24 красавiка 2024, Серада, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NYT: Менскі авіядыспетчар уцёк у Польшчу і даў сведчанні пра пасадку рэйса Ryanair

87
NYT: Менскі авіядыспетчар уцёк у Польшчу і даў сведчанні пра пасадку рэйса Ryanair
АЛЕГ ГАЛЕГАЎ

Пасадка самалёта была аперацыяй беларускага КДБ.

Гэтым летам авіядыспетчар з Менска перасёк польскую мяжу разам з мігрантамі і даў сведчанні аб прымусовай пасадцы самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам у Менску. Гэтую інфармацыю ў сераду апублікавала New York Times. Газета спасылаецца на крыніцы ў еўрапейскіх службах бяспекі, якія пажадалі застацца неназванымі, бо яны не ўпаўнаважаны абмяркоўваць канфідэнцыйныя звесткі.

Паведамляецца, што авіядыспетчар працаваў у Нацыянальным аэрапорце "Мінск" і трапіў у Польшчу праз некалькі тыдняў пасля скандалу з пасадкай самалёта. Пасля сваіх уцёкаў ён падаў падрабязныя сведчанні аб тым, што самалёт Ryanair быў аб'ектам сфальсіфікаванай тэрарыстычнай атакі, якая была часткай аперацыі беларускай выведкі для злову Пратасевіча.

Крыніцы NYT назвалі імя дыспетчара - Алег Галегаў, выхадзец з Грузіі, жанаты з беларускай. Гэтае імя раней ужо гучала ў СМІ: у ліпені найстарэйшая беларуская газета "Наша Ніва" паведамляла, што дыспетчара Галегава з чэрвеня не было на працы, начальства не можа з ім звязацца, але адзін з ягоных калег тады сказаў, што Галегаў нібыта паехаў у адпачынак у родную Грузію. Пасля дакладнай інфармацыі пра яго не было, усе свае старонкі ў сацсетках ён выдаліў.

Як сцвярджаюць крыніцы выдання, менавіта Галегаў, знаходзячыся на дзяжурстве ў дыспетчарскай, быў змушаны пераконваць пілота самалёт, што ў яго на борце “бомба” і ён не можа ляцець да Вільні. У Польшчы, паводле інфармацыі спецслужбаў, мужчына адразу звярнуўся ў пасольства ЗША, але там яго накіравалі да польскіх уладаў.

NYT звярнулася па каментар да прэс-сакратара міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслава Жарына. Той адмовіўся гаварыць пра падрабязнасці, але пацвердзіў, што польскім следчым, якія займаюцца справай выкрадання самалёта Ryanair, удалося "атрымаць сведчанні прамога сведкі падзей, якія адбываліся на дыспетчарскай вышцы ў Менску". Жарын дадаў, што, паводле слоў сведкі, у дыспетчарскай знаходзіўся афіцэр КДБ, які ў вызначальны момант узяў дыспетчараў пад свой кантроль і на працягу ўсяго інцыдэнту бесперапынна даваў камусьці справаздачу праз тэлефон.

Сведчанні дыспетчара-ўўцекача, піша New York Times, былі вельмі карыснымі для польскай пракуратуры, якая расследуе інцыдэнт (самалёт, на якім выконваўся рэйс, зарэгістраваны ў Польшчы і належыць да польскага філіяла Ryanair).

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках