У Брытаніі адрадзілі маленькіх смаўжоў Мадэйры
- 4.12.2021, 11:55
- 1,742
Частку малюскаў памерам у адзін міліметр вернуць на іх родную выспу.
Супрацоўнікам Чэстэрскага заапарка ўдалося вывесці больш за 1200 рэдкіх смаўжоў памерам у адзін міліметр - эндэмікаў партугальскага архіпелага Мадэйра, паведамляе «Вокруг Света. Украина».
На працягу 100 гадоў даследчыкі лічылі мініяцюрных смаўжоў двух відаў Discula lyelliana і Geomitra grabhami вымерлымі. Да гэтага яны жылі на адным з астравоў архіпелага Мадэйра.
Але з 2012 да 2017 года там цудам знайшлі блізу 300 такіх бруханогіх малюскаў.
У ходзе назірання за імі даследчыкі заўважылі, што колькасць смаўжоў паступова скарачаецца. Пасля чаго брытанскія і партугальскія навукоўцы вырашылі запусціць праграму захавання і аднаўлення рэдкіх смаўжоў. Праект падтрымаў Міжнародны саюз аховы прыроды (МСАП).
Заолагі адабралі 60 смаўжоў абодвух відаў і прывезлі іх у Вялікабрытанію, дзе бруханогім малюскам стварылі ідэальныя ўмовы для жыцця і размнажэння. Эксперымент атрымаўся. І зараз пад назіраннем навукоўцаў ужо знаходзіцца больш за 1200 смаўжоў.
Доктар Херарда Гарсія, куратар праекта, назваў такі вынік «неверагодным дасягненнем».
Частку смаўжоў неўзабаве вернуць на іх родную выспу. А частку пакінуць у заапарку для далейшага размнажэння.