20 красавiка 2024, Субота, 16:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яны ўсё разумелі, яны ўвайшлі ў становішча

2
Яны ўсё разумелі, яны ўвайшлі ў становішча

Зварот да ўсіх працоўных Беларусі.

30 траўня. Шахта "Беларуськалія". 54-гадовы мужчына ажыццявіў старт лінейнай сэкцыі мацавання ў рэжыме разладоўвання, піша тэлеграм-канал «БАР».

Пры гэтым з парушэннем патрабаванняў аховы працы ён знаходзіўся часткова пад разладаванай сэкцыяй, у выніку чаго атрымаў цялесныя пашкоджанні, не спалучальныя з жыццём. Час важны. Абсталяванне старое, але трэба працаваць. Нельга спыняцца, і ён працаваў. Ён усё разумеў, ён увайшоў у становішча.

30 чэрвеня на МТЗ мантажнік атруціўся чадным газам падчас работ у коміне. Мужчыну ледзь адхаялі. Якія будуць наступствы для ягоных лёгкіх пасля такога надзвычайнага здарэння, не ведае ніхто. Ён не меўся туды лезці без неабходных сродкаў індывідуальнай аховы, пагатоў у працоўны час. Але паддаўся на ўпрошванне начальства. Ён "усё разумеў", ён "увайшоў у становішча".

Жнівень. МТЗ. Смяротныя траўмы атрымаў 36-гадовы майстар сэктара тэрмаапрацоўкі кавальскага цэха, якога заціснула паміж сценкамі бубна. З храналогіі падзей таго жудаснага дня мы ведаем, што майстар замест таго, каб выклікаць рамонтную брыгаду, сам наважыў паспрабаваць паправіць няспраўнае абсталявання. Бо за кожную лішнюю гадзіну прастою яго пакараюць. Пляваць на тэхніку бяспекі. Праца даражэйшая. Як вынік - дзеці засталіся сіротамі. Але ён жа "ўсё разумеў", ён "увайшоў у становішча".

Канец кастрычніка. МТЗ. Загінуў 57-гадовы слесар збірання металаканструкцый. Яго зацягнула ў свідравальны станок. Ахоўныя шчыткі, канцавікі, якія прадухіляюць самаадвольнае ўмыканне, даўно не працуюць. Рамантаваць? Гэта ж час. А час - гэта прастойванне абсталявання. Майстар умалёгаў працаваць так, і слесар працаваў да фатальнага дня. Ён жа "ўсё разумеў", ён "увайшоў у становішча".

Гэта толькі некалькі выпадкаў смяротных вынікаў на прадпрыемствах. Агулам за студзень-кастрычнік 2021 года ў Беларусі праз няшчасныя выпадкі на вытворчасці пацярпелі 1583 працоўныя. З іх 570 атрымалі цяжкія траўмы, а 101 чалавек загінуў.

Цяпер успомніце, колькі разоў вашыя кіраўнікі штурхалі вас на парушэнні тэхнікі бяспекі, службовых інструкцый, упрошваючы вас увайсці ў становішча. І вы "ўсё разумелі", і вы "ўваходзілі ў становішча".

Падумайце аб тым, што 101 ужо мёртвы чалавек таксама, як і вы, «уваходзіў у становішча» і «ўсё разумеў». Вы маглі трапіць у іх лік.

Беражыце сябе. Не разумейце. Адмаўляйцеся ўваходзіць у становішча. Адмаўляйцеся выконваць просьбы і распараджэнні, якія супярэчаць вашым службовым інструкцыям і тэхніцы бяспекі. Памятайце, жыццё ў вас адно. І вас чакаюць дома...

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках