25 красавiка 2024, Чацвер, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Спісы спускае КДБ»

15
«Спісы спускае КДБ»

Беларусы паведамляюць аб новых звальненнях па ўсёй краіне.

Палітычна матываваныя звальненні ў Беларусі даўно ўвайшлі ў практыку працоўных дачыненняў. Толькі пасля пратэстаў у 2020 годзе яны набылі небывалы маштаб. Кантракты могуць не падоўжыць не толькі з тымі, хто быў асуджаны з «палітычных» адміністрацыйных артыкулаў, але і з людзьмі, якія «не так» паводзяць сябе ў сацыяльных сетках ці проста аддалі ў свой час подпіс у падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты.

Пра такія выпадкі «Нашай Ніве» паведамілі дзясяткі беларусаў з розных куткоў краіны.

«Гомсельмаш»: свежых вакансій — больш за сотню

Дзмітрый працаваў на «Гомсельмашы» ў кавальскім цэху. Яго адхілілі ад працы ў лістападзе, хаця ў Дзмітрыя быў дзейны кантракт да 31 снежня. У жніўні 2020 года яго затрымлівалі на мітынгу ў Гомелі, ён уважае, што гэта і стала асноўнай прычынай для развітання.

«Наколькі я ведаю, у нашым цэху ад працы адхілілі 13 чалавек: штампоўшчыка, двух фрэзероўшчыкаў, зваршчыка аднаго, двух слесараў, майстроў. У большасці - вялікі стаж», - кажа мужчына.

Сам ён зараз збіраецца працаваць у Польшчы і хоча перацягнуць туды лепшых, рукастых калег.

На прадпрыемстве з намі адмовіліся размаўляць. Але, мяркуючы па вакансіях, кадравы голад там назіраецца: шукаюць ахвочых і на пазіцыі машыніста, і на фрэзероўшчыкаў, токараў, слесараў і многіх іншых. Актуальныя больш за сотню вакансій.

БДУ: «Нават проста вядомым сваёй пазіцыяй прапануюць звольніцца»

У Свабодным прафзвязе супрацоўнікаў БДУ нам распавялі, што ў БДУ ходзяць спісы на звальненне з «нядобранадзейнымі грамадзянамі». Туды патрапілі тыя, хто затрымліваўся паводле артыкула 23.34 (дзейны 24.23 КоАП), актывісты прафсаюза і проста «падазроныя» супрацоўнікі. Сярод іх і тыя, хто аддаваў подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, сябры ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

«Такім супрацоўнікам ці нават проста вядомым сваёй пазіцыяй прапануюць звольніцца. Спісы на звальненне нібыта спускае КДБ: адзін чалавек бачыў такі спіс у руках свайго начальніка. Нам пакуль вядома аб 12 выпадках звальнення ў розных падраздзяленнях БДУ.

Кіраўніцтва прапануе звальняцца па дамове бакоў, і тады характарыстыка будзе добрая. Або «будзем звальняць паводле артыкула і з дрэннай характарыстыкай». Выкладчыкаў, дарэчы, пакуль не чапаюць - відаць, трэба закрыць сесію», - распавялі ў прафзвязе.

На жаль, гэтым самым спісам на звальненне з намі падзяліцца ніхто не змог. Прарэктар па бяспецы і кадрах БДУ Яраслаў Чаркаскі, які, як лічыцца, мог займацца гэтым пытаннем, перанакіраваў нас у прэс-службу БДУ. Там, у сваю чаргу, лаканічна паведамілі: «Усе кадравыя пытанні не выходзяць за межы нарматыўна-заканадаўчай базы».

Берасцейская судмедэкспертыза: «Людзі самі сышлі»

Як нам ананімна паведаміў адзін з чытачоў і па сумяшчальніцтве былы супрацоўнік камітэта судовых экспэртыз, хваля звальненняў у іх структуры прайшла ў пачатку лістапада.

«Папрасілі» напісаць заявы на звальненне каля 14 экспэртаў. Пераважна медыкаў. Так звольніліся судова-медычны экспэрт, два эксперты-медыкі з аддзела агульных экспэртыз, экспэрт-біёлаг, экспэрт-псіхіятр, судмедэксперт з Драгічына, кіроўца з Кобрынскага міжраённага аддзела, экспэрт-хімік з Пінска.

Цяпер звальняецца экспэрт-медык з Маларыты. Завошта, наўпрост ніхто не гаворыць. Проста просяць напісаць заяву па дамове бакоў, інакш пагражаюць, што падключаць КДБ і тады, магчыма, не проста звольняць, але і распачнуць крымінальную справу», - распавёў экс-супрацоўнік.

Судова-лекавы экспэрт, пра якога гаворыць наш суразмоўца, сапраўды больш не працуе ў камітэце судовых экспэртыз Берасцейскай вобласці. На пытанне, чаму ён і яшчэ дзясятак экспэртаў былі звольненыя, нам там сцісла адказалі: «Людзі самі сышлі». Чаму - «невядома».

Былы супрацоўнік камітэта таксама паведаміў, што замену звольненым яшчэ не знайшлі: нібыта нагрузку пераразмяркоўваюць паміж тымі, хто застаўся. У камітэце пацвердзілі: набор кадраў вядзецца.

Кіраўніцтва «Магілёўліфтмаша»: «Звальненні - гэта поўная лухта»

Аптымізацыя кадраў ідзе і на «Магілёўліфтмашы». Як нам паведамілі супрацоўнікі, не працягваюць кантракт тым, у каго ён павінен скончыцца найбліжэйшым часам.

Прычым гаворка ідзе не пра шараговых адмыслоўцаў, а пра інжынераў-канструктараў з самавітым стажам, напрыклад, і начальнікаў бюро.

«Адзінае тлумачэнне такіх паводзін кіраўніцтва-папрыбіраць тых, хто аддаў свой подпіс за дэмакратычных кандыдатаў на выбарах 2020 года», - каментуе адзін з супрацоўнікаў.

Намеснік генеральнага дырэктара ідэалагічнай работы і сацыяльных пытанняў Мікалай Міхаленя, праўда, усё гэта адмаўляе. «Гэта поўная лухта», - сказаў ён і кінуў слухаўку.

Інстытут метралогіі: «Не з'яўляецца прадметам для дыскусіі»

Падобны адказ мы атрымалі ў інстытуце метралогіі. «Не адпавядае сапраўднасці і не з'яўляецца прадметам для дыскусіі. Да спаткання», - пракаментаваў дырэктар Валерый Гурэвіч.

Разам з тым адзін з былых супрацоўнікаў, які падтрымлівае сувязь з сённяшнім калектывам, сцвярджае, што з вясны ў інстытуце было звольнена амаль 60 чалавек.

«Нібыта прыйшлі спісы вылічаных па білінгу: людзей выклікаюць да кіраўніцтва і просяць тлумачыць, чаму яны знаходзіліся ў месцах пратэстаў. На вуліцы ў выніку аказваюцца ўнікальныя спецыялісты, якім няма замены, - кажа былы супрацоўнік. - Навукоўцы-ахоўнікі нацыянальных эталонаў. Замену такім кадрам рыхтуюць гадамі, але найчасцей яе проста няма. Частку працы заткнулі былымі студэнтамі па размеркаванні, але гэта проста прыкрыццё пустаты».

Таксама «Нашай Ніве» паведамілі пра кропкавыя палітычна матываваныя звальненні ў сталічных дзіцячых садах Упраўлення адукацыі Савецкага раёна, на прадпрыемстве «Белэнэргасеткапраект», «Менскводаканал», у Камянецкім райвыканкаме і Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце, Цэнтраазёр у некаторых бальніцах.

Неафіцыйныя прычыны ўсё тыя ж - затрыманні за ўдзел у пратэстах, подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах, а таксама падпісанне петыцый з крытыкай дзеянняў улады, кантэнт з нацыянальнымі сімваламі ў сацыяльных сетках.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках