20 красавiка 2024, Субота, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер у Кітаі зняў на відэа засакрэчаныя «лагеры перавыхавання», якіх няма на картах

9
Блогер у Кітаі зняў на відэа засакрэчаныя «лагеры перавыхавання», якіх няма на картах

Агароджы на 8 метраў, КПП, вартаўнічыя вышкі.

Кітайскі блогер пад выглядам турыста агледзеў і зняў на відэа засакрэчаныя "лагеры перавыхавання" для мусульман і этнічных меншасцяў у аўтаномным рэгіёне Сіньцзянь - тыя самыя, існаванне якіх афіцыйны Пекін адмаўляе. Ён убачыў аб'екты сістэмы выканання пакаранняў, якіх няма на афіцыйных картах: яны агароджаныя высокімі васьміметровымі парканамі, а па краях гэтых аб'ектаў устаноўлены вартаўнічыя вышкі, піша «Настоящее время».

Пра існаванне "лагераў перавыхавання" ў Кітаі праваабаронцы і іх былыя вязні гавораць з 2017 года. Паводле звестак праваабарончых арганізацый, у гэтыя ўстановы гвалтоўна адпраўляюць прадстаўнікоў этнічных меншасцяў, якія жывуць у Кітаі – уйгураў, казахаў, кыргызаў, а таксама тых, хто вызнае іслам. Асабліва шмат такіх лагераў было створана ў аўтаномнай акрузе Сіньцзянь на захадзе Кітая, дзе дзель некітайскіх меншасцяў была найболей вялікая.

Былыя вязні такіх лагераў расказваюць пра сістэматычны гвалт і прыніжэнне, якое яны зазналі ў зняволенні, выпадках прымусовай стэрылізацыі, а таксама пра тое, што людзей фактычна ўтрымліваюць у турэмных умовах без прысуду нявызначаны тэрмін і кожны дзень уздзейнічаюць камуністычнай прапагандай.

Афіцыйны Пекін усе гэтыя абвінавачванні зняпраўджваюць. Там запэўніваюць, што "лагеры перавыхавання" - гэта не турмы, а "цэнтры прафесійнага навучання". А людзей-"экстрэмістаў" нібы проста навучаюць новым прафесіям і кітайскай мове.

Кітайскі блогер пад нікам Гуаньгуань змог зняць на відэа некаторыя такія лагеры ў Сіньцзяне, калі ездзіў па рэгіёне пад выглядам турыста.

"Замежным журналістам цяпер вельмі цяжка патрапіць у Сіньцзянь. Таму я надумаў, што паехаць туды змагу я", - растлумачыў ён.

Сваё падарожжа Гуаньгуань пачаў у горадзе Хамі. Там ён зрабіў выгляд, што выпадкова збочыў "не туды" на машыне, адхіліўшыся ад турыстычнага маршруту. Неўзабаве ён знайшоў аб'ект, якога ў кітайскім навігатары проста не існуе: доўгі будынак за парканам з калючым дротам. шыльда на ім абвяшчала: "13-ы аддзел цэнтра зняволення".

Яшчэ два такія ж аб'екты за калючым дротам блогер знайшоў у Моры-Казахскім павеце Сіньцзяня: на таблічках было сказана, што там знаходзяцца "Цэнтр прафнавучання" і "Цэнтр утрымання пад вартай". Адная з устаноў была абнесеная высокім плотам з вартаўнічымі вышкамі па перыметры.

Затрымлівацца надоўга побач са знойдзенымі лагерамі, а тым больш падыходзіць бліжэй Гуаньгуань не наважыўся.

"Я думаў, што гэта будзе выдатнае месца для здымкі. Але дайшоўшы да сярэдзіны поля, зразумеў, як лёгка мяне могуць заўважыць", - кажа блогер.

Ва Урумчы, сталіцы Сіньцзянь-Уйгурскага аўтаномнага рэгіёна, блогер знайшоў адразу некалькі магчымых працоўных лагераў. Да аднаго з комплексаў вяла шырокая дарога, якой таксама не было ў кітайскіх навігатарах. Будынкі комплексу займалі цэлы кіламетр уздоўж гэтай вуліцы і былі абгароджаныя парканам вышынёй на 8 метраў, паліцэйскімі КПП, вартаўнічымі вышкамі. На сцяне аднаго з будынкаў за калючым дротам вісеў лозунг: "Рэформа праз працу".

Каб разгледзець яшчэ адзін цэнтр зняволення ва Урумчы, блогер забраўся на вяршыню ўзгорка ў суседнім парку. Ён кажа, што адтуль, як на далоні, былі бачныя баракі і муры па перыметры, утыканыя камерамі назірання. Ніводнага чалавека ў двары комплексу блогер не знайшоў.

"Але на дахах будынкаў выступаюць светлавыя люкі. Магчыма, зняволеных тут выпускаюць з камер на шпацыр толькі ўнутры памяшканняў", – мяркуе Гуаньгуань.

Увогуле блогер аб'ехаў восем гарадоў у Сіньцзяне, дзе выявіў 18 магчымых "лагераў палітычнага перавыхавання". У 2020 годзе выданне BuzzFeed News склала карту такіх лагераў - іх у Кітаі налічылі больш за 260. З падлікаў праваабаронцаў, усе такія рэжымныя аб'екты ў Кітаі могуць адначасова ўтрымліваць да мільёна чалавек.

Са звестак Associated Press, самы вялікі цэнтр зняволення ў Кітаі, а, магчыма, і ва ўсім свеце можа размяшчацца ў раёне Дабаньчэн у тым жа Сіньцзяне: ён змяшчае блізу 10 тысяч чалавек. Гуаньгуань таксама паспрабаваў зняць яго на відэа, але разумеў, што, апынуўшыся побач, ужо не зможа прыкінуцца турыстам, які заблукаў.

"Там няма дзе схавацца, таму я здымаў з вяршыні ўзгорка. Я не наважыўся ўстаць, каб мяне не заўважылі", – тлумачыць Гуаньгуань. Блогер таксама знайшоў зусім новы лагер па суседстве з асноўным "цэнтрам перавыхавання": ён пакуль яшчэ не заселены.

Паколькі ў відэа пра лагеры ў Сіньцзяне кітайскі блогер паказвае свой твар, многія падпісчыкі баяцца за ягоную бяспеку. Зрэшты, пакуль на канале працягваюць з'яўляцца новыя ролікі з ягоным удзелам.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках