20 красавiка 2024, Субота, 5:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сын служыць у АМАПе, пераймаецца за сястру»

35
«Сын служыць у АМАПе, пераймаецца за сястру»
ЮЛІЯ КАШАВЕРАВА

Аповяд бацькі медсястры з Віцебска, якой далі паўтара года калоніі.

22-гадовая Юлія Кашаварава ў мінулым годзе скончыла Віцебскі медыцынскі каледж паводле спецыяльнасці «Лячэбная справа» і 29 ліпеня паступіла на працу медыцынскай сястрой у 103-ю дэсантную брыгаду. Дзяўчыну звольнілі з працы 9 кастрычніка, пасля таго як 4 кастрычніка яе затрымалі і завялі справу за ўдзел у акцыі паводле артыкула 23.34.

Суд над ёй пачаўся 7 кастрычніка, справу накіравалі на дапрацоўку, а саму Юлію адпусцілі. Але 20 кастрычніка на кватэру прыехалі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі, якія правялі ператрус і зноў затрымалі Юлію. З ператрусам прыязджалі яшчэ і 22 кастрычніка. Справу завялі паводле часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса («Злоснае хуліганства»). Потым новы следчы перакваліфікаваў справу на частку 2 артыкула 339.

«Пасля выпуску Юлія адпрацавала крыху больш за два месяцы, - распавёў «Радыё Свабода» бацька Юліі Сяргей Кашавараў. - Да гэтага яна вучылася ў іншай навучальнай установе, але там не спадабалася, надумала паступіць у медыцынскі каледж. Гэта быў ейны выбар».

Сяргей Кашавараў - былы вайсковец, падпалкоўнік запасу, звольніўся ў 2013 годзе. За тры месяцы да затрымання Юліі ў яе памерла маці, якая хварэла на рак.

«Нам давалі пражыць пару месяцаў, мы пражылі год і тры, скажам так, крыху паваявалі, як маглі, - кажа Сяргей Кашавараў. - Гэта акурат быў Дзень настаўніка, я тады ёй напісаў, што акурат тры месяцы, як памерла маці. Яна сказала, што пойдзе ў краму, потым збіралася ў царкву. Паехала з сяброўкай, узяла ўдзел у шэсці. А да царквы ўвечары не дайшла, яе забралі».

Сяргей Кашавараў нарадзіўся ва Украіне, ажаніўся і застаўся ў Беларусі.

«Самы вялікі парадокс, што ў мяне яшчэ ёсць сын, які служыць у Менскім абласным АМАПе, - кажа бацька Юліі Кашаваравай. - Калі Юля трапілася, яму не далі прасоўвання ў службе. Здаваў нарматывы, павінен быў перайсці ў іншую групу. Але з той прычыны, што на сястру распачалі крымінальную справу, ён не паехаў. Брат, вядома, пераймаецца за сястру».

Са слоў Сяргея Кашаварава, Юлія паддалася эмоцыям, і справу трэба было разглядаць паводле адміністрацыйнага, а не па крымінальнага артыкула.

«Гэта маё меркаванне, і я яго трымаюся, - кажа ён. - Ёсць відэа, дакладна ўсё відаць, яна зрабіла тры ўдары, увагнутасць ў аўто 2 міліметры. Яе, шчыра кажучы, можна было кулаком выраўняць. А ёй палічылі яшчэ і бакавыя дзверы, да якіх яна не дакраналася, зрабілі з яе спачатку арганізатара, што маску нейкую здымала, а яна яе не здымала».

Бацька Юліі праглядаў запіс здарэння на вялікім экране, бо на судзе яго глядзелі на ноўтбуку, а гэты памер не дазваляе ўсё заўважыць.

«Таго, што Юлія ў кагосьці сарвала гэтую маску, няма нідзе. Яна падымала яе каля аўто, потым яна яе выпусціла, калі пырснулі газ, і потым другі раз падняла. Усе відэа мы прадставілі суду, аднак суд палічыў, што яна нібыта сарвала. Хоць ніводзін з амапаўцаў не бачыў і не мог пацвердзіць, што яна нешта здымала».

Сяргей кажа, што дачка ўдарыла па міліцэйскай машыне праз эмоцыі.

«Яшчэ калі вучылася ў каледжы, ехала ў аўтобусе, у пасажыра здарыўся прыступ эпілепсіі. Усе ўцяклі, а яна засталася, надала першую медыцынскую дапамогу, дастала язык. Патэлефанавала ў «хуткую» і адправіла, - кажа бацька. - Яна эмацыйна ўсё ўспрымае і імкнецца дапамагчы. І ў гэтым выпадку яна ўбачыла, што чалавек упаў, і ёй хацелася дапамагчы».

Сяргею Кашаварау ўжо дазволілі першае спатканне з дачкой, яно адбудзецца ў найбліжэйшыя дні. Ён кажа, што дачка памянялася і з лістоў відаць, што «стала больш сур'ёзнай і дарослай».

«Я меркаваў, што дадуць нават больш, улічваючы сітуацыю і тое, якія ўсім даюць тэрміны. Але я чакаў умоўнага тэрміну. Далі 1,6 рэальнага. Але я думаю, што яна ўсё зразумела і можна было разглядаць пытанне ўмоўнага тэрміну».

Юлія прасіла перадаць ёй медыцынскія кнігі, аднак у СІЗА не дазволілі. Яна марыць на волі займацца сваёй улюбёнай справай - медыцынай.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках