25 студзеня 2022, aўторак, 19:44
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Авіяэкспэрт: Новыя санкцыі стануць шокам для «Белавія»

27
Авіяэкспэрт: Новыя санкцыі стануць шокам для «Белавія»

Абмежаванні вельмі моцна ўдараць па кампаніі.

Заходнія санкцыі, што б ні сцвярджалі беларускія ўлады, дзейнічаюць, і гэта добра бачна на прыкладзе «Белавія».

Зусім нядаўна Дзяржаўная авіякампанія пазбавілася паловы лётнага парка, які быў у лізінгу, а зараз Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту адключыла яе ад міжнароднай сістэмы білінгу і ўзаемаразлікаў. Пра тое, да якіх наступстваў гэта прывядзе, у праграме «Студыя Белсат» расказаў экспэрт у пытаннях транспарту і інфраструктуры Кірыл Новікаў.

На думку экспэрта, у цяперашняй сітуацыі вінаваты самі беларускія ўлады, а наступствы чарговых санкцый істотна ўскладняць працу авіякампаніі.

«Гэтыя дзве сістэмы фактычна 50 гадоў дзейнічаюць у свеце. Гэта спрашчае ўзаемаразлікі, як і ў іншых тыпах транспарту, дзе ёсць аналагічныя сістэмы. Тут усё дзейнічае вельмі проста: адпраўнікі грузаў ці агенты ў продажы білетаў пасажырам напрост не плацяць кампаніям, яны плацяць праз гэтыя білінгавыя сістэмы. З развіццём інтэрнэту гэтыя сістэмы сталі асноўнымі, і большасць авіякампаній свету карыстаюцца імі. Цяперашняя беларуская ўлада зрабіла ўсё для таго, каб патрапіць пад гэтыя санкцыі. Адключэнне было прагназаваным. На маю думку, гэта вельмі моцна ўдарыць па авіякампаніі, бо ўзаемныя разлікі ўжо настроеныя так, каб выключыць лішнюю бюракратыю. Белавія цяпер давядзецца ўручную апрацоўваць узаемныя разлікі, што вельмі ўскладніць вядзенне дакументацыі ў кампаніі».

Кірыл Новікаў мяркуе, што практычна Беларусь можа абысці наступствы санкцый, аднак гэта будзе дарагога каштаваць.

«Глабальны свет дыктуе трэнды, рынак сам стварае зручныя сістэмы, да якіх рана ці позна ўсе прыходзяць. Вядома, могуць стварыць і патраціць на гэта шмат часу і грошай, але ўзаемныя разлікі дзейнічаюць кожную гадзіну і секунду, і страты ад адключэння ад гэтай сістэмы прыблізна роўныя таму, што Беларусь, сёння, для прыкладу, адключаць ад сістэмы разлікаў VIZA, MasterCard. Гэта прыблізна такі ж маштаб.

Безумоўна, авіякампанія ў такім выпадку вернецца да двухкампанентных праверак: адпраўка запыту на разлік і атрыманне справаздачы будзе праходзіць пад кантролем менавіта самой авіякампаніі. І памылкі, якія будуць рабіцца, а яны безумоўна ўзнікнуць, у выніку адаб'юцца ў памяншэнні прыбыткаў кампаніі, якія і без гэтага ўжо катастрафічна пайшлі ўніз пасля забароны палётаў у Еўразвяз».

З меркавання экспэрта, Беларусь першапачаткова пачала няправільна развіваць цывільную авіяцыю, у чым галоўная віна таксама ляжыць на цяперашняй уладзе. Аднак Кірыл Новікаў падкрэслівае, што ў самой беларускай авіяцыі працуюць прафесіяналы найвышэйшага ўзроўню. Якія таксама нейкім чынам сталі ахвярамі рэжыму.

«У цывільнай авіяцыі Беларусі працуюць высокія прафесіяналы, але яны працуюць у гэтым асяроддзі, у якім тон задае палітыка, прычым палітыка той улады, якая зараз нелегітымная. Шчыра кажучы, пакідаць монаперавозчыкаў у краіне пры адкрытым рынку на мяжы з ЕЗ - памылковая пастанова. І сёння рэжым Лукашэнкі проста атрымлівае ад гэтага вынік».

Кірыл Новікаў дадае, што, на жаль, цярпець у такой сітуацыі найперш будуць звычайныя беларусы, якія не змогуць нармальна лятаць у іншыя краіны.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».