22 студзеня 2022, Субота, 18:03
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Самнолагі са Швэцыі расказалі, як палепшыць сон

4
Самнолагі са Швэцыі расказалі, як палепшыць сон

Спецыялісты далі простыя, але дзейсныя рэкамендацыі.

Самнолагі са Швэцыі распавялі, што праз нястачу сну могуць узнікнуць праблемы з увагай і навучальнасцю, а таксама з кароткачасовай памяццю. Пра спосабы барацьбы з недасыпаннем, уключаючы параду больш дыхаць свежым паветрам, расказалі Сусана Ернэлеў і Юн Аксельсан, паведамляе lenta.ru са спасылкай на Dagens Nyheter.

«Жыццё здаецца складанейшым за звычайнае, і чалавеку часта наогул не хочацца быць бадзёрым. Калі вы псіхалагічна агулам не ў найлепшай форме, на фоне недасыпання гэта становіцца асабліва відавочна», - расказала Ернэлеў.

Яна дадала, што перад сном трэба прыбіраць ад сябе гадзіннік. Пастаянна глядзець на цыферблат і думаць аб тым, як хутка сыходзіць час, - дадатковы стрэс для арганізма. Спецыялістка парэкамендавала не заставацца ў ложку, калі доўга не атрымліваецца заснуць. Добры спосаб перамагчы бессань - устаць і заняцца чымсьці спакойным, каб месца для сну не ператварылася ў фактар стрэсу.

Са слоў Аксельсана, больш за ўсё наступстваў недасыпання ў адчувальных людзей, якім заўсёды складана засяродзіцца. Каб пазбавіцца ад недасыпання, самнолаг парэкамендаваў піць каву стратэгічна — гэта значыць піць яе перад тым, як узяцца за асабліва важную справу. Апроч гэтага трэба стала дыхаць свежым паветрам і, калі ёсць магчымасць, ладзіць кароткі сон ад 5 да 30 хвілін.

«Найнавейшыя даследаванні паказваюць, што падчас сну мозг пазбаўляецца ад рэшткавых прадуктаў, і працяглае недасыпанне становіцца фактарам рызыкі развіцця хваробы Альцгеймера. Але наколькі вялікая гэта рызыка, сказаць пакуль нельга», - дадаў спецыяліст.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».