18 красавiка 2024, Чацвер, 12:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Якасную піцу з'есці будзе складана»

7
«Якасную піцу з'есці будзе складана»

Кавярні і рэстарацыі пра тое, ці будуць пераглядаць меню праз контрсанкцый.

Уведзеныя Менскам контрсанкцыі ў адказ на абмежаванні заходніх краін могуць адбіцца на рэстарацыя і кавярнях, якія залежаць ад паставак імпартных прадуктаў. Ці зможа грамадскае харчаванне ў гэтых умовах захаваць асартымент і ўзровень? Як забарона можа паўплываць на кошты? Zerkalo.io спытала пра гэта ў менскіх рэстаратараў.

Пацярпяць дарагія рэстарацыі ды іх кліенты

Рэстарацыі і кавярні забарону, або правільней сказаць абмежаванне, на ўвоз некаторых імпартных прадуктаў адчуюць, але не ўсе аднолькава, мяркуюць прадстаўнікі сталічнага рэстараннага бізнэсу, якія пагадзіліся паразмаўляць з намі на тэму жыцця пасля ўвядзення контрсанкцый.

— Рэстарацыі сярэдняй і нізкай цэнавай катэгорыі пацярпяць нязначна або не пацярпяць увогуле ў сувязі з тым, што яны ўжо паўтара-два гады таму былі вымушаныя перайсці на лакальныя прадукты, каб утрымаць цану, даступную для госця ў цяперашніх эканамічных рэаліях. Пацярпела якасць і разнастайнасць страў для госця, але захавалася даступнасць, - кажа Валерый, уладальнік некалькіх пунктаў сталічнага грамадскага харчавання.

У лік пацярпелых трапяць рэстарацыі прэміяльнага сэгмэнту, якія ўсё яшчэ імкнуцца трымаць узровень, няхай і падвышаючы цану, адзначае суразмоўца. Але гэта не значыць, што яны зусім знікнуць. Валерый прапануе ўспомніць расейскі досвед:

- Прэміяльныя рэстарацыі там нікуды не дзеліся. Вымушаныя былі мяняць меню ды інгрэдыенты, але засталіся на рынку. Мяркую, і беларускія прадаўцы будуць вымушаныя шукаць альтэрнатывы ў краінах, якія не трапілі пад санкцыі, або ў Расеі. Шмат якія сыры тыя ж расейцы навучыліся рабіць цалкам годна за час санкцыйнай вайны з ЕЗ, хоць сыры з цвіллю або вытрыманыя (пармезан і грана падана) не вырабляюць дагэтуль. Таму дзесьці альтэрнатыва забароненым прадуктам станецца даражэйшай, а дзесьці і проста немагчымай. Думаю, што найбліжэйшым часам якасную піцу рэстараннага ўзроўню з'есці ў Беларусі будзе складана.

Валерый нагадвае, што з новымі правіламі ўвозу яшчэ не ўсё ясна. Пакуль, паводле ягонай ацэнкі, у асноўныя страты для рэстараннага бізнэсу можна запісаць доступ да якасных замежных сыроў і каўбас.

- Здаецца, хамон і прашута ў доступе застануцца, - кажа суразмоўца.

Важна і тое, што гаворка ідзе не пра забарону імпарту, а пра квоты на яе. Гэта значыць, увозіць можна будзе не ўсім, хто хоча і не ва ўсякай колькасці, а тым, каму дазволяць і колькі дазволяць. На думку Валерыя, гэта можа азначаць, што «з'есці» ў Беларусі можна будзе ўсё, але стане гэта ўсё значна даражэйшым.

«Паспрабуем замяніць на беларускія»

Наша другая суразмоўніца Вікторыя прадстаўляе якраз той самы маленькую рэстаранны бізнэс, які, на думку Валерыя, забарона на ўвоз імпартных сыроў і каўбас амаль не закране.

— Рэстарацыя ў нас маленькае і невялікае меню, і, хаця кухня ў нас італійская, практычна ўсе прадукты мы выкарыстоўваем беларускія. З імпартных купляем ласося і вугра для сушы, але паколькі рыба не патрапіла пад санкцыі, то гэтых страў мы не страцім.

Мяса для стэйкаў і карпача мы таксама купляем айчыннае. Так, даводзілася часам вяртаць няякасны тавар пастаўшчыку, але потым мы знайшлі фермера і пытанне з мясам развязалася.

Вікторыя згодна з тым, што галоўныя страты - сыр і каўбасы, але паколькі ў іх меню ні мясной, ні сырнай нарэзкі няма, то і тут для іх няма ніякай пагрозы. Што тычыцца тых страў, у якіх імпартны інгрэдыент абавязковы, то, не выключана, што ад іх давядзецца адмовіцца.

- Ёсць у нас у меню суп, у які павінен дадавацца пармезан, але мы сапраўдны італійскі пармезан туды ніколі не дадавалі, бо калі зрабіць гэта, то кошт гэтага супу ўзляціць да нябёсаў і яго ніхто не захоча заказваць. Мы куплялі літоўскі сыр. Ну калі зараз і яго не будзе, то, напэўна, паспрабуем выкарыстаць нейкі беларускі пармезан, але калі не атрымаецца, то давядзецца адмовіцца ад гэтай стравы. Не магу сказаць, што гэты суп вельмі папулярны. Так, для гатавання карпача патрэбны пармезан, і гэтая папулярная страва, яе часта замаўляюць. Будзем шукаць ці магчымасць купляць ці замену, ну, а калі не атрымаецца, то і ад яго давядзецца адмовіцца. Мы маленькая рэстарацыя сярэдняга коштавага сегмента, думаю выкруцімся, - рэзюмавала суразмоўніца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках