25 красавiка 2024, Чацвер, 14:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым імкліва саступае ў бітве

20
Рэжым імкліва саступае ў бітве

Беларусь ажывае.

Вясна прыйшла амаль дакладна паводле раскладу. У Менску – абсалютны сакавік. З-пад рэшткаў гурбаў адразу з'явілася «нявызначаная» сімволіка: сцягі на асфальце, матывавальныя надпісы, гарманічна размаляваныя лесвіцы. І ўвогуле, нейкая агульная бадзёрасць духу носіцца ў паветры. Сонца ўсё больш – а з ім і аптымізму, піша ў «Фэйсбуку» беларускі пісьменнік Андрэй Жвалеўскі.

Тым часам «улада» імкліва саступае ў інфармацыйным полі. А як не саступаць, калі і ў віртуале рэжым не можа прапанаваць нічога, акрамя «забараніць і пасадзіць»? Ёсць ужо рэальныя тэрміны за «абразы ў сеціве». Галоўны тэлевізійнік Іван Эйсмант сёння паскардзіўся: «Любы з дзяржаўных каналаў публічны чалавек смела называе «Гебельс-ТВ», і мы нічога з гэтым не можам зрабіць, гэта трэба выкараняць». Думаеце, гаворка пра тое, каб перастаць касплэіць Гебельса? Не, гаворка пра ўзмацненне пакаранняў.

Яшчэ больш упаў імідж у сілавікоў. «Міністр» МУС Кубракоў скардзіцца, што многія сем'і міліцыянтаў сутыкнуліся з абразамі і пагрозамі. А на 800 месцаў у Акадэміі МУС пададзена ўсяго 100 заяваў. Упершыню ў гісторыі. Цікава, чаму?

Але «дзяржава» наносіць прапагандысцкія контрудары. На аэрадром «Ліпкі» звезлі 2000 супрацоўнікаў МУС, каб зняць агітацыйнае відэа. Я так зразумеў, яны там выконвалі страявыя прыёмы на фоне пабурэлага снегу. А ў Следчым камітэце кожную раніцу будуць пачынаць з гімна. Усё гэта, безумоўна, павысіць прэстыж «праваахоўнікаў» метры на два, не менш.

Яшчэ адзін цікавы прапагандысцкі кульбіт выканаў НАК Беларусі. Ён замяніў «прэзідэнта». Замест А. Лукашэнкі цяпер В. Лукашэнка. Што надта дзіўна, бо В. знаходзіцца ў тым жа санкцыйным спісе, што і А.

Магчыма, усё гэта – няўдалыя спробы стварыць інфармацыйныя падставы, адвярнуць увагу ад эканомікі. Таму што яна разбураецца значна хутчэй, чым здавалася многім (напрыклад, мне). На паведамленне Мінфіна, за студзень дзяржаўная пазыка Беларусі павялічылася на 1,9 мільярда рублёў (730 мільёнаў даляраў). На 7,8 тысячы чалавек знізілася занятасць (у снежні таксама зніжалася). На 1,1% зменшыліся рэальныя пенсіі – упершыню за два гады.

А за год дзяржаўная пазыка Беларусі павялічылася на 13 мільярдаў рублёў, або на 29%. Чысты прыбытак прадпрыемстваў за год упаў на 43,7%. Стратных прадпрыемстваў стала больш, а галоўнае – іх чыстыя страты выраслі ў 2,4 разы.

Інвеставаць у луканоміку не хочуць. За студзень атрымалася прывабіць інвестыцый усяго на 35,7 мільёнаў даляраў, затое на абслугоўванне знешняй пазыкі давялося выкласці больш за 270 мільёнаў. За год на гэтую справу выдаткавалі 3,5 мільярды даляраў.

Разруха мацней за ўсё б'е па шараговых беларусах. У Маладзечне ўчора без вады засталіся 166 дамоў і дзіцячы сад – аварыя на трубаправодзе. У Краснаполлі з той самай прычыны былі абязводжаныя 7 шматкватэрных і 40 прыватных дамоў, дзіцячы сад і дзве кацельні. А на «Мазырскім НПЗ» здарыўся пажар. На шчасце, без ахвяраў, але хто ведае, што адбудзецца наступны раз (цьфу-цьфу-цьфу).

У шахтах Салігорска чорт ведае што робіцца. Гэта ўжо не жарты, мяняць уладу трэба хутчэй хоць бы для таго, каб захаваць здароўе і жыццё людзей.

Міжнародная супольнасць літаральна кожны дзень нагадвае, што памятае пра Беларусь. Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль даручыў разгледзець пытанне пра ўвядзенне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі, і бізнэсоўцаў, звязаных з Лукашэнкам. Амерыканскія кангрэсмэны нагадваюць, што час прыціснуць прыкарытнікаў.

Ну, і нашы прадстаўнікі за мяжой не даюць расслабіцца. Партнёр «Беларуськалія», нарвежская кампанія Yara мела зносіны з беларусамі Літвы. Быццам бы ў «Яры» вагаюцца, думаюць скасаваць кантракт. Каб падштурхнуць іх да такой пастановы, можна падпісаць петыцыю.

І пра прыгожае. У нейрасеціва загрузілі 1866 здымкаў з тварамі 8,3 тысячы беларускіх дэманстрантаў. Нейрасеціва выдала вынік асярэдненага пратэстоўца, які выглядае пратэстоўкай. Што яшчэ раз даказвае, наколькі крутыя нашы жанчыны. Але мастак Глеб Бурнашаў трохі пачараваў, каб зрабіць партрэт «гендарна нейтральным». Па-мойму, вельмі сімпатычны твар атрымаўся.

Сустрэў бы такі на вуліцы – абавязкова ўсміхнуўся б. І сказаў «Жыве Беларусь!».

Дакладней, «Ажывае Беларусь!»

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках