25 студзеня 2022, aўторак, 11:37
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-чыноўнік адміністрацыі Лукашэнкі: Нават сілавікі разумеюць, што Акела спудлаваў

30
Экс-чыноўнік адміністрацыі Лукашэнкі: Нават сілавікі разумеюць, што Акела спудлаваў

Асяроддзе самазванца атрымала вельмі сур'ёзную прабоіну.

Анатоль Котаў, былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі і НАК, які звольніўся ў разгар леташніх пратэстаў, расказаў сайту Charter97.org пра галоўныя замежнапалітычныя няўдачы рэжыму ў Беларусі і настроі сярод чыноўнікаў.

- Апошнім часам рэжым Лукашэнкі адзначыўся шэрагам няўдач на замежным кірунку. Сярод іншага - авантура на мяжы з Еўразвязам. Якія прамежкавыя вынікі «кампаніі з мігрантамі» вы можаце падвесці, і чым гэтая гісторыя абярнулася для беларускага дыктатара?

- Кампанія няўдалая, і гэта - самы галоўны вынік. Прычым прывяла яна да татальнай замежнапалітычнай ізаляцыі рэжыму. Гэта ладзілася для таго, каб пасадзіць за стол перамоў з Лукашэнкам заходніх лідараў і атрымаць з іх фінансаванне на развязанне міграцыйнага крызісу. Але Еўропа на гэта не пайшла, што Лукашэнку абсалютна ўз’юшыла. Польшча на законных падставах мігрантаў не прапусціла. Таму што паводле ўсіх міжнародных нормаў, дзе яны павінны заставацца - дык гэта ў Беларусі. Пасля двух званкоў Мэркель Еўропа зразумела, што з Лукашэнкам размаўляць абсалютна бессэнсоўна. Таму фактычна міграцыйны крызіс на беларускай мяжы развязваецца з Крамлём праз галаву дыктатара. Мігрантаў ірацкі бок эвакуюе, зноў жа, праз іх дамоўленасць з Еўразвязам. Мігранты, якія засталіся на тэрыторыі Беларусі, ператвараюцца ў галаўны боль саміх арганізатараў крызісу з незразумелымі перспектывамі.

- Доўгі час Лукашэнка спрабаваў гуляць у «самастойнасць» і стараўся пазбягаць тэмы Крыму. Аднак у інтэрв'ю РІА «Новости» ён заявіў аб тым, што анэксаваная паўвыспа «дэ-факта і дэ-юрэ» - расейская. Таксама напрасіўся туды. Чаму менавіта цяпер рэжым надумаў разыграць «карту Крыма»? Як гэта мяняе стасункі з Украінай?

- Чаму менавіта цяпер? Досыць проста - таму што патрэбныя грошы, і за гэтыя грошы можна наабяцаць Расеі абсалютна ўсяго, нагаварыць максімум яркіх тэзісаў, якія павінны палашчыць крамлёўскае вуха і з таго боку забяспечыць паступленне фінансавання на патрэбы рэжыму. Не ведаю, наколькі гэта актуальна зараз, праз сем гадоў. Дарагое прывітанне да снядання. Таму найбліжэйшым часам стане вядома, наколькі расшчодрыцца Крэмль за такую заяву. Тое, што стасункі з Украінай будуць псавацца, чым далей, тым больш - гэта факт. Кіеў пакуль адрэагаваў вельмі стрымана, чакаючы нейкіх дзеянняў аб прызнанні. Складана сказаць, ці будзе гэта візіт Лукашэнкі ў Крым, ці яшчэ нешта. Але сама па сабе заява зараз адназначная. Яна прадыктаваная тым, што больш стукацца няма куды, і тэрмінова патрэбны грошы.

- Дыктатар ужо двойчы заяўляў аб тым, што гатовы перакрыць транзіт у краіны ЕЗ, што выклікае відавочную ўстурбаванасць у Крамлі, Кітай таксама выказваўся на гэтую тэму. Наколькі гэтыя дзеянні ператвараюць Лукашэнку ў таксічнага партнёра для Масквы і Пекіна?

- Напраўду невыгодным партнёрам ён праз сваю непрадказальнасць і і безадказнасць з'яўляецца дастаткова даўно. З іншага боку, пакуль справа не даходзіла да нейкіх такіх зусім істэрычных рухаў, усе яго трывалі, як непазбежнае зло, якое забяспечвае кантроль над тэрыторыяй, праз якую ідзе транзіт іх тавараў. Усялякія дзеянні, якія яшчэ больш пагоршаць пытанні з транзітам, увогуле, будуць заганяць яго ўсё далей у замежнапалітычны крызіс. Найперш Кітай, далей - Расея будуць усё больш сур'ёзна ўспрымаць яго не як рэшткі гаранта, а як фактар пагрозы.

- Таксама ўзмацняецца санкцыйны ціск на рэжым. Еўразвяз узгадніў новы пакет санкцый, 8 снежня ўваходзіць у дзеянне санкцыйны пакет ЗША. Ці бачыце вы рашучасць сярод краіны Захаду да сапраўды моцнага ціску на рэжым?

- Гэтую рашучасць бачыць і сам Лукашэнка. Ён здзяйсняў такія дзіўныя рухі цела то з самалётам, то з міграцыйным крызісам, які з'яўляецца чыннікам, які дэстабілізуе ўсю рэгіянальную бяспеку. Натуральна, кожнае такое дзеянне будзе падвышаць ступень гатовасці да ўсё больш рашучага адказу з боку Захаду. Зараз з Менска льецца вельмі ваяўнічая рыторыка, запланаваны маштабныя вучэнні паблізу ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Ёсць шэраг яго выказванняў пра вайну, вайсковае становішча, надзвычайнае становішча. Увогуле, гэта не набліжае да развязання беларускага крызісу, а наадварот будзе стымуляваць больш сур'ёзную актыўнасць у плане ўзмацнення ціску з боку Захаду на рэжым Лукашэнкі.

- Як чалавек, які доўгі час працаваў у дзяржапараце, ці моцным ударам для сістэмы з'яўляецца тое, што Лукашэнка ператварыўся ў «кульгавую качку» на міжнароднай арэне? Як гэта ўплывае на настроі сярод чыноўнікаў?

- На настроі чыноўнікаў у большай ступені ўплывае тое, што ён выйшаў з міграцыйнага крызісу ў статусе пераможанага. Паколькі сілавікі, яны ўсё ж не зусім дурныя людзі і разумеюць, што тут «Акела спудлаваў». Вера ў нейкі фактычна звярыны нюх і «цуд», якая была раней, атрымала вельмі сур'ёзную прабоіну. Адпаведна гэта непрыемна і не дадае пазітыўных эмоцый. Таксама незадаволеныя галасы, якія ўсё часцей чуюцца і з усходняга боку, упэўненасці ў заўтрашнім дні не дадаюць.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».