19 красавiка 2024, Пятніца, 12:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валютны шок можа агаліць паліцы крамаў у Беларусі

14
Валютны шок можа агаліць паліцы крамаў у Беларусі

Эканамісты прадракаюць дэфіцыт тавараў на спажывецкім рынку краіны.

У Беларусі пачалася чарговая кампанія адміністрацыйнага кіравання коштамі. Пастаўшчыкам харчовых тавараў і лекаў даручана рост коштаў практычна спыніць. Аднак праз гэта могуць апусцець паліцы ў крамах, пішуць naviny.online.

Адміністрацыйны шлях да «справядлівых» коштаў

У Беларусі ў апошнія месяцы інфляцыйныя працэсы прыкметна выраслі. Улады чакалі, што ў 2021 годзе інфляцыя складзе 5%, аднак за студзень сітуацыя была зусім іншай — рост коштаў на спажывецкім рынку ў гадавым вылічэнні паскорыўся да 7,7%.

Гэта падштурхоўвае Нацыянальны банк да павелічэння стаўкі рэфінансавання, што непазбежна прывядзе да падвышэння кошту крэдытных рэсурсаў для эканомікі. Для ўрада, адказнага за рост ВУП у краіне, такі сцэнар наўрад ці пажаданы.

Да таго ж рост ПДВ на лекі і медтэхніку прывёў да павелічэння коштаў у аптэках, што зусім не спадабалася беларускім уладам.

У выніку, прынятая пастанова жорстка рэагаваць на паскарэнне інфляцыйных працэсаў — з 23 лютага і да канца месяца пастаўшчыкам сацыяльна значных тавараў і лекаў урад забараніў падвышаць кошты сацыяльна значных тавараў. А з сакавіка кошты 62 найменняў сацыяльна значных тавараў і 50 найменняў лекаў дазволена падвышаць толькі на 0,2% за месяц.

Фактычна, гэта чарговае відавочнае ўзмацненне жорсткасці цэнавага кантролю ў краіне. Дарэчы, да 2019 года, на фоне стабільнасці валютнага курсу, выпадкі рэгулявання коштаў былі адзінкавымі, і тычыліся, напрыклад, цукру.

Тэндэнцыя на відавочнае ўзмацненне жорсткасці кантролю над коштамі пачаўся летась і быў звязаны з ростам курсаў замежных валют у Беларусі. У сакавіку мінулага года беларускім кампаніям было загадана падвышаць кошты не больш чым на 0,5 адсотка за месяц.

Аднак тая пастанова выклікала велізарны рэзананс, бо пасля праведзенай вясной мінулага года 20-адсоткавай дэвальвацыі стрымаць рост коштаў было практычна немагчыма. Таму неўзабаве дзяржава замяніла кантроль над коштамі з татальнага на выбарачны, прычым гранічныя значэнні ў тэмпах росту коштаў не ўстанаўліваліся.

З красавіка 2020 года і да 23 лютага гэтага года цэнавы кантроль выяўляўся ў асноўным у тым, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вызначала пералік сацыяльна значных тавараў і стрымлівала рост коштаў гэтых пазіцый шляхам абмежавання рэнтабельнасці вытворцаў, надбавак імпарцёраў і аператараў раздробнага, а таксама аптовага гандлю.

Аднак, відавочна, гэтых захадаў уладам здалося недастаткова, і таму яны зноў наважылі перайсці да больш жорсткіх метадаў коштавага кантролю з устанаўленнем гранічных тэмпаў росту спажывецкіх коштаў.

Дарэчы, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў тлумачэнні пастановы Саўміна аб стрымліванні цэн, адзначыла, што «мэтавая задача пастановы ўрада — гарантыя справядлівых коштаў пазіцый харчовых тавараў і лекавых сродкаў штодзённага попыту».

Працяглае замарожванне коштаў пагражае дэфіцытам тавараў

Да чаго ўзмацненне жорсткасці цэнавага кантролю прывядзе на гэты раз? Да больш справядлівых коштаў на спажывецкім рынку ці да дэфіцыту тавараў праз нежаданне пастаўшчыкоў прадаваць іх дырэктыўнымі коштамі?

Дарэчы, да сацыяльна значных тавараў, кошты якіх цяпер будуць рэгулявацца, аднесеная не толькі айчынная прадукцыя, але і ў тым ліку імпартная — свежамарожаная рыба (траска, скумбрыя), чай і кава, раслінны алей.

Паколькі курс даляра пакуль стабільны, перадумоў для значнага росту коштаў імпартных прадуктаў харчавання цяпер няма, распавёў карэспандэнту БелаПАН топ-мэнэджар дыстрыбутарскай кампаніі.

«Летась рост курсу даляра прыкладна на 20% мы кампенсавалі шляхам павелічэння коштаў на 8%, а таксама шляхам згортвання акцый. Цяпер ніхто проста так кошты падымаць не будзе, а калі валютны курс зноў пойдзе ўверх, то ніякая пастанова ўрада стрымаць рост коштаў не зможа», — адзначыў суразмоўца.

З ягоных слоў, бізнэс не будзе працаваць у страту, і калі жорсткае дзяржрэгуляванне коштаў захаваецца надоўга, то ў выпадку росту валютнага курсу імпарцёры прадуктаў харчавання вымушаныя будуць прыпыніць адгрузку прадукцыі ў гандлёвыя сеткі.

«Калі валютны курс пойдзе моцна ўверх, многія ў страту працаваць не захочуць, і бізнэс будзе спыняцца і весці перамовы з уладамі аб далейшых дзеяннях», — выказаў меркаванне ў каментары для БелаПАН пастаўшчык прадуктаў харчавання.

Такога меркавання прытрымліваюцца і беларускія эканамісты.

«Напрыклад, кава — гэта біржавы тавар. Калі кошты яе на замежных рынках будуць расці або калі будуць расці курсы замежных валют, то ў варунках жорсткага кантролю над коштамі можна сутыкнуцца з агаленнем паліц крам па імпартаваных прадуктах харчавання», - выказаў меркаванне ў каментары для БелаПАН старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іёсуб.

Бізнэс-саюзы таксама папярэджваюць аб магчымых адмоўных наступствах адміністрацыйнага кантролю за коштамі на спажывецкім рынку.

«Сацыяльна значныя тавары, у тым ліку імпартныя, часцяком належаць да нізкамаржынальнай прадукцыі. Адпаведна, калі курсы замежных валют, як у нас гэта часам бывае, вырастуць, то прадаваць прывазныя прадукты харчавання старымі коштамі будзе вельмі цяжка, і яны могуць пачаць знікаць з паліц крам», — адзначыў у каментары для БелаПАН старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

Таму, перакананы ён, дзяржорганам трэба быць «максімальна пільнымі», каб ва ўмовах жорсткага коштавага кантролю не дапусціць негатыўных з'яў на спажывецкім рынку,

На думку экспэрта, цяперашняя форма цэнавага рэгулявання, якая выяўляецца ў максімальным абмежаванні тэмпаў росту коштаў, «азначае, што дзяржаве трэба атрымаць эфект ад коштавага кантролю неадкладна».

«Пры гэтым відавочна, што ўжыванне такога інструментару для стрымлівання коштаў у сярэдне - і доўгатэрміновым перыядзе можа мець шмат адмоўных наступстваў. Таму спадзяемся, што замарожванне коштаў, якое выкарыстоўваецца цяпер, будзе ўжывацца ў кароткатэрміновым перыядзе, які не перавысіць трох месяцаў», — падкрэсліў Аляксандр Швец.

Дарэчы, беларускія ўлады ў свой час самі выступалі катэгарычна супраць замарожвання коштаў.

Агулам, прадстаўнікі дзелавой супольнасці мяркуюць, што жорсткія адміністрацыйныя метады цэнавага рэгулявання дапушчальныя толькі ў выключных выпадках.

«Абмежаванне росту цэн можа мець месца, калі назіраецца дэфіцыт тавараў, калі гаворка ідзе аб таварах манаполій», — падкрэсліла ў каментары для БелаПАН дырэктарка Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.

На яе думку, каб забяспечваць справядлівасць на спажывецкім рынку, як хоча таго ўрад, дзяржаве трэба не стрымліваць кошты, а падтрымліваць маламаёмных грамадзян, кампенсуючы ім частку выдаткаў на набыццё сацыяльна значных тавараў.

«Калі ж імкнуцца ўстанавіць нейкі справядлівы кошт, ім будуць карыстацца і бедныя, і багатыя. Дык для каго гэты кошт будзе справядлівым - для багатага, для беднага, для кантрольных органаў? Трэба вызначыцца, што менавіта мы хочам разумець пад справядлівасцю, і тады дзяржаўная палітыка на спажывецкім рынку стане больш зразумелай і эфектыўнай», — рэзюмавала Жанна Тарасевіч.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках