26 траўня 2022, Чацвер, 7:53
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ўлады рыхтаваліся да адных санкцый, а атрымалі іншыя

11
Беларускія ўлады рыхтаваліся да адных санкцый, а атрымалі іншыя
ФОТА: DEPOSITPHOTOS

І гэтыя іншыя былі не такімі ўтульнымі.

Прывітанне, дзіця.

Павінен табе сказаць, што я крышачку здзіўляюся і нават злёгку расчараваны. Зусім не разумею, навошта беларускія ўлады цягнулі столькі дзён з жорсткім ці, хаця б, адэкватна-асіметрычным адказам на заходнія санкцыі. Ну, не было ж ніякага сэнсу адкладаць на панядзелак тое, чым можна было адказаць яшчэ ў пятніцу.

І не трэба мне цяпер казаць, што ім трэба было крыху больш часу, каб прыдумаць чым адказаць. Бо пра санкцыі ўсіх папярэдзілі і быў пэўны час, каб падрыхтавацца. Вунь беларускае МЗС загадзя напісала свой адказ. І было б эфектна, калі б беларускія ўлады адказалі асіметрычна, але адэкватна і жорстка на наступны дзень. А не расказвалі, што найлепшы адказ – умацаванне дысцыпліны. Вось яшчэ б ростам ураджайнасці і падвышэннем надояў прыстрашылі.

І мне падаецца, рэч тут у тым, што беларускія ўлады рыхтаваліся да адных санкцый, а атрымалі іншыя. І гэтыя іншыя былі не такімі ўтульнымі як беларускія ўлады сабе запланавалі. Беларускаму прэм'еру нават давялося тлумачыць, што санкцыі ўвогуле няправільныя. Што гэтыя непісьменныя людзі на Захадзе не ўмеюць іх як след уводзіць. Вось перад падрыхтоўкай наступнага санкцыйнага пакета распрацоўшчыкам трэба, відаць, абавязкова пракансультавацца з экспэртамі ад беларускага ўрада. Прынамсі будуць ведаць якія санкцыі правільныя. Але паколькі гэтым разам яны не кансультаваліся, то ўраду даводзіцца выбіраць паміж адэкватным, жорсткім і асіметрычным адказам.

А беларускі міністр здаецца замежных спраў, увогуле надумаў зайсці з козыраў. Раней ён палохаў Захад, тым, што ў адказ на санкцыі ўлады будуць бамбаваць Варонеж. Але зараз ад Варонежа ўжо мала што засталося, так што міністр надумаў палохаць пагрозамі беларускай дзяржаўнасці.

І ў гэтых яго словах ёсць пэўная свая магутная логіка, але я, на жаль, зусім не ў стане яе зразумець. Таму што мне здаецца крыху дзіўным палохаць стратай сваёй дзяржаўнасці супастатаў, якія ўжо больш за год замахваюцца на гэтую дзяржаўнасць разнастайнымі гібрыднымі метадамі. Яны дзеля гэтага нават няўзнак падкінулі да польскай мяжы мігрантаў з Курдыстана. І як для мяне, так наіўна чакаць, што пасля слоў беларускага міністра гэтыя несумленныя людзі раптам пакаюцца.

Вось калі беларускія ўлады пачыналі гульню на падвышэнне, каб прымусіць Захад сябе палюбіць, яны мелі сімвалічныя, фактычна, санкцыі супраць сваіх асобных прадстаўнікоў. І можна было сядзець роўна, не прыцягваючы да сябе лішняй увагі. А можна было нават адлюстраваць нешта канструктыўнае. Напрыклад, пакінуць Варонеж ужо ў спакоі і, цалкам можа быць, што замест новых санкцый, беларускія ўлады мелі б зараз які-небудзь дыялог. І не трэба было б ехаць у Стакгольм, каб пагаварыць з уяўнымі суразмоўцамі, якіх усё адно нельга называць.

Telegram-канал "Лісты да дачкі"

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».