. Вось чаму мы не можам нічога не рабіць.

– У адным з інтэрв'ю вы заявілі “на Лукашэнку трэба ціснуць, пакуль ён не сыдзе”. Якія інструменты такога моцнага ціску вы бачыце?

– Санкцыі на знешнюю падтрымку, якую Лукашэнка атрымлівае. Я таксама заклікаў назваць яго тэрарыстам. Больш дакладна, я не хачу, каб мы назвалі яго дзяржаўным спонсарам тэрарызму, таму што гэта азначае, што мы прызнаем яго ў якасці лідара дзяржавы. Мы павінны ставіцца да яго як да зусім незаконнага кіраўніка, з якім ніхто не павінен сустракацца.

Вельмі шкадую, што канцлерка Меркель размаўляла з ім перад тым, як пайсці ў адстаўку. Заходнія лідары не павінны з ім размаўляць. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб стварыць ціск на яго і ягонае атачэнне, у тым ліку Расею і ААЭ. Мы можам зрабіць больш і вельмі спадзяюся, што на гэта ёсць палітычная воля.

– Вы казалі пра даволі нестандартны метад – ціск на арабскія краіны, каб яны заблакавалі рахункі Лукашэнкі. Наколькі гэта дзейсны і магчымы метад?

– Я мяркую, што гэта абсалютна неабходна і выканальна. Гэта азначала б, што ён не змог бы захоўваць свае карумпаваныя грошы ў бяспецы ні ў Заходняй Еўропе, ні дзе-небудзь яшчэ.

Паслухайце, будзе балюча, калі мы замарудзім з мацнейшымі санкцыямі для жыхароў Беларусі, для некаторых еўрапейскіх краінаў, якія вядуць гандаль з Беларуссю, ніхто не павінен рабіць выгляд, што санкцыі бязбольныя. Санкцыі не бязбольныя, яны павінны быць такімі, бо іншая альтэрнатыва – нічога не рабіць. Мне падаецца, што мы абавязаныя ўзмацніць ціск і перакрыць крыніцы фінансавання.

Без фінансавання Лукашэнка не зможа аплачваць службы бяспекі, а гэта азначае, што яны з меншай верагоднасцю будуць выконваць загады, напрыклад – удзельнічаць у крывавых рэпрэсіях супраць сваіх грамадзянаў.

– Якім вы бачыце канец рэжыму Лукашэнкі і асабіста беларускага дыктатара?

– Я сапраўды думаю, што ягоныя дні палічаныя, але не магу сказаць, калі гэта скончыцца. Ягоную сітуацыю цяжка назваць стабільнай. Калі Захад сапраўды ўзмоцніць ціск на яго, то, магчыма, нават Масква пастановіць, што захаванне яго ва ўладзе не ў іх інтарэсах. У яго нулявая легітымнасць, адзіны спосаб, як ён знаходзіцца ва ўладзе, – гэта жорсткі гвалт супраць народа Беларусі, пераслед журналістаў, грамадзянскай супольнасці, а таксама актывістаў апазіцыі.

Нядаўні прысуд прадстаўнікам апазіцыі адлюстроўвае ягоную вялізную неабароненасць. Неабходнасць замкнуць гэтых людзей на як мага даўжэй значыць, што ў яго няма іншых магчымасцяў заставацца ва ўладзе, толькі з ужываннем грубай сілы. Не думаю, што гэта можа доўжыцца шмат.

Вядома, я хацеў бы, каб Лукашэнка сышоў не ўчора, а яшчэ гадоў 15–20 таму. Я думаю сёння ў Беларусі дастаткова людзей, якія разумеюць, што 27 гадоў ва ўладзе – больш чым дастаткова. Ён даўжэй ва ўладзе, чым Пуцін. Таму адзіны спосаб заставацца ва ўладзе для яго – гэта выкарыстанне грубай сілы з падтрымкай, якая зыходзіць з Расеі і ААЭ. Думаю, што мы можам зрабіць больш намаганняў, каб пакласці гэтаму канец.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках