20 красавiка 2024, Субота, 1:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць самых недарэчных прызначэнняў чыноўнікаў у Беларусі

17
Пяць самых недарэчных прызначэнняў чыноўнікаў у Беларусі

Ва ўладаў скончыліся ўсе лаяльныя вертыкальшчыкі?

Апошнія некалькі тыдняў у Беларусі на высокія пасады прызначалі новых кіраўнікоў. Недзе прызначэнне здаецца нармальным, а недзе пачынае здавацца, што ва ўладзе скончыліся ўвогуле ўсе лаяльныя вертыкальшчыкі, і не застаецца больш нічога, акрамя як тасаваць іх паміж сабой. Дзяўбаў камень у кар'еры - значыць, прыдасіся і лекі распрацоўваць.

The Village Беларусь узгадаў самыя дзіўныя прызначэнні апошняга часу.

Час ад часу ў Лукашэнкі здараюцца, як кажа ягоная прэс-служба, “кадравыя панядзелкі” (ці чацвяргі, ці пятніцы) — і тады партфелі раздаюць, здавалася б, ну зусім ужо выпадковым людзям. А высвеілілася - не здавалася. Вось прыгадаць хаця б, як Дзмітрыя Баскава, у дачыненні да якога вельмі моцныя падазрэнні ў датычнасці да збіцця да смерці Рамана Бандарэнкі, у верасні зрабілі чальцом Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (Дзяржаўныя СМІ любяць выкарыстоўваць слова "сэнатар"). Ён павінен будзе там займацца сацыяльнымі пытаннямі і спартовай палітыкай. А вось даўні выпадак, калі Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік раптам стаў старшынём Гарадзенскай вобласці. Часам, зрэшты, функцыянераў прызначае не Лукашэнка: іх выбіраюць на свабодных, усеагульных, прамых дэмакратычных выбарах (так, такія бываюць) сябры саміх арганізацый.

Выцягваў "кантрабас"? Цяпер пацягай гантэлі!

Самае свежае прызначэнне - учорашняе. Сайт Нацыянальнага алімпійскага камітэта паведамляе, што 7 снежня адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Беларускага цяжкаатлетычнага саюза. Адно з асноўных пытанняў, якія стаялі на канферэнцыі, - выбары новага кіраўніцтва, прэзідыума грамадскай арганізацыі. У выніку Саюз узначаліў Павел Лабачоў.

Лабачоў - кіраўнік... Віцебскай мытні! Зрэшты, і да свету спорту стаўленне мае, піша НАК: бо ён - сын заслужанага трэнера СССР і БССР у цяжкай атлетыцы Анатоля Лабачова. Зрэшты, гэта не ўсё. Лабачоў быў яшчэ і старшынём Віцебскага абласнога цяжкаатлетычнага саюза, так што нельга сказаць, што пасада для яго будзе зусім ужо новай.

А ўвогуле Лабачоў скончыў — лічыце — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Акадэмію Упраўлення пры Прэзідэнце. Працоўную дзейнасць пачаў у Магілёўскай мытні, за час працы прайшоў шлях ад інспектара мытнага паста да намесніка начальніка. Праходзіў службу ў Дзяржаўным мытным камітэце, у 2021 годзе Паўлу Лабачову прысвоены персанальны ранг дзяржаўнага дарадцы мытнай службы III рангу.

Даіў кароў? Бі з нагі!

Два дні таму кіраўніком Беларускай федэрацыі каратэ стаў Аляксей Багданаў. Яго абралі на справаздачна-выбарнай канферэнцыі, дзе за Багданава прагаласавалі 26 чалавек, а за іншага кандыдата Катуліна - 18. Багданаў заявіў, што на новай пасадзе разбярэцца з прыватнымі клубамі і ўзмоцніць дзяржструктуры. Ён плануе праехаць па ўсіх рэгіёнах, каб ацаніць узровень беларускага каратэ.

Што ж, павіншуем прызначэнца і пажадаем яму вялікіх творчых поспехаў. А што ў гэтым прызначэнні дзіўнага? Ды тое, што апошнія дзесяць год Багданаў займаўся сельскай гаспадаркай!

У 2008 годзе скончыў Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут, і з таго ж года пачаў працаваць на "Агракамбінаце "Дзяржынскі". Таксама год займаў пасаду намесніка генеральнага дырэктар ЗАТ "Мяса-малочная кампанія", пасля чаго ў 2014 годзе прыйшоў у міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, стаўшы начальнікам галоўнай управы замежнаэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча. У 2019 годзе скончыў навучанне ў Акадэміі кіравання, а ў гэтым годзе быў прызначаны намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання: курыраваў узаемадзеянне Мінсельгасхарча з міжнароднымі арганізацыямі, пытанні імпартазамяшчэння, экспарту мясной, малочнай, рыбнай, жывёлагадоўчай і харчовай прадукцыі.

Зрэшты, ёсць у яго прызначэнні і кропля логікі. Усё ж такі Багданаў скончыў фізкультурны інстытут і быў трэнерам-выкладчыкам у каратэ-до. Ён з'яўляецца майстрам спорту міжнароднага класа ў каратэ, перамог на чэмпіянаце свету ў камандзе паводле версіі WKC (1999 год), а ў асабістых спаборніцтвах першынство Еўропы (1993 год).

І вось не прычэпішся ж. Прафесійны каратыст узначаліў федэрацыю каратэ. Але выглядае гэта як быццам у кулуарах улады адбыўся прыкладна такі дыялог:

- Вось чорт, на пасаду кіраўніка Федэрацыі каратэ больш няма каго прызначыць. Можа, ты ведаеш якога каратыста, ну, апроч Пуціна?

- Дык гэта, быццам намесніка міністра, ну які там у мясе і малацэ, казаў, што ў маладосці займаўся.

- НІ СЛОВА БОЛЬШ!

Рухаў кадры? Цяпер рухай пешкі!

Тыдзень таму ў штаб-кватэры НАК Беларусі адбылася пазачарговая выбарная канферэнцыя Беларускай федэрацыі шахмат.

На канферэнцыі прысутнічаў прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук і яшчэ два дзясяткі прадстаўнікоў з рэгіёнаў. Мінспорту паказвае, якая святочная атмасфера панавала на мерапрыемстве (не).

Трэба было абраць новага старшыню: з ліпеня яго не было, бо ранейшая старшыня, Анастасія Сарокіна, падпісала ліст супраць гвалту і вымушана была з'ехаць з Беларусі; а абавязкі часова выконваў Аляксандр Шамко. Увогуле, прагаласавалі і абралі старшынём Сяргея Сычука.

Ну, а гэтым разам што дзіўнага? Толькі тое, што да новай пасады Сычук быў начальнікам аддзела кадраў авіякампаніі "Белавія". Але гэта яшчэ не ўся інтрыга. Да “Белавіі” Сычук узначальваў другі аддзел управы асабістай аховы службы бяспекі Лукашэнкі, мае ранг палкоўніка. І вось тут ужо не дзіўнае супадзенне, а працяг заканамернасці. The Village Беларусь расказваў, што 7 былых ахоўнікаў Лукашэнкі прызначылі на высокія пасады: Сяргей Кавальчук, напрыклад, стаў Міністрам спорту, а Вадзім Сіняўскі — кіраўніком МНС.

Гэта значыць, традыцыя прадоўжылася, і калі спачатку палкоўнік Сычук пайшоў кіраваць кадрамі, то цяпер будзе кіраваць усімі шахматамі краіны. Прынамсі, тымі, што не падпісаліся супраць гвалту. Сычук – прызначэнец даволі непрыкметны. Шахматны партал Chess-News.ru змог адшукаць толькі такую ягоную фатаграфію.

Лавіў тэрарыстаў? А зараз пацвердзі тэарэму!

У сярэдзіне кастрычніка Лукашэнка прызначыў новага намесніка старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. Да гэтага ў старшыні Прэзідыума НАН Уладзіміра Гусакова быў адзін першы намеснік і тры проста намеснікі. Цяпер дадаўся новы спецыяліст у навуцы. Ім стаў Алег Чарнышоў.

І ён зусім не кадравы навуковец, а кадравы сілавік, які дзесяцігоддзі займаўся сілавымі аперацыямі. У самым пачатку нулявых ён узначальваў Антытэрарыстычны цэнтр КДБ. У 2009-2013 гадах ён ужо камандаваў спецпадраздзяленнем КДБ "Альфа", а з вясны 2014-га стаў намеснікам старшыні КДБ. Яшчэ ў 2012-м ён трапіў у "чорны спіс" ЕЗ.

Зрэшты, ёсць і “падстава” для прызначэння Чарнышова ў будынак з калонамі. У інтэрнэце сустракаюцца звесткі, што ён - кандыдат юрыдычных навук. Гэта значыць, чалавек вучоны. Тут можна паўтарыць гіпатэтычны дыялог з калідораў улады. Маўляў, вось няма каго прызначыць у Акадэмію Навук, ці ведаеш ты якога-небудзь навукоўцаў?

Сіла ёсць? Дыплом не патрэбны

У гэтай гісторыі не будзем хадзіць вакол ды каля і гадаць, чаму на новай пасадзе апынуўся менавіта гэты чалавек. Бо Лукашэнка ўсё патлумачыў пры прызначэнні.

Такім чынам, у сярэдзіне кастрычніка Міністрам юстыцыі прызначылі Сяргей Хаменку. Да гэтага Мінюстам ніколі не кіраваў сапраўдны генерал. А менавіта - генерал-маёр міліцыі (скончыў Вайсковую акадэмію). Юрыдычнай адукацыі ў Хаменкі няма. Але не бяда, сказаў Лукашэнка:

- Права на памылку ў вас няма праз пільную увагу да таго пытання, якое вы будзеце весці. […] Добрыя, моцныя юрысты ў Мінюсце ёсць. Але там неўзабаве будуць патрэбныя вельмі моцныя арганізатары, кіраўнікі, патрэбны будуць вельмі адданыя людзі, дысцыплінаваныя, накіраваныя на разгляд пытанняў. Патрэбны магутны кіраўнік і арганізатар, я вельмі на вас спадзяюся. Таму і сказаў, што права на памылку ў вас няма.

…І шмат хто яшчэ.

Учора ў Лукашэнкі здарыўся чарговы кадравы дзень, і ён прызначаў нямала чыноўнікаў: адразу амаль тры дзясяткі. Там таксама ёсць некалькі цікавых трансфармацый.

Так, былы начальнік управы баявой службы Галоўнай управы камандавання ўнутранымі войскамі МУС Алег Малышэўскі стаў старшынём Чэрыкаўскага райвыканкама (ускраіна Магілёўскай вобласці, раён, ладна пацярпелы ад Чарнобыля).

Наогул, адразу некалькіх УУСшнікаў, КДБшнікаў і КДКшнікаў прасунулі ў кіраўніцтва раёнаў і абласцей. Напрыклад, начальнік управы КДБ Берасцейскай вобласці Максім Радзькоў увайшоў у склад Берасцейскага аблвыканкама; начальнік гомельскай ўправы ўнутраных спраў Аляксандр Шастайла ўвайшоў у склад Гомельскага аблвыканкама; начальнік управы КДБ у Менску і Менскай вобласці Аляксандр Церахаў стаў чальцом адразу двух выканкамаў: Менскага гарадскога і Менскага абласнога; начальнік управы КДБ Магілёўскай вобласці Ігар Паўлюшчанка - чальцом Магілёўскага аблвыканкама.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках