16 красавiка 2024, aўторак, 11:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эколаг: Керчанскі мост знясе не лёд, а вулкан

7
Эколаг: Керчанскі мост знясе не лёд, а вулкан

Расейцы сур'ёзна парушылі экасістэму ў Чарнаморскім басейне.

Мост праз Керчанскі праліў, які з'яўляецца гонарам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, можа быць знішчаны ў любы момант праз гразевы вулкан, які знаходзіцца паблізу. Пабудаваўшы гэты мостапераход, што вядзе на акупаваны паўвостраў, расейцы парушылі экасістэму ў Азоўскім моры. Пра гэтыя і іншыя экалагічныя праблемы, учыненыя расейцамі ў басейне Чорнага мора «Апострафу» расказаў кандыдат геолага-мінералагічных навук, расейскі незалежны эксперт Юры Медавар.

– Азоўскае мора гэтай зімой замярзала. І ёсць здагадка, што пачаты ледастаў можа пашкодзіць Крымскі мост. Як мяркуеце, гэта магчыма?

– Я адразу скажу шчыра, што не з'яўляюся спецыялістам у ледаставах. Але любы ледастаў небяспечны для маставых збудаванняў. Але будзем спадзявацца, што ён не знясе гэты мост. А знясе яго гразевы вулкан, які размешчаны побач – калі ён прарвецца, то мосту прыйдзе каюк. А ледастаў... Ну, напэўна, ён і раней быў.

Мост загубяць іншыя экалагічныя катаклізмы – таму яго нельга было там будаваць. Таму ў 1970-я пасля правядзення пошукаў скасавалі будаўніцтва моста. Іх праводзіў Марскі дзяржаўны ўніверсітэт, кафедра марской геалогіі. Там знайшлі гразевы вулканізм – ён знаходзіцца побач з цяперашнім Крымскім мостам. Калі ён выбухне, то знясе ўсё, што можна. Таму што ў падмурку Крымскага моста не скальныя пароды, як павінна быць у сейсмічных раёнах, а паўцвёрдыя гліны, апяшчаненыя, воданасычаныя.

Але ніхто ж не хоча слухаць! Дарэчы, цяпер у Расеі сталі выступаць навукоўцы, якія пацвярджаюць мае словы – што там будаваць было нельга. Але праз чатыры, праз пяць гадоў – «трэба было думаць!». Але ж мост трэба было пабудаваць для аднаго чалавека, імя якога я не буду называць, – яго пабудавалі. У СССР былі БНіПы – будаўнічыя нормы і правілы, у якіх было напісана: арачныя масты ў сейсмічных раёнах можна будаваць толькі на скальных пародах. Іхняе парушэнне было крымінальным пакараннем. Гэтыя нормы змянілі толькі ў 2017 годзе. Гэта значыць, што будаўнікі Крымскага моста здзейснілі крымінальнае злачынства. Але ж вы разумееце, што ім было пляваць.

– Якая там сітуацыя на гэты момант?

– Я ўжо амаль год інфармацыяй пра мост не валодаю. Хоць я стасаваўся з праектавальнікамі, якія запэўнівалі, што слухалі ўсе мае выступы і ўсё ўлічылі. Я кажу – хлопцы, ну як можна ўлічыць?! У гэтым месцы такая дрэнная геалогія, што не трымае нічога. А вы «павесілі» палі на глыбіню 55 м. Тыя пароды, на якіх стаіць мост, не трымаюцца так, як гранітны маналіт і іншыя скальныя пароды, якія не дэфармуюцца. А тут ідзе дэфармацыя, пераўшчыльненне. Ірване побач вулкан – утворыцца дзірка, туды ўсё і праваліцца.

Кошт моста з 24 мільярдаў рублёў вырас да 300. Але я думаю, яны ладна зэканомілі на будаўніцтве. І я баюся, што эксплуатацыя моста каштаваць будзе вышэй, чым ягонае будаўніцтва. Таму што праектавальнікі расказалі мне, што ёсць каманда з 7 чалавек, якія сядзяць у Лондане і вартуюць кругласутачна. Ім даюць звесткі з датчыкаў, там жа ўвесь час адбываюцца прасадкі, – і яны кажуць як і што трэба рабіць. Яны мне кажуць: «Не хвалюйцеся, мост будзе стаяць». Так а мне чаго хвалявацца? Калі ён абваліцца, то забяруць ордэн сацпрацы ў таварыша Ратэнберга (мільярдэр Аркадзь Ратэнберг, былы падраднік пры будаўніцтве Крымскага моста, атрымаў Героя працы ў сакавіку 2020 года, – рэд.). І яму давядзецца грошы вяртаць. Калі б грошы не сышлі на гэты мост, то 50 гадоў можна было б бясплатна перавозіць людзей на пароме.

– Гэта значыць, той вулкан пад вадой?

– Так, на глыбіні. З боку Азоўскага мора. Мне дасылалі на рэцэнзію вельмі добры артыкул. Хлопцы з Растоўскага ўніверсітэта даследавалі ўплыў моста на стан вады ў Азоўскім моры. Водаабмен праз мост скараціўся. І яны ж напісалі, што там ёсць гразевы вулкан, які выбухае прыкладна раз на дзесяць гадоў. Ну, пажывём пабачым. Я нікуды не спяшаюся.

У нас неяк паказвалі ў тэлевізары. Прыйшоў у Расеі рыбак да Азоўскага мора, а там двухметровая глыба гліны загарадзіла праход да вады. Там адбылося гразевае вывяржэнне – уяўляеце, якая маса на сотні тонаў паднялася, што зрабіла новы бераг.

Але ж ніхто не слухае! Казалі, пісалі, што нельга праводзіць Алімпіяду ў Сочы. Не, правялі для аднаго чалавека – забілі букавыя лясы, якія бачылі яшчэ Аляксандра Македонскага. Завялі нейкага жучка, і яны ўсе згнілі, а аднавіць іх можна толькі праз 500 гадоў.

Далей. Зачынілі сто горных рэк – змыла да д'ябла набярэжную ў Сочы. Пляж знялі – цяпер кінетычная энэргія хвалі збівае ўсё. Як бы алімпійскую вёску не змыла. Праблемаў яшчэ будзе больш. А папярэджвалі ж – «хлопцы, што вы робіце?!»

– Што можа адбыцца, калі вулкан выбухне?

– Не буду называць месца, дзе, але бурылі свідравіну на тры кіламетры. Уявіце сабе, якая там колькасць цяжэзнага металу, каб унізе ўсё гэта круцілася, круцілася і раздрабняла пароду. І яны патрапілі ў гразевы вулкан. І ўсю трохкіламетровую металічную «свечку» вагой сотні тонаў выкінула на паверхню. Вось вам прыклад, што такое гразевы вулкан.

Я ўсім кажу – Зямля жывая. Яна дыхае, як і мы, у яе проста працэсы іншыя: землятрусы, вулканы, зрух літасферных плітаў, рост складчастых горных абласцей. Але ніхто не хоча слухаць.

– Што тады рабіць з мостам?

– Я мяркую, што яго трэба неадкладна разабраць і перастаць займацца глупствам. Так мы выратуем яшчэ і Азоўскае мора.

– А ў чым праблема з Азоўскім морам?

– Там ужо страцілі рэдкіх дэльфінаў, наколькі я ведаю. Рэч у тым, што парушаны водны абмен. Азоўскае мора – гэта ўнутранае мора. Галоўнае, што ў яго ёсць водаабмен з Чорным морам. Мост у два разы скараціў перасек, праз які тысячагоддзямі адбываўся водаабмен.

Азоўскае мора – гэта экасістэма, звязаная з навакольным светам, для яе гэта было з Чорным морам. Мы палову адрэзалі. Таму зменяцца ўмовы ў самым Азоўскім моры. Я магу сказаць, што будзе нанесены ўдар па біётыцы Азоўскага мора.

– Як мяркуеце, снежная зіма палепшыць стан з вадой у Крыме?

– Гэтая зіма сапраўды была вельмі снежнай, і вельмі верагодна крымскія вадасховішчы напоўняцца, і гэты год будзе лепшы, чым папярэдні. Ёсць серыя малаводных і паводкавых гадоў. Калі будзе серыя паводкавых гадоў, то агонія Крыма без вады задоўжыцца за кошт таго, што нейкія запасы атрымаецца захаваць пасля вясновага снегараставання. Але гэта не развяжа праблему вады ў Крыме. Таму што крыніцаў акрамя Паўночна-Крымскага канала няма. Усё астатняе – гэта дробязь, так бы мовіць. Праблема існавала і раней, але Паўночна-Крымскі канал даваў 80% вады для паўвострава, а 20% давалі ўнутраныя крыніцы, падземныя і павярхоўныя воды.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках