19 красавiка 2024, Пятніца, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супраць прэзідэнта Бразіліі распачатае новае расследаванне праз хлусню пра каранавірус

6
Супраць прэзідэнта Бразіліі распачатае новае расследаванне праз хлусню пра каранавірус

Жаір Балсанару працытаваў няісную брытанскую справаздачу.

Суддзя Вярхоўнага суда Бразіліі прызначыў новае расследаванне супраць прэзідэнта краіны Жаіра Балсанару за распаўсюджванне ілжывай інфармацыі. Прыняўшы такую пастанову суддзя Алешандра дэ Маралес задаволіў у пятніцу, 3 лістапада, запыт сенацкага камітэта, які абвінавачвае кіраўніка дзяржавы ў сур'ёзных парушэннях у сувязі з пандэміяй каранавіруса, піша «Нямецкая хваля».

Канкрэтна гаворка ідзе пра відэазапіс, у якім Балсанару заявіў аб сувязі паміж прышчэпкамі супраць каранавіруса і СНІДам. Падчас выступу ў кастрычніку ў жывым эфіры на Facebook, ён спаслаўся на няісныя ў рэальнасці «афіцыйныя справаздачы» брытанскага ўрада, згодна з якімі ў людзей, цалкам прышчэпленых ад каранавіруса, СНІД развіваецца «значна хутчэй, чым чакалася». Пасля абвінавачанняў у распаўсюджванні медыцынскай дэзінфармацыі Facebook выдаліў гэтае відэа, а старонка прэзідэнта на YouTube была на тыдзень заблакаваная.

Балсанару дагэтуль не прайшоў вакцынацыю і ўжо неаднаразова выклікаў рэзкую крытыку сваімі заявамі аб вакцынах, спрабуючы пераменшыць небяспеку каранавіруса. У канцы кастрычніка камісія Сената Бразіліі прагаласавала за выстаўленне супраць прэзідэнта краіны абвінавачанняў у злачынствах супраць чалавечнасці праз ягоную палітыку ў дачыненні да каранавіруса. Сам Жаір Балсанару адмаўляе ўсякую адказнасць за крызісную сітуацыю ў барацьбе з ковідам.

У дачыненні да бразільскага прэзідэнта вядзецца ўжо пяць расследаванняў, аднак яму не пагражаюць юрыдычныя наступствы, бо Балсанару падтрымлівае генеральны пракурор Аўгуста Арас, які можа абараніць яго ад усіх абвінавачанняў.

Бразілія займае трэцяе месца ў свеце ў колькасці заражэнняў каранавірусам (22 129 409 зарэгістраваных выпадкаў, паводле звестак партала Worldometer), саступаючы толькі ЗША і Індыі, і другое месца пасля ЗША ў смяротнасці ад ковід (615 454 смяротныя выпадкі).

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках