25 красавiка 2024, Чацвер, 2:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адток капіталу з расейскіх акцый устанавіў рэкорд з пачатку пандэміі.

1
Адток капіталу з расейскіх акцый устанавіў рэкорд з пачатку пандэміі.

Фонды пазбаўляюцца ад папер расейскіх кампаній.

Міграцыйны крызіс у Беларусі, паведамленні аб сцягванні расейскіх войскаў да Данбаса і новы штам каранавіруса, які можа стацца непаражальным для вакцын, - падарвалі веру замежных інвестараў у расейскі фондавы рынак, піша finanz.ru.

З 25 лістапада да 1 снежня фонды-нерэзідэнты пазбавіліся ад папер расейскіх кампаній на 160 млн даляраў, а за два апошнія тыдні вывелі з рынку 370 млн – рэкордную суму з пачатку пандэміі ў сакавіку 2020 года, паведамляе ў аглядзе BCS Global Markets са спасылкай на звесткі EPFR Global.

Асабліва старанна прадавалі акцыі фонды, арыентаваныя выключна на Расею: адток дасягнуў 250 млн даляраў за два тыдні, хаця да гэтага фіксавалі прыток капіталу.

Найбуйнейшы ў ЗША біржавы фонд, які інвестуе ў РФ, – VanEck Russia ETF (RSX) перажыў рэкордны за два месяцы вывад грошай кліентамі 1 снежня (на 15,6 млн даляраў) і быў вымушаны скараціць партфель на такую ж суму.

За лістапад індэкс МасБіржы страціў 5,6% – рэкордную за год велічыню, а даляравы РТС абрынуўся на 10,7%, чаго рынак не бачыў з «кадзіўнага шоку» вясны-2020.

«Тэма падрыхтоўкі нападу Расеі на Украіну, якую ініцыявалі заходнія СМІ са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай выведцы, падвысіла градус геапалітычнай напружанасці і прымусіла некаторых замежных інвестараў прадаваць расейскія актывы», – кажа начальнік аддзела глабальных даследаванняў «Адкрыццё Інвестыцыі» Міхіал Шульгін.

Акрамя таго, адбілася падзенне рынку нафты, напалоханага «амікрон»-штамам і чакання далейшага ўзмацнення жорсткасці грашовай палітыкі ЦБ РФ, паказвае ён: грашовы рынак закладвае ў каціроўкі павышэнне ключавой стаўкі да 9%, што цісне на акцыі.

Паводле звестак Банка Расеі, якія ўлічваюць усіх замежных інвестараў, адток капіталу з акцый РФ прадаўжаецца практычна без прыпынкаў з лютага. За гэты час нерэзідэнты, на якіх прыпадае траціна капіталізацыі фондавага рынку, скінулі паперы на 5 млрд даляраў, фіксуючы прыбытак ад ралі, які падняў індэкс МасБіржы на 18% з пачатку года.

Дэ-факта на рынку адбываецца разгрузка пазіцый буйных заходніх фондаў на карысць пачаткоўцаў інвестараў, фізічных асоб, вынікае са звестак ЦБ.

Менавіта прыватныя трэйдары набываюць акцыі, якія скідаюць нерэзідэнты: у перыяд з красавіка да верасня на іх прыпала 85% нэта-пакупак на рынку.

Але біржавы бум, які ахапіў насельніцтва, нясе рызыкі: сотні тысяч людзей прыйшлі на біржу, калі фондавыя індэксы паказвалі магутнае ралі, а кожная буйная карэкцыя і спадарожныя ёй страты могуць стацца сюрпрызам для пачаткоўцаў.

«Насельніцтва, як і замежныя інвестары, можа быць схільнае імкліва закрываць пазіцыі ў выпадку адмоўнай дынамікі індэксаў», – папярэджвае ЦБ.

«Высокая доля некваліфікаваных інвестараў на фондавым рынку можа садзейнічаць рэалізацыі рызык фінансавай стабільнасці пры фармаванні трэнду на зніжэнне каціровак акцый на расейскім і сусветным фондавых рынках», – дадае рэгулятар.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках