23 красавiка 2024, aўторак, 16:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як доўга ўлады «будуць гнаць ровар»

8
Як доўга ўлады «будуць гнаць ровар»

Гісторыя мотавелазавода - выдатны прыклад таго, да чаго можа давесці няўмелае кіраванне.

Дырэктар у развіцці кампаніі «Адрыус» у Нямеччыне, Украіне, Літве, Расеі і Беларусі Іван Рак не падзяляе аптымізму беларускіх уладаў у дачыненні да мотавелазавода, піша «Салiдарнасць».

- Аднаўленне вытворчасцей, тыпу Менскага мотавелазавода - гэта самагубства, - адзначае бізнэсовец у інтэрв'ю на «Примусе». - Гэтыя ровары паўсюдна ўжо ўсе робяць і вяртацца назад у мінулае бессэнсоўна. Няхітрая справа - вынайсці ровар. Важна - каб ён ехаў. Колькі ўжо можна насіцца з гэтым? Мадэрнізуем- мадэрнізуем, ды ўсё ніяк.

Калі няма бізнэс-плана, то захоўваць што-небудзь у імя падтрымання нацыянальнага гонару бессэнсоўна, мяркуе экспэрт.

Наогул гісторыя мотавелазавода - выдатны прыклад таго, да чаго можа давесці няўмелае кіраванне. Бо яшчэ 25 гадоў таму гэта было дастаткова сур'ёзнае прадпрыемства, дзе працавала пад 3 тысячы чалавек. Цяпер там працуе 120 і прадпрыемства адчувае сябе не самым найлепшым чынам. І гэта пры тым, што попыт на ровары апошнім часам значна павялічыўся.

- Характэрна, што, калі Лукашэнка абмяркоўваў гэтае пытанне, ён зрабіў такую рэмарку: нам трэба захаваць гэту вытворчасць, але пры гэтым скараціць вытворчыя плошчы, гэта значыць, гэтыя смачныя кавалачкі аддаць пад правільнае прызначэнне. Таму з гэтым роварам, як у той песні Барыкіна: «Я буду доўга гнаць ровар, у глухіх лугах яго спыню». У якіх лугах яго спыняць, калі гэтую вытворчасць адновяць? Гэта пытанні без адказаў.

На думку бізнэсоўца, тое, што прадпрыемствы паміраюць і нараджаюцца - гэта пытанне нармальнай дэмаграфіі бізнэсу.

- Трэба пачынаць з продажу старых заводаў і гэтых вытворчых памяшканняў, якія ў прынцыпе нічога не вартыя. Трэба пазбавіцца ад гэтых монстраў савецкага часу. Таму што цяпер новыя тэхналогіі дазваляюць будаваць хутка і танней, а мы гэтыя адрыны прапануем, - адзначае Іван Рак.

Гэта імкненне захаваць «наша ўсё» супярэчыць эканамічнай навуцы і законам арыфметыкі і ў выніку не дазваляе зрабіць лепш, больш якасна і танней.

- Гэта ўсё ад неадукаванасці. У нас у гэтых райвыканкамах, аблвыканкамах сядзяць «чырвоныя начальнікі», на заводах сядзяць «чырвоныя дырэктары», якія жывуць мінулым, - тлумачыць бізнэсовец. - Яны і не разумеюць, што ёсць новыя шляхі развіцця, новыя шляхі мадэрнізацыі, новыя рынкі продажу. Ёсць толькі жаданне заставацца ў абойме вертыкалі ўлады, мець нейкі гарантаваны даход у выглядзе нейкага пайка, нейкіх прывілеяў і магчымасцяў. Ім абсалютна не цікавае развіццё краіны цалкам. Яны, як гэтыя памешчыкі, маюць сваю латыфундыю з прыгоннымі.

Іван Рак расказаў, як адзін ягоны знаёмы расейскі фундатар уклаўся ў аграрны бізнэс у Беларусі.

- Дык яго ж выклікаюць на планёркі ў райвыканкам! Ён павінен там сядзець і слухаць, што яны гавораць. Павінен выконваць спушчаныя прагнозныя паказчыкі. А яны там вызначаюць, колькі цыбулі ён абавязаны пакінуць у краіне, а колькі прадаць у Маскву.

Вось ён кажа: у мяне цікавасць усё прадаць у РФ, а яму кажуць: не, ёсць харчовая квота і для прыватнікаў таксама, таму ты не можаш усё прадаць. А ён, калі ўсё не прадаў, то астатнія 30% згнілі да вясны, таму што ў нас не такія, як у Нідэрландах, складскія памяшканні з рэфрыжэратарамі. Вось яна праблема!

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках