19 красавiка 2024, Пятніца, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Ціск з боку прэсы на рэжым мае вынік

6
Экспэрт: Ціск з боку прэсы на рэжым мае вынік

На Захадзе звярнулі ўвагу на беларускую дзяржпрапаганду.

У замежнапалітычных дачыненнях у 2021 годзе Беларусь вярнулася ў найгоршыя часы Савецкага Саюза, мяркуе нямецкі аналітык Аляксандр Фрыдман, паведамляе gazetaby.com.

- Тое, што сёння адбываецца ў дачыненнях паміж Беларуссю і Нямеччынай ці ўвогуле паміж Беларуссю і Еўропай, - самы змрочны момант за ўвесь 30-гадовы перыяд беларускай незалежнасці, - адзначыў аналітык у інтэрв'ю нашым калегам. - Сёння Беларусь знаходзіцца ў становішчы горшым, чым у 1991 годзе. Да таго ж яна ўсё менш і менш успрымаецца не як нешта самастойнае, а як тэрыторыя, якая фактычна кантралюецца Расеяй. Пры гэтым Лукашэнку ўважаюць за маскоўскую марыянетку. У шэрагах заходніх элітаў, якія цікавяцца беларускім пытаннем, Беларусь успрымаюць менавіта так.

Аналізуючы стасункі Беларусі і Нямеччыны, экспэрт звярнуў увагу на сітуацыю з размяшчэннем заходнімі вытворцамі дарагой рэкламы на дзяржаўнай тэлевізіі Беларусі.

- Бізнэс і палітыка ў Нямеччыне звязаныя. Даклад праваабарончай арганізацыі Libereco аб рэкламе заходніх кампаній на дзяржаўнай ТВ Беларусі з'явіўся ў той момант, калі беларуская тэма прысутнічае ўсюды, а імідж беларускай улады і так быў дрэнным, а пасля міграцыйнага крызісу яшчэ больш пагоршыўся.

І гэты даклад паказаў, што заходняя рэклама ідзе на каналах, якія паказваюць пачварную жахлівую прапаганду. На тым жа канале СТВ, з аднаго боку, распавядаюць «пра заходніх перакрутаў», абражаючы, у тым ліку асабіста Уршулю фон дэр Ляен, а, з другога боку, нямецкія канцэрны даюць туды сваю рэкламу.

Выявіўшы ў спісе рэкламадаўцаў хімічны канцэрн Henkel, узняўся вялікі скандал, і канцэрн, у якога быў трэці сярод заходніх кампаній рэкламны бюджэт, адразу адрэагаваў і адразу паведаміў, што новай рэкламы на гэтых каналах не будзе.

Гэты выпадак паказвае, што ціск з боку прэсы, з боку праваабаронцаў мае вынік. Мне здаецца, што прыкладу Henkel рушаць услед і іншыя кампаніі. Тым больш, ужо была гісторыя са швайцарскім канцэрнам «Нестле», які размяшчаў вельмі шмат рэкламы на беларускай тэлевізіі. Цяпер яе колькасць значна скарацілася, - нагадаў Фрыдман.

Акрамя памяншэння фінансавання рэкламнага бюджэту беларускай тэлевізіі, аналітык адзначыў яшчэ адзін важны момант.

- Эфект дастаткова нечаканы ў тым, што на Захадзе звярнулі ўвагу на беларускую дзяржаўную прапаганду. Раней там гэтай тэмай ніхто не займаўся. Беларуская прапаганда не цікавіць нікога нават у самой Беларусі, не гаворачы ўжо пра Захад.

Але гэта важны момант - прааналізаваць тое, што дазваляе сабе казаць беларуская тэлевізія. Тады абавязкова паўстае пытанне, як такое можа быць: з аднаго боку, прапагандысты параўноўваюць спадарыню фон дэр Ляен з Гімлерам і адначасова на гэтых жа каналах выходзіць рэклама заходніх канцэрнаў. Ці нармальна гэта і як наогул такое адпавядае? - задае пытанне экспэрт.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках