23 красавiка 2024, aўторак, 9:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкі суд вынес гістарычны прысуд былому агенту спецслужбаў за катаванні людзей у Сірыі

5
Нямецкі суд вынес гістарычны прысуд былому агенту спецслужбаў за катаванні людзей у Сірыі
Фота: DW

Пастанова стварыла важны прэцэдэнт для іншых спраў.

Суд нямецкага горада Кобленца прысудзіў былога агента сірыйскай сакрэтнай паліцыі Еяда А. да 4,5 гадоў пазбаўлення волі за суўдзел у злачынствах супраць чалавецтва ў Сірыі.

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.

Такая пастанова з'яўляецца беспрэцэдэнтнай, бо гэта першы ў Нямеччыне выпадак, калі суд за межамі Сірыі вынес пастанову аб катаваннях, якія ўжываюцца рэжымам прэзідэнта Сірыі Башара Асада.

Пракуроры сцвярджалі, што 44-гадовы мужчына даставіў не менш за 30 антыўрадавых дэманстрантаў у таемныя турмы каля Дамаска ў 2011 годзе, вядомыя як Аль-Хаціб, або аддзяленне 251, дзе іх катавалі.

Для яго патрабавалі пакарання ў выглядзе 5,5 гадоў пазбаўлення волі. У той жа час абарона былога агента выступала за ягонае апраўданне, аргументуючы сваю пазіцыю тым, што мужчыну маглі забіць, калі б ён не выканаў загад. Акрамя таго, там казалі, што, нягледзячы на дапамогу Еяда А. падчас затрыманняў людзей, якія пратэставалі супраць сірыйскага рэжыму, ён усё ж не выканаў загад свайго начальніка - не расстраляў іх.

Мужчына дэзерціраваў у 2012 годзе, а праз год ўцёк з Сірыі. Правёўшы некаторы час у Турцыі і Грэцыі, ён прыбыў у Нямеччыну ў 2018 годзе, дзе яго апазналі імаверныя ахвяры катаванняў. Некаторыя з іх прыехалі ў Нямеччыну як уцекачы.

Еяда А. арыштавалі ў 2019 годзе разам з больш высокапастаўленым былым сірыйскім чыноўнікам Анварам Г., які таксама знаходзіцца пад следствам у Кобленцы.

Праваабаронцы спадзяюцца, што такая гістарычная пастанова стане прэцэдэнтам для іншых спраў. Пры разглядзе справы нямецкія пракуроры спасылаліся на прынцып універсальнай юрысдыкцыі ў міжнародным праве, які дазваляе ў іншых краінах прыцягваць да адказнасці ў судовым парадку за ваенныя злачынствы, учыненыя замежнікамі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках