25 красавiка 2024, Чацвер, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія пункты новых санкцый стануць найбольш адчувальнымі для ўладаў

1
Якія пункты новых санкцый стануць найбольш адчувальнымі для ўладаў

Палова экспарту азотных угнаенняў - пад ударам.

Еўразвяз, ЗША, Вялікабрытанія і Канада 2 снежня амаль адначасова абсцілі ўвядзенне новых санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Belsat.eu разбіраўся, якія пункты новых абмежаванняў могуць быць найбольш адчувальнымі для ўладаў.

Значны складнік новых санкцый - персанальныя абмежаванні ў дачыненні да прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. У гэтым выпадку гаворка аб кіраўніцтве ГУБАЗіКу і Дзяржаўнага памежнага камітэта, а таксама суддзяў, пракурораў і прапагандыстаў. Акрамя таго, пад амерыканскія і канадскія санкцыі ўпершыню патрапіў сярэдні сын Лукашэнкі - Дзмітрый.

Аднак санкцыі Захаду маюць таксама і эканамічны складнік: у чорны спіс патрапілі больш за два дзясяткі юрыдычных асоб, сярод якіх ёсць прынцыпова важныя для існавання рэжыму кампаніі.

Санкцыі ЕЗ. Галоўная мэта – «Белавія»

У выніку ЕЗ ухваліў далёка не самую радыкальную версію пятага санкцыйнага пакета. Напрыклад, на працягу восені ў СМІ з'яўлялася інфармацыя, што пад новыя абмежаванні ЕЗ могуць патрапіць пяць беларускіх банкаў («Беларусбанк», банк «Дабрабыт», «Белінвестбанк», «Белаграпрамбанк» і «Банк развіцця»), Нацыянальны аэрапорт «Менск», а таксама міністр замежных справаў Уладзімір Макей. Але гэтыя пазіцыі ў выніку не былі ўключаны ў пяты пакет.

З іншага боку, нельга сказаць, што новы пакет санкцый быў ухвалены ў сваёй самай мяккай версіі. Так, у сярэдзіне лістапада міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заяўляў, што з санкцыйнага спісу хочуць выключыць «Белавія», якая выконвала важную ролю ў функцыянаванні канала нерэгулярнай міграцыі. Але ў выніку авіякампанія ўсё ж патрапіла пад абмежаванні.

Санкцыі супраць «Белавія» - адна з ключавых пазіцый новага пакета. Большасць самалётаў авіяперавозчыка (17 з 29) былі ўзяты ў лізінг праз ірландскія кампаніі, таму санкцыі ЕЗ павінны стаць моцным ударам па паветраным флоце «Белавія». Фактычна кампанія страціць больш за палову свайго авіяпарку.

«Кантракты, паводле якіх самалёты перададзеныя ў лізінг «Белавія», па сутнасці будуць разарваныя, - заяўляў раней кіраўнік МЗС Ірландыі Сайман Коўні. - Самалёты будзе неабходна вярнуць, а ў адваротным выпадку, мяркую, будзе судовы разбор».

У публічнай прасторы выказваецца меркаванне, што санкцыі могуць мець катастрафічныя наступствы для кампаніі і прывядуць да масавых скарачэнняў. Між тым профільныя эксперты адзначаюць, што наступствы санкцый для «Белавія» не варта перабольшваць. Трэба ўлічваць, што ЕЗ і Украіна і так закрылі неба для беларускіх самалётаў пасля інцыдэнту з прымусовай пасадкай борта Ryanair у траўні.

Авіяэксперт і дырэктар літоўскай кансалтынгавай кампаніі ў сферы авіяперавозак Friendly Avia Support Аляксандр Ланецкі раней у інтэрв'ю Zerkalo.io адзначаў, што, хутчэй за ўсё, частка самалётаў «Белавія» зараз і так прастойвае. Таму авіякампанія сама зацікаўлена ў тым, каб аддаць некаторыя з іх. Але пакуль яна не мае для гэтага фармальнай нагоды, а ўвядзенне абмежаванняў адкрыла б «Белавія» магчымасць без фінансавых страт вярнуць самалёты ўласнікам.

СМІ паведамляюць: яшчэ да таго, як санкцыі набылі моц, «Белавія» стала пазбаўляцца ад узятых у лізінг самалётаў. Генеральны дырэктар кампаніі Ігар Чаргінец, у сваю чаргу, паабяцаў пераарыентавацца на лізінг самалётаў з Кітая і Расеі. «Частка самалётаў ужо набылі, частку яшчэ купім», - сказаў ён.

Палова экспарту азотных угнаенняў - пад ударам

Акрамя «Белавія», за дачыненне да функцыянавання канала нерэгулярнай міграцыі пад санкцыі ЕЗ трапілі яшчэ 6 юрыдычных асоб: турыстычная фірма «Цэнтркурорт»; турыстычнае агенцтва «Оскартур», гатэлі «Мінск» і «Планета», Асобная служба актыўных мерапрыемстваў, сірыйская авіякампанія Cham Wings Airlines і пашпартна-візавы цэнтр VIP Grub (Турцыя). Кампанія «Цэнтркурорт», якая ўваходзіць у структуру ўпраўлення справамі Лукашэнкі, таксама была ўключаная ў санкцыйныя пакеты ЗША і Канады.

У санкцыйны пакет ЕЗ таксама трапілі 4 юрыдычныя асобы, з міграцыйным крызісам ніяк не звязаныя: «Гродна Азот», яго філіял «Гродна Хімвалакно», «Белшына» і «Беларуснафта». У Брусэлі іх лічаць крыніцамі фінансавання рэжыму Лукашэнкі, а таксама ўскладаюць на кіраўніцтва прадпрыемстваў адказнасць за рэпрэсіі - звальненне працаўнікоў, якія бралі ўдзел у пратэстах. На прадпрыемствах сітуацыю з санкцыямі пакуль не каментуюць.

Вядома, што ў 2020 годзе экспарт азотных угнаенняў склаў $181 мільён, прычым 54,4% з іх прыпадала на Еўразвяз, гэта значыць еўрапейскія санкцыі могуць прывесці да страты паловы экспарту «Гродна Азота». Аб'ёмы еўрапейскага экспарту «Белшыны» ў адкрытых крыніцах знайсці не ўдалося, але вядома, што завод мае афіцыйнае прадстаўніцтва ў Літве і Балгарыі (апошняе дзейнічае таксама на тэрыторыі Македоніі і Грэцыі). Цяпер гэтыя прадстаўніцтвы павінны спыніць рабату. Варта пры гэтым дадаць, што і «Белшына», і «Гродна Азот» нават без санкцый былі стратнымі паводле вынікаў 2020 года.

Кампанія «Беларуснафта» звязана са значна больш маштабнымі патокамі экспартных даходаў. Краіны ЕЗ заўсёды былі аднымі з галоўных пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў: напрыклад, у 2019 годзе толькі Нямеччына, Нідэрланды і Польшча закупілі іх у Беларусі на агульную суму больш за $1,5 мільярда. Але трэба памятаць, што летам ЕЗ увёў супраць беларускіх нафтапрадуктаў сектаральныя санкцыі, і яны ў перспектыве павінны адбіцца на экспарце значна больш, чым кропкавыя санкцыі супраць «Беларуснафты».

Звяртае на сябе ўвагу, што супраць «Белшыны», «Гродна Азота» і «Гродна Хімвалакна» з вясны дзейнічаюць абмежаванні з боку ЗША, гэта значыць зноў гаворка аб сінхранізацыі санкцыйнага ціску краін Захаду. Што да «Беларуснафты», то гэтае прадпрыемства да лета 2021 года ўваходзіла ў канцэрн «Белнафтахім», які, у сваю чаргу, таксама пад санкцыямі ЗША.

Зачыстка калійнай галіны

ЗША увялі санкцыі супраць 12 юрыдычных асоб. Асноўны ўдар прыпаў па калійнай сферы і прадпрыемствах ВПК.

У чорны спіс трапіў «Слаўкалій», звязаны з расейскім алігархам Міхаілам Гуцэрыевым, а таксама беларуская калійная кампанія і яе прадстаўніцтва ва Украіне «Аграрасквіт». Увядзенне санкцый супраць БКК і «Аграрасквіту» наўрад ці прынцыпова змяняе сітуацыю для беларускага боку. Справа ў тым, што з 9 снежня ў любым выпадку павінны запрацаваць амерыканскія санкцыі супраць «Беларуськалія», а паколькі БКК - манапольны трэйдар «Беларуськалію», то ў кампаніі, як адзначалі раней эксперты, усё роўна б узніклі праблемы з заключэннем экспартных кантрактаў. Між тым, як падкрэсліў палітолаг Дзмітрый Балкунец у эфіры «Белсата», цяперашнія меры ЗША канчаткова закрываюць усе шчыліны ў гэтым пытанні.

А вось «Слаўкалій», які рэалізуе ў Беларусі буйны інвестыцыйны праект будаўніцтва Нежынскага камбіната - гэта абсалютна новая мішэнь для санкцый ЗША. Раней Гуцырыеў ужо трапіў пад санкцыі ЕЗ і Вялікабрытаніі, што прымусіла сябра Лукашэнку перапісваць свае актывы на сямейнікаў. Алігарх перадаў свайму малодшаму брату Саіту-Саламу пакет акцый брытанскай кампаніі GCM Global Energy PLC, якая з'яўляецца саўладальнікам беларускага прадпрыемства «Слаўкалій». Аднак, як бачна, гэтыя хітрыкі не выратавалі «Слаўкалій» ад санкцый.

Свой удар па калійным сектары нанесла і Вялікабрытанія: у чорны спіс прыцягнулі «Беларуськалій». Праўда, гэты крок наўрад ці будзе мець істотныя наступствы: па-першае, экспарт беларускага калію ў Брытанію заўсёды быў мізэрным, па-другое, Лондан раней і так ухваліў сектаральныя санкцыі супраць калійнай галіны.

Абарончыя прадпрыемствы і дзяржаўная пазыка

Пад санкцыі ЗША патрапілі адразу 5 прадпрыемстваў беларускага ВПК. Амаль усе яны арыентаваны пераважна на экспарт. Зразумела, ЗША не набываюць тэхнікі, але пагроза амерыканскіх другасных санкцый можа мець наступствы для супрацоўніцтва гэтых кампаній з партнёрамі ў іншых краінах свету. Праўда, падлічыць магчымыя страты гэтых прадпрыемстваў немагчыма.

«Пеленг» спецыялізуецца на оптаэлектроннай прадукцыі, «Агат» – на аўтаматызаваных сістэмах кіравання. «Белтэхэкспарт» распрацоўвае, мадэрнізуе і экспартуе ўзбраенне і тэхніку. 140-ы рамонтны завод рамантуе і мадэрнізуе бранятанкавую тэхніку, на ім у тым ліку быў распрацаваны «Кайман», які Беларусь пастаўляе ў Афрыку.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на кампанію «Кідма тэк», звязаную з алігархам Аляксандрам Зайцавым. Як раней адзначаў вайсковы эксперт Аляксандр Алесін, «Кідма тэк» выконвае ролю прадзюсара ў беларускім ВПК: гэтая кампанія пад попыт знешняга рынку знаходзіць у Беларусі распрацоўшчыкаў, дае ім заказы, а таксама фінансуе мадэрнізацыю і стварэнне новых узораў тэхнікі. «Кідма тэк» мае справы з урадамі іншых краін, таму яна заўсёды вельмі клапацілася аб сваёй рэпутацыі на міжнароднай арэне.

Акрамя таго, пад абмежаванні патрапілі «ГардСэрвіс» і авіякампанія «Трансавіяэкспарт»: яны не ўваходзяць у ВПК, але непасрэдна звязаны з вайсковай справай. Самалёты «Трансавіяэкспарту», на думку амерыканскага боку, выкарыстоўваюцца для паставак зброі, уключаючы гарачыя кропкі. А «ГардСэрвіс» – гэта першая ў Беларусі прыватная вайсковая кампанія, якой Лукашэнка даў права захоўваць і выкарыстоўваць агнявую зброю. Кампаніяй, паводле звестак СМІ, апякуецца Віктар Шэйман. Паводле інфармацыі ByPol, у «ГардСэрвіс» набіралі прафесійных вайскоўцаў, якія могуць спатрэбіцца для рэалізацыі афрыканскіх праектаў рэжыму Лукашэнкі, звязаных з карыснымі выкапнямі і зброяй.

Адначасова «Гардсэрвіс», «Пеленг», «Агат», 140-ы рамонтны завод і «Белтэхэкспарт» трапілі пад санкцыі Канады.

Абмежавальныя меры ЗША таксама прадугледжваюць забарону на ўгоды з Беларускай дзяржаўнай пазыкай (аналагічныя абмежаванні раней уводзілі ЕЗ і Канада). РБК адзначае, што гэта ўвогуле адзін з ключавых пунктаў санкцыйнага пакета ЗША. Як распавёў выданню дарадца санкцыйнага агенцтва ўпраўлення кантролю за замежнымі актывамі (OFAC) Браян О’Тул, Міністэрства фінансаў Беларусі, хутчэй за ўсё, страціць магчымасці прыцягваць грошы нават на ўнутраным рынку, бо амерыканскія банкі-карэспандэнты павінны будуць спыніць абслугоўванне гэтых трансакцый.

У «Беларуснафце» на просьбу «Белсату» падзяліцца меркаваннем наконт санкцый, заявілі, што не маюць права каментаваць. У адміністрацыі «Белшыны» папрасілі даслаць пісьмовы зварот. Аналагічныя адказы былі і ў сталічных гатэлях, якія трапілі пад санкцыйныя абмежаванні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках