25 красавiка 2024, Чацвер, 10:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт інтэлекту: Колькі каштуюць навукоўцы ў Беларусі і за мяжой?

3
Кошт інтэлекту: Колькі каштуюць навукоўцы ў Беларусі і за мяжой?

Спецыялісты параўналі бюджэтныя выдаткі на навуку ў розных краінах.

Бюджэтныя выдаткі на беларускіх навукоўцаў прыкладна ў два разы ніжэйшыя, чым у суседніх краінах ЕЗ, але вышэйшыя, чым ва Украіне і прыкладна адпавядаюць узроўню Казахстана.

Да такой высновы прыйшоў Thinktanks.by, супаставіўшы бюджэтныя выдаткі на навуку з колькасцю навукоўцаў у 10 краінах рэгіёну: Беларусі, Расеі, Казахстане, Літве, Латвіі, Эстоніі, Нямеччыне, Польшчы, Украіне і Чэхіі. Мы вывучалі дзяржаўныя выдаткі на падставе бюджэтаў 2019 года.

Бюджэтная разнастайнасць

У беларускім бюджэце выдаткі на навуку разрозненыя і раскіданыя на розныя артыкулы. Яны фармуюцца з асігнаванняў на фундаментальныя даследаванні, на якія ў 2019 годзе прыпадала 110,7 млн рублёў, а таксама на прыкладныя даследаванні ў галіне агульнадзяржаўнай дзейнасці (127,2 млн рублёў), праваахоўнай дзейнасці (1,5 млн рублёў), нацыянальнай эканомікі (36,7 млн рублёў), аховы навакольнага асяроддзя (1,4 млн рублёў), аховы здароўя (20,7 млн рублёў), фізічнай культуры, спорту, культуры і сродкаў масавай інфармацыі (2 млн рублёў), а таксама ў галіне адукацыі (8 млн рублёў). У выніку на навуковыя даследаванні і распрацоўкі прыходзілася 308,2 млн рублёў або 131,6 млн еўра.

Шмат гэта ці мала? На першы погляд, сума вялікая. Напрыклад, у суседняй Латвіі ў 2019 годзе на навуку з бюджэту было выдаткавана 69,1 млн еўраў, а ў Казахстане – 80,7 млн еўраў (звесткі атрымалася здабыць толькі на стан 2018 года). Гэта значыць, фактычныя беларускія выдаткі на навуку амаль у два разы перавышаюць латвійскія. Але гэта калі проста супастаўляць аб'ём выдаткаў. Пры такім падліку выдаткі Расеі на навуку пераўзыходзяць беларускія ў 51 раз, а Нямеччыны – амаль у 132 разы.

Варыятыўнасць прыбыткаў

Зразумела, што далёка не ўсе сродкі, якія выдаткоўваюцца ў краіне на падтрымку навукі, ідуць з дзяржаўнай казны. Па-першае, з 460 арганізацый, якія працавалі ў доследны перыяд у сферы навуковых даследаванняў і распрацовак, дзяржаўных было толькі 89. 296 арганізацый прадстаўлялі прадпрымальніцкі сектар. Праўда, 79 з іх з'яўляліся камерцыйнымі арганізацыямі дзяржаўнай формы ўласнасці, але такі факт паказвае на асноўную крыніцу фінансавання – камерцыйную дзейнасць.

Па-другое, многія дзяржаўныя навуковыя арганізацыі праводзяць даследаванні на дзяржразліковай аснове.

Па-трэцяе, ніхто пакуль не скасоўваў гранты на даследаванні, у тым ліку замежныя, якія дазваляюць атрымліваць даволі нядрэннае фінансавае падсілкоўванне як асобным навукоўцам, так і цэлым навуковым калектывам.

Зрэшты, аналагічным чынам мультыплікуюцца крыніцы атрымання фінансавых сродкаў для навукі ў большасці краінаў свету.

Таму Thinktanks.by пастанавіў даведацца, колькі бюджэтных грошай у разгляданых краінах прыпадае на аднаго даследніка. Гэта значыць колькі каштуе для дзяржавы адзін навуковец. І пры такім падыходзе канфігурацыя затратаў істотна змянілася.

Адзначым, што з улікам варыятыўнасці крыніцаў прыбытку навуковых арганізацый, успрымаць паказнік кошту спецыяліста можна толькі ўмоўна, у якасці інструменту параўнання ўзроўню дзяржпадтрымкі.

Выдаткі на супрацоўніка

Паводле звестак Белстата, у Беларусі ў 2019 годзе ў сферы навуковых даследаванняў і распрацовак працавала 27 тысячаў 700 чалавек. Калі супаставіць гэтую колькасць з выдаткамі на навуковыя даследаванні і распрацоўкі, атрымаецца, што на аднаго беларускага навукоўца прыходзілася 4,8 тысячы (4751) еўраў за год ці блізу 396 еўраў за месяц. У гэтым выпадку мы разглядалі ўсіх занятых у сферы навуковых даследаванняў і распрацовак, хоць, паводле звестак Белстата, у 2019 годзе даследнікамі з іх з'яўляліся 64,4% супрацоўнікаў. Яшчэ 7,1% былі тэхнікамі, а 28,5% – дапаможным персаналам.

У 2019 годзе ў Беларусі было 608 дактароў і 2833 кандыдаты навук.

Беларускі паказнік кошту спецыяліста 4,8 тысячы еўраў, паводле рэгіянальных мерак, даволі нізкі. Ніжэйшы за яго кошт спецыяліста з разгляданых краінаў толькі ва Украіне, дзе на аднаго навукоўца прыходзіцца 2,9 тысячы еўраў бюджэтных грошай за год.

Кошт спецыяліста ў Беларусі цалкам параўнальны з гэтым паказнікам у Казахстане, дзе ён складае 5 тысячаў эўраў.

У Расеі гэты паказнік перакрывае беларускі ў 1,9 разу, а ў Нямеччыне – у 9,6 разу.

Так што разрыў у параўнальным фінансаванні, зыходзячы з колькаснага складу навуковых кадраў, скараціўся.

Характэрна, што ў Латвіі, нягледзячы на больш нізкі агульны аб'ём вылучаных бюджэтных сродкаў, кошт спецыяліста перавысіў гэты беларускі паказнік у 2,4 раза.

Колькі навукоўцаў на душу насельніцтва

Можна меркаваць, што высокі персанальны ўзровень вылучаных дзяржавай сродкаў на навуку ў Латвіі тлумачыцца невялікай колькасцю навукоўцаў. Гэта значыць, чым меншая агульная колькасць спецыялістаў, тым больш сродкаў прыпадае на кожнага з іх. Гэта насамрэч так. Аднак агульная колькасць навукоўцаў – гэта таксама ўмоўны паказнік, які не тлумачыць – шмат іх ці мала ў кожнай канкрэтнай краіне.

Каб зразумець гэта, мы вылічылі колькасць спецыялістаў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі на 10 тысячаў чалавек. Высветлілася, што тут Беларусь таксама не сярод лідараў. У колькасці навукоўцаў, як кажуць, на душу насельніцтва, краіна заняла 8-е месца з 10 разгляданых.

У Беларусі на 10 тысячаў насельніцтва прыпадае 29,4 чалавекі, занятых у сферы навуковых даследаванняў і распрацовак. Менш, чым у Беларусі – у Казахстане, дзе гэты паказнік складае 8,7 чалавек, і ва Украіне – 17,9 чалавек.

Для параўнання: у Латвіі на 10 тысячаў насельніцтва прыпадае 31 даследнік і іх памочнік, у Літве – 46,5, у Расеі – 52,2, а ў Нямеччыне – 88,5.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках