25 красавiка 2024, Чацвер, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Forbes: Новая Зэландыя стала казачна багатай дзякуючы COVID-19

3
Forbes: Новая Зэландыя стала казачна багатай дзякуючы COVID-19

Якія яшчэ краіны чакае росквіт на фоне пандэміі?

Утаймаваўшы пандэмію каранавіруса, Новая Зэландыя цяпер зазнае неймаверна імклівае павелічэнне колькасці вельмі багатых грамадзян. На працягу наступных 5 гадоў колькасць багатыроў у краіне вырасце на 50%.

Пра гэта піша Forbes (пераклад - unian.net), дадаючы, што мільянераў у Новай Зэландыі і так павялічылася на траціну за папярэднюю "пяцігодку". Але за наступны аналагічны перыяд іх стане больш на 72%. Між тым колькасць "асоб са звышвысокім чыстым капіталам" (UHNWI) павялічыцца на 52% за той жа адцінак часу. Пра гэта сведчыць справаздача кансультацыйнай кампаніі ў сфэры нерухомасці Knight Frank.

Новая Зэландыя становіцца настолькі багатай краінай, што трэба зарабіць сама менш 2,8 мільёна даляраў, каб стаць чальцом 1% самых заможных жыхароў краіны. Гэта ставіць Новую Зэландыю на чацвёртае месца ў свеце ў гэтым паказчыку пасля Манака, Швайцарыі і ЗША. У гэтых краінах трэба мець вялікія даходы, каб апынуцца "на вяршыні". Напрыклад, у Манака трэба валодаць не менш як 7,9 мільёна даляраў.

Але не толькі грошы прымушаюць свет зайздросціць мільянерам сярод "ківі". Са снежня пашпарт Новай Зэландыі стаў трэцім самым уплывовым на планеце, згодна з Passport Index, які ацэньвае магчымасці грамадзян розных краін падарожнічаць без віз. Таму заможныя людзі з усяго свету цяпер прапаноўваюць мільёны інвестыцый за права перабрацца ў Новую Зэландыю. У пікавы момант гэтай цікавасці кожныя 30 сэкундаў хто-небудзь з ЗША заходзіў на сайт іміграцыі ў краіну. Хоць працэс пярэбараў каштуе 2,2 мільёна даляраў і доўжыцца ад трох да чатырох месяцаў.

"Колькасць іміграцыйных запытаў надмерная. І гэта адбіваецца на нашай нерухомасці таксама", - сказаў дырэктар навазэландскай філіі Sotheby's International Realty Марк Гарыс.

Але тыя, каму пашчасціла перабрацца ў Новую Зэландыю, цяпер жывуць жыццём фактычна без усялякіх абмежаванняў дзеля каранавіруса. З верасня ўсе бары, рэстарацыі працуюць, як раней. І нават канцэрты ладзяцца. На пачатку гэтага месяца, праўда, быў кароткачасовы карантын.

"Летась мы ўсе ездзілі на лыжы. Мы купаліся, займаліся сёрфінгам, гулялі ў гольф і плавалі пад ветразем, як гэта было калісьці", - сказаў Гарыс.

Іншы магніт для багацця з усяго свету - гэта аддаленасць шмат якіх аб'ектаў нерухомасці на перыферыі і ўзбярэжжы Новай Зэландыі. Прыкладна чвэрць ад усіх UHNWI сёлета шукалі новае жытло, пра што сведчаць звесткі справаздачы Knight Frank. З іх прыкладна 56% хацелі набыць штосьці на ўзбярэжжы. Крыху менш за палову (47%) шукалі нерухомасць у сельскай мясцовасці.

Але ўсё гэта прычыніласяда павышэння цаны нерухомасці. У найбуйнейшым горадзе Новай Зэландыі - Оклэндзе - кошт звычайнай кватэры на канец мінулага года быў вышэйшы на 18%. А цэны раскошных аб'ектаў падскочылі на 157%. Гэта стварыла пэўныя праблемы. Летась рост цаны нерухомасці стаў перадвыбарнай праблемай. Бо людзі, якія хацелі набыць сваё першае жытло, не маглі сабе гэта дазволіць.

Цэнтральны банк Новай Зэландыі заявіў, што ў наступным месяцы ўвядзе абмежаванні на гіпатэку, каб спыніць спекуляцыі. Замежнікам таксама ствараюць перашкоды. Без грамадзянства або дазволу на жыхарства ім патрабуецца ўхвала ад службы замежных інвестыцый. І разгляд заявы можа доўжыцца месяцамі. Але ўсё адно не адлюстроўвае цікавасць мільянераў з усяго свету да Новай Зэландыі.

Зрэшты, астраўная краіна - не адзіная, хто атрымаў вялікую выгаду ад пандэміі COVID-19. Кітай таксама вяртаецца да нармальнага жыцця. І гэта спрыяе росту багацця ў краіне. Лік "асоб са звышвысокім чыстым капіталам" у Кітаі летась вырас на 16%. Чакаецца, што пад 2025 год такіх багатыроў стане больш на 32 тысячы.

І Кітай, і Новая Зэландыя належаць да той часткі Азіі, якая зазнае "бум" багацця. У наступныя 5 гадоў наперадзе ўсіх у гэтым працэсе будуць Індыя ды Інданэзія. У выпадку апошняй чакаецца падваенне колькасці мільянераў. У цэлым жа ў свеце чакаецца рост колькасці "асоб са звышвысокім чыстым капіталам" на 27% да 2025 года. А ў Азіі гэты прырост будзе складаць 39%.

У Knight Frank прагназуюць, што на кантыненце будзе жыць чвэрць усіх заможных людзей планеты.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках