25 красавiка 2024, Чацвер, 7:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Медыкі высветлілі, ці распаўсюджваюць вакцынаваныя каранавірус

Медыкі высветлілі, ці распаўсюджваюць вакцынаваныя каранавірус

Даследаванні былі праведзеныя ў асноўных клініках свету.

З таго часу як пачаўся працэс вакцынацыі, галоўным пытаннем стала, ці спыніць гэта перадачу каранавірусу. Business Insider расказвае, што вядома да гэтага моманту.

У клінічных выпрабаваннях Pfizer і Moderna паказана, што прышчэпкі прадухіляюць цяжкую форму COVID-19, але ў даследаванні не правяралі, ці прадухіляюць гэтыя вакцыны бессімптомныя выпадкі. Без стрымання бессімптомных інфекцый цяжка спыніць перадачу каранавірусу ад чалавека да чалавека. Але ўсё больш доказаў сведчыць, што вакцынаваныя ўсё ж не распаўсюджваюць вірус.

«Было праведзена некалькі даследаванняў, з якіх можна зрабіць вельмі прыемныя высновы», – сказаў Энтані Фаўчы, галоўны інфекцыяніст ЗША.

Напрыклад, папярэдняе даследаванне, праведзенае ў Ізраілі, паказала, што праз 12 дзён пасля вакцынацыі ў людзей, якія заразіліся COVID-19, нягледзячы на прышчэпкі Pfizer, у арганізме было ў чатыры разы менш вірусу. Зніжэнне віруснай нагрузкі звязанае з больш нізкай хуткасцю перадачы.

Паводле звестак, апублікаваных Управай санітарнага нагляду за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў, вакцына Johnson & Johnson супраць COVID-19 таксама здаецца эфектыўнай для прадухілення бессімптомных інфекцый.

Вакцынаваныя людзі могуць быць менш заразнымі, калі яны захварэюць

Даследаванні паказваюць, што чым больш у чалавека вірусных часцінак у роце і ў носе, тым вышэйшая верагоднасць, што ён перадасць каранавірус іншым людзям.

«Іншымі словамі, больш высокая вірусная нагрузка – добрая перадача; нізкая вірусная нагрузка – вельмі дрэнная перадача», – растлумачыў Фаўчы.

Такім чынам, вакцынацыя павінна паменшыць перадачу, калі гарантуе, што нават у тых, хто захварэў на каранавірус пасля прышчэпкі (сімптаматычны або бессімптомны выпадак), будзе больш нізкая вірусная нагрузка.

Нядаўняе ізраільскае даследаванне (яшчэ не прайшло працэдуру рэцэнзавання) мяркуе, што гэта адбываецца ў выпадку з вакцынай Pfizer. Навукоўцы абследавалі больш за тысячу чалавек са станоўчым вынікам тэста на вірус пасля дзвюх фазаў вакцынацыі ў Тэль-Авіве: вірусная нагрузка ў іх была ніжэйшая.

Іншая даследаванне з Ізраіля (таксама яшчэ не прайшло экспертную ацэнку) паказала, што вакцына Pfizer зніжае вірусную нагрузку да 20 разоў.

Некаторыя даследаванні паказваюць, што вірусная нагрузка звязаная з цяжарам захворвання, таму ў пацыента з больш нізкай віруснай нагрузкай таксама менш шанцаў захварэць на цяжкі COVID-19.

У вакцынаваных меншая верагоднасць бессімптомных інфекцый

Каб дакладна вызначыць, ці сапраўды вакцыны скарачаюць распаўсюджванне вірусу, важна вызначыць, ці прадухіляюць прышчэпкі бессімптомныя выпадкі COVID-19 у дадатак да сімптаматычнай інфекцый.

У клінічных выпрабаваннях Pfizer і Moderna добраахвотнікі правяраліся на COVID-19 толькі ў тым выпадку, калі яны адчувалі сябе дрэнна. У адваротным выпадку кампаніям давялося б патрабаваць рэгулярнага тэставання на COVID-19 для ўсіх дзясяткаў тысячаў добраахвотнікаў. Таму спачатку ні адна з кампаній не магла сказаць, ці прадухіляюць іх вакцыны бессімптомныя выпадкі.

Але Moderna правяла тэсты добраахвотнікам у дзень, калі ім зрабілі другую прышчэпку. Вынікі паказалі, што сярод удзельнікаў, якія атрымалі сапраўдную вакцыну, было менш бессімптомных інфекцый, чым сярод тых, хто атрымаў плацэба. Толькі 14 чалавек з больш чым 14 тысячаў, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, мелі бессімптомныя выпадкі – у параўнанні з 38 з групы плацэба аналагічнага памеру.

Даследаванні на жывёлах прапануюць аналагічныя вынікі: было паказана, што вакцына Moderna прадухіляе рэплікацыю каранавірусу ў носе, горле і лёгкіх макак-рэзусаў – праз чатыры тыдні пасля іх вакцынацыі.

Што тычыцца вакцыны Pfizer, новае даследаванне, праведзенае за межамі Ізраіля (хоць таксама не прайшло экспертнай ацэнкі), мяркуе, што прышчэпка зніжае колькасць бессімптомных выпадкаў на 89%, паведамляе Reuters. Дакладна гэтак сама папярэдняе даследаванне, апублікаванае ў The Lancet, паказала, што вакцына Pfizer эфектыўная як мінімум на 85% у прадухіленні любога тыпу інфекцыі – сімптаматычнай або бессімптомнай. У даследаванні ўдзельнічалі больш за 23 тысячы медыцынскіх супрацоўнікаў з лякарняў Вялікай Брытаніі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках