29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-следчы пра прысуд забітаму карнікамі Генадзю Шутаву: Гэта фантасмагорыя

21
Экс-следчы пра прысуд забітаму карнікамі Генадзю Шутаву: Гэта фантасмагорыя
ГЕНАДЗЬ ШУТАЎ

Пяць важных пытанняў паводле гучнага працэсу ў Берасці.

Забіты карнікамі ў Берасці Генадзь Шутаў і ягоны сябар Аляксандр Кардзюкоў прызнаныя берасцейскім судом «вінаватымі». Аляксандру прызначылі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

- Гэта заведама неправасудная пастанова суда, якая падпадае пад арт.392.УК «Вынясенне заведама неправасудных прысуду, пастановы ці іншага судовага акту», - адзначыў у экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак. - Нельга мёртвага чалавека судзіць і прызнаваць вінаватым. Калі адкінуць тое, што гэта за межамі чалавечага розуму, то з юрыдычнага боку, дапусцім, калі ў мяне ў перыяд работы следчым была такая сітуацыя, я спыняў справу ў сувязі са смерцю на стадыі папярэдняга расследавання.

Гэта значыць, нават калі прытрымлівацца іх логікі і ўважаць Генадзя Шутава за вінаватага, яны ўсё адно павінны былі вынесці пастанову аб спыненні крымінальнай справы ў дачыненні да забітага ў сувязі са смерцю. Ведаеце, у кіно ёсць такі жанр - фантасмагорыя, калі змешваецца рэальнае з нерэальным. Вось гэты прысуд належыць да такога жанру.

Неправасудным уважае прававед і прысуд Аляксандру Кардзюкову:

- Абвінавачванне пабудаванае толькі на паказаннях дзвюх зацікаўленых асоб. Але перш за ўсё, варта ўлічыць тое, што вайскоўцам наогул не нададзенае законам права ажыццяўляць ахову грамадскага парадку ў мірны час.

У адпаведнасці з Законам РБ «Аб органах унутраных спраў», ахову грамадскага правапарадку ажыццяўляюць супрацоўнікі міліцыі. Жаўнеры і афіцэры Узброеных Сіл РБ у мірны час не маюць ніякіх законных паўнамоцтваў гарантаваць грамадскую бяспеку ў гарадах, за выключэннем, калі ў краіне абвясцілі надзвычайнае становішча і ўстанавілі каменданцкую гадзіну.

Юрыст адрасуе суддзі ды пракурору шэраг важных пытанняў, без адказаў на якія разгляд гэтай справы наогул не мог пачацца:

- Па-першае, на якой падставе вайскоўцы 5-ай асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ВС Гаўрылаў і Галіцын ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку?

Па-другое, якім нарматыўна-прававым актам вайскоўцам дазволена праводзіць ахову грамадскага парадку ў гарадах, пры гэтым быць у цывільным адзенні і са зброяй?

Па-трэцяе, якім нарматыўна-прававым актам вайскоўцам ВС дазволена адкрываць агонь на паражэнне ў дачыненні да грамадзянскіх асоб у грамадскіх месцах?

Па-чацвёртае, дзе і ў якім законе прапісана, што начальнік абласнога АМАП мае права аддаваць распараджэнні і накіроўваць на ахову грамадскага парадку з баявой зброяй вайскоўцаў ВС, калі яны належаць да падраздзялення, якое знаходзіцца ў іншай вобласці Беларусі, і па службе наогул яму не падпарадкоўваецца?

Таксама абавязкова трэба ўдакладніць, ці ёсць распараджэнні кіраўніка 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ВС аб накіраванні Гаўрылава, Галіцына і іншых вайскоўцаў у Берасце для аховы грамадскага парадку?

І апошняе, якім нарматыўна-прававым актам устаноўлена, што вайскоўцы могуць па-за вайсковай часткай знаходзіцца ў цывільным адзенні і пры гэтым выконваць функцыі органаў унутраных спраў?

Экс-старэйшы следчы пракуратуры Алег Волчак перакананы, калі ў вайскоўцаў не было законных падстаў удзельнічаць у ахове правапарадку, то склад злачынства, звязанага з перавышэннем службовых паўнамоцтваў з абцяжарваючымі наступствамі, угледжваецца менавіта ў іх дзеяннях.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках