18 красавiка 2024, Чацвер, 17:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хітрыя рэйтынгі

6
Хітрыя рэйтынгі
Андрэй Саннікаў

Становішча з правамі чалавека і свабодамі ў Беларусі патрабуе неадкладнай жорсткай рэакцыі.

Цікавая штука, рэйтынгі. Нядаўна ва ўсіх СМІ прайшла сенсацыйная навіна:

Беларусь страціла 98 пазіцый у рэйтынгу бяспекі міжнароднай базы Numbeo. У пачатку 2020 года Беларусь займала 16-е месца з 129 краінаў і знаходзілася паміж Харватыяй і Даніяй. Паводле звестак на пачатак 2021, краіна апусціліся на 114-е месца сярод 135 краінаў і знаходзіцца цяпер паміж Дамініканскай Рэспублікай і Кеніяй.

Гэта значыць, да мінулага года Беларусь уважалася бяспечнай? І не проста бяспечнай, а ў цэлых шэсць разоў бяспечнейшай, чым цяпер. На цэлых 98 краінаў бяспечнейшай. Цікава, а чаму? Таму што забівалі, катавалі і збівалі выбарачна, а не без разбору, як цяпер?

Такія падзенні рэйтынгаў здараюцца пры дзяржаўных пераваротах, часцей за ўсё вайскоўцаў. А у нас жа перавярнулі ўсё даўно, і нутро сваё подлае Лукашэнка асабліва не хаваў. І нічога кардынальна ў рэжыме не памянялася, проста ўся брыдота вылезла вонкі.

Стаў глядзець і згадваць іншыя рэйтынгі. Вось, напрыклад, пару гадоў таму са здзіўленнем чытаў у медыя, якія называюць незалежнымі, што беларуская сістэма аховы здароўя ў якасці і даступнасці медыцыны заняла 46-е месца з 195 краінаў свету. Ну вось дзіва. Павінны былі з кавідам іхнім жартам справіцца. Ажно не, нешта зноў пайшло не так, смяротнасць давялося старанна хаваць, і да гэтага часу рэальная колькасць невядомая. Глядзім той жа Numbeo і выяўляем, што ўсяго за год узровень аховы здароўя ўпаў на 31 краіну, з 59-га месца на 90-е. Але так не бывае. Такое рэзкае падзенне пасля 26 гадоў росквіту проста не можа здарыцца.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ў рэйтынгах свабоды слова, павагі да правоў чалавека, свабоды прэсы лукашэнкаўская Беларусь заўсёды боўталася дзесьці паміж Зімбабвэ і Туркменістанам. Але нават у гэтых паказніках час ад часу, каб дагадзіць Лукашэнку спрабавалі паказваць нейкі ўяўны прагрэс. Сам пару разоў лавіў за руку махляроў, дарэчы з беларусаў, якія займаліся такімі падтасоўкамі ў досыць аўтарытэтных міжнародных арганізацыях.

Успомнілася, як некалькі гадоў запар уся прапаганда, ды і згаданыя «незалежныя» медыя шумелі пра высокія паказнікі Беларусі ў індэксе чалавечага развіцця ПРААН. Пры разліку індэкса чалавечага развіцця выкарыстоўваюцца каэфіцыенты, якія базуюцца на трох асноўных паказніках: чаканая даўжыня жыцця, узровень пісьменнасці насельніцтва і ўзровень жыцця. З пісьменнасцю ў нас сапраўды ўсё ў парадку (разумныя, але няшчасныя), а вось з астатнім – сур'ёзныя праблемы.

Ці вось пра бізнэс-клімат доўга расказвалі і рэжымныя прапагандысты, і самі бізнэсмэны ў надзеі ўнікнуць спусташэння. Клімат станавіўся «ўсё лепшым», а прадпрымальнікаў ціснулі ўсё больш, за выключэннем, вядома, тых, хто забяспечваў дабрабыт банды.

І вось раптам пачалі бачыць. Згодна з нядаўнімі апытаннямі 400 мэнэджараў і ўладальнікаў бізнэсу цэлыя 63 іх адсоткі, высвятляецца, мяркуюць, што з эканомікай у нас швах, а 73% мяркуюць, што будзе яшчэ горш.

Вельмі шмат захапленняў трапляе ў прэсу з нагоды нізкага ўзроўню карупцыі ў Беларусі. Гэта пры дыктатуры! Мабыць, нейкая іншая карупцыя маецца на ўвазе. Якія-небудзь жудасныя хабары большыя за 10 рублёў, а не бяскрыўдныя шматгадовыя прысуды за нежаданне дзяліцца і не нявінны распродаж нашай зямлі арабскім і сербскім сябрам-̶б̶а̶н̶д̶ыт̶а̶м̶прадпрымальнікам.

Да чаго ж уся гэтая прадмова?

А вось да чаго: ніякай сенсацыі і ніякага падзення рэйтынгаў не адбылося. Адбылося карэктаванне ацэнкі стану справаў у Беларусі ў бок рэалізму. Проста пасля прылюднага шаленства рэжыму і ягонага асноўнага персанажа нешта хаваць стала немагчыма. Рэйтынгі сталі адлюстроўваць сапраўдны малюнак, а не той, які спрабавалі маляваць памагатыя дыктатара.

Сёння раскрылася тое, што было вядома нам, беларусам, і што не хацелі заўважаць у дэмакратычным свеце. Таму так далёка ўсё і зайшло.

Рэальныя рэйтынгі сёння проста лямантуюць пра жудаснасць паводзінаў заселай ва ўладзе ў Беларусі банды. Гэтыя рэйтынгі пры Лукашэнку ўжо не зменяцца.

Відавочнае для ўсіх становішча з правамі чалавека і асноўнымі свабодамі ў еўрапейскай Беларусі патрабуе неадкладнай жорсткай рэакцыі: санкцыі, арышты рахункаў кішэняў рэжыму, забарона на любыя міжнародныя мерапрыемствы на тэрыторыі Беларусі, выправаджэнне лукашэнкаўскіх амбасадараў, адключэнне ад SWIFT, спыненне дзейнасці лукашысцкіх кампаній на Захадзе і іншае, іншае, іншае...

У апошні час шматлікія заходнія палітыкі з задавальненнем карыстаюцца ў сацыяльных сетках хэштэгам #StandByBelarus (падтрымліваю Беларусь). Мода такая. Добра было б, каб за модным значком рушылі даўно чаканыя дзеянні, для якіх у гэтых палітыкаў ёсць усе магчымасці і падставы.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках