17 красавiка 2024, Серада, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Польшчы: Веру, што беларусы і беларускі ўбачаць дэмакратычную нармальнасць

28
Прэзідэнт Польшчы: Веру, што беларусы і беларускі ўбачаць дэмакратычную нармальнасць

Анджэй Дуда выступіў з прамовай на Саміце за дэмакратыю.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прамовай на Саміце за дэмакратыю. «Белсат» публікуе ягоную прамову цалкам.

- Паважаныя спадары! Кіраўнікі дзяржаў і старшыні ўрадаў! Лідары дэмакратычнага свету!

Дазволю сабе падзяліцца з вамі асабістым роздумам. Трыццаць адзін год таму я ўпершыню галасаваў на свабодных выбарах і ўпершыню ў гісторыі пасляваеннай Польшчы маё пакаленне атрымала магчымасць абраць прэзідэнта дэмакратычным шляхам. Год таму я стаў другім прэзідэнтам у гісторыі маёй дзяржавы, якога пераабралі на гэтую пасаду. Гэта адбылося ва ўмовах рэкорднага прыходу выбарцаў і сумленнай барацьбы з маім апанентам, Рафалам Тшаскоўскім, цяперашнім прэзідэнтам Варшавы.

Калі б мне давялося выступаць перад вамі больш за дзесяць месяцаў таму, я, напэўна, расказаў бы – як і многія з вас – пра сваю краіну, Польшчу, якая шмат разоў павінна была плаціць за дэмакратыю крывёй яе сыноў і дачок.

Напэўна, я казаў бы таксама пра прыярытэты нашага пакалення сусветных лідараў і пра нашу вялікую задачу. А яна, на маю думку, у тым, каб спыніць няроўнасць, якая ў постпандэмічным свеце, на жаль, толькі ўзмацняецца. Амаль ва ўсіх краінах - і ў маштабах, якіх мы дагэтуль не ведаем. Мая краіна тут таксама не выключэнне.

Напэўна, я казаў бы, што дэмакратыя павінна вярнуцца да каранёў: дыскусія зноў павінна быць дыскусіяй, а не заклікам цэнзураваць апанентаў, палітычная барацьба не можа дэгуманізаваць апанента, бо апанент - такі ж чалавек, які - з розных прычын - мае погляды адрозныя ад нашых.

Але за гэты час адбылося нешта важнае, што змяніла мае погляды на дыскусію аб дэмакратыі. Праз чатыры тыдні пасля майго пераабрання, калі больш за 20 мільёнаў маіх суайчыннікаў, полек і палякаў, выкарыстоўвалі права голасу, нашы суседзі, беларускі і беларусы, былі чарговы раз і самым брутальным чынам такога права пазбаўленыя. А Беларусь знаходзіцца за 180 кіламетраў ад Варшавы. Там зараз мяжа дэмакратыі, а можа нават і больш - бездань паміж дэмакратыяй і яе адсутнасцю.

У Беларусі няма дыскусіі аб выбарчай сістэме, аб няроўнасці, аб меншасці і ідэалогіі. Гэта наша раскоша, людзей Захаду. Там зараз клопат, як выцягнуць з турмаў 900 чалавек, адзінай правінай якіх стала жаданне свабодных выбараў. І як адхіліць ад улады дыктатара, які кіруе ўжо 27 гадоў, які, парушаючы ўсе прынцыпы цывілізаванага свету, сфальсіфікаваў галасаванне і задушыў мірныя пратэсты.

Чаму я кажу пра Беларусь? Бо Польшча, дзякуй Божай ласкі за нашу выпакутаваную ў 80-х гадах свабоду, узяла на сябе некалі абавязак: быць апорай дэмакратыі ва Усходняй Еўропе! Гэта дастойная задача, але яна мае і свае наступствы. Мы застаёмся на мушцы крамлёўскай прапаганды, а з нядаўняга часу адбіваем на нашай мяжы атакі гібрыднай аперацыі, якую распачаў дыктатар Аляксандр Лукашэнка.

Мяне спыталі пра абавязкі – і я ўрачыста заяўляю нашым беларускім братам і хачу, каб гэта было пачута паўсюль на ўсходзе ад Польшчы: Польшча працягне падтрымліваць дэмакратыю, бо я лічу, што мая дачка, народжаная ў 1995 годзе, якая ні секунды не жыла ў дыктатуры, і яе беларуская равесніца, якая ніколі не бачыла свабодных выбараў, - гэта дзве роўныя паміж сабой асобы з аднолькавымі правамі.

ДЭКЛАРУЮ як Прэзідэнт Рэспублікі Польшча, што 180 тысяч беларусак і беларусаў, якія знайшлі працу або абарону ў Польшчы, будуць прыняты намі як крэўныя і самыя дарагія госці.

ЗАЯЎЛЯЮ, што Польшча ўсведамляе: падтрымка дэмакратыі мае сваю цану. У тым ліку і той кошт, што сёння плацяць нашы памежныя службы, паліцыя і войска, ахоўваючы ўсходнюю мяжу Еўрапейскага Звязу ад помсты дыктатара, ад тыраніі і пагарды да чалавека. Я гавару гэта не толькі як прэзідэнт Рэспублікі Польшча.

Я кажу гэта як Анджэй Дуда, які ў 2025 годзе завершыць сваё прэзідэнцтва і аддасць уладу дэмакратычна абранаму пераемніку ці пераемніцы. А пасля з гонарам стане звычайным грамадзянінам, простым выбарцам. І я веру, што беларусы і беларускі калі-небудзь убачаць такую ж дэмакратычную нармальнасць.

Такую, у якой прэзідэнты мяняюцца, а застаюцца яны - свабодныя грамадзяне, вольныя і свабодныя выбарцы. Заклікаю ўсіх прысутных да салідарнасці ў гэтай справе, заклікаю да салідарнасці з Беларуссю. Сёння гэта адзін з найважнейшых выклікаў, які стаіць перад дэмакратычным светам.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках