25 красавiка 2024, Чацвер, 15:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марыя Калеснікава: Лукашэнка баіцца да жаху

46
Марыя Калеснікава: Лукашэнка баіцца да жаху

Дакладна вядома, што ў гэтым марафоне пераможа беларускі народ.

Палітзняволеная Марыя Калеснікава адказала на пытанні карэспандэнткі The Village Яўгеніі Сугак.

– Маша, у інтэрв'ю да выбараў ты сказала мне, што калі мы не пераможам – нас усіх закатаюць у асфальт. Гэта яно і ёсць цяпер? Нас закаталі?

– Мы ўжо перамаглі – сябе, свой страх і мы дакладна ведаем, чаго хочам. Але нас яшчэ спрабуюць закатаць у чырвона-зялёны асфальт. Вольных моцных людзей больш ніколі не загнаць «пад плінтус». А нам галоўнае памятаць: цямней за ўсё перад світаннем.

– Як змяніўся твой характар праз паўгода турмы?

– Яшчэ больш самадысцыпліны, парадку ў справах і галаве развіваюць здольнасць не звяртаць увагі на нязручнасці. А так я раблю максімум з таго што магу, з тым што ёсць, там дзе я ёсць.

– Ты вельмі жыццярадасная ў лістах, што не вельмі характэрна для чалавека ў турме. Гэта праўда так ці на самай справе табе дрэнна, але ты стараешся падтрымліваць людзей сваім аптымізмам?

– Гэта праўда. Што да майго аптымізму і здольнасці атрымліваць задавальненне ад жыцця ў любых умовах, не змянілася нічога. Калі з'яўляюцца праблемы, развязваю. Калі не магу яе адразу развязаць, раблю паўзу, рыхтуюся, чакаю зручнага моманту і развязваю. Я мяркую, што турма не месца для слёзаў і суму, а смяюся я таксама гучна і ад душы. Спытайце і супрацоўнікаў, і следчых.

– У нядаўнім інтэрв'ю ў Лукашэнкі спыталі пра цябе і ён зрабіў выгляд, што не памятае, хто такая Калеснікава. Ты памятаеш, хто такі Лукашэнка?

– Вельмі добра памятаю гэтага чалавека. Гэты чалавек сам сябе называе дыктатарам, беларусаў – народцам, а Беларусь – шматком зямлі. Ён прызнаецца, што даў адмашку на знішчэнне самых моцных канкурэнтаў і ўтапіў краіну ў крыві і гвалце. Відавочна, што гэты чалавек напалоханы да смерці і гэтага чалавека мне шкада.

– Маша, людзі амаль перасталі выходзіць на вуліцы. Цябе гэта крыўдзіць, турбуе?

– Я захапляюся беларускім народам. Мы змяніліся, і гэта – назаўсёды! Ганаруся адвагай і нашай настойлівасцю і ведаю дакладна, хто ў гэтым марафоне пераможа.

– Як ты прыдумала парваць пашпарт? Ты спланавала гэта, пакуль везлі цябе на мяжу ці гэта было імпульсіўнае дзеянне?

– Я сама доўга думала, пры якіх умовах мяне нельга будзе вывезці. Меркавала, што хутчэй за ўсё без пашпарта, але не была ў гэтым упэўненая. Ужо выязджаючы з КДБ пасля шматгадзіннай «гутаркі», дзе я катэгарычна адказала «не» на ўльтыматум, я падазравала, што будзе дэпартацыя. Усю дарогу думала, як гэтага не дапусціць.

Ідэі ў мяне не было, але ў той момант, калі пашпарт апынуўся ў мяне ў руках, яна сама сабой прыйшла, і гэта спрацавала. Для людзей у масках гэта дайшло не адразу: яны не выпускалі мяне з ужо парваным пашпартам з машыны. Давялося ад'ехаць на бяспечную адлегласць, каб я магла выйсці. Выйшла і проста пайшла па падзяляльнай паласе назад.

– Што ў турэмным жыцці напружвае цябе больш за ўсё?

– Моцна напружваюць дзве рэчы: законы, якія не выконваюцца самой турмой, як у выпадку маёй сустрэчы з адвакатам у кабінеце-душагубцы, камеры з цыгарэтным дымам, сітуацыя з кнігамі ў Жодзіне, з лістамі ў СІЗА і турме № 8.

Разумееце, яны крадуць лісты, і ніхто за гэта не адказвае. Сотні лістоў ад сястры, таты, блізкіх проста не дайшлі, як і мае ім. Але абуральныя выпадкі, калі ў снежні атрымала ліст №25, а ў лютым №65 (маецца на ўвазе ад аднаго і таго ж адрасата). Усе лісты першага класа з укладзенай унутры капэртай першага класу, разам 80 аплачанымі канвертамі першага класу. Ні пошта, ні кіраўнікі за гэта не адказалі.

Другое, гэта адсутнасць музыкі, якую я вельмі люблю. Свет гукаў, у якім я жыву апошнія 30 гадоў, моцна адрозніваецца ад таго, што я чую тут. Адсутнасць музыкі і ёсць катаванне. Ратуе памяць, калі я заплюшчваю вочы і слухаю ўнутры сябе Баха, Моцарта і тое, што я грала сама.

– Улетку ты не магла прайсці тры метры па горадзе, каб людзі не падзякавалі табе ці не папрасілі сфатаграфавацца. У турме ты таксама зорка?

– Безумоўна, я адчуваю да сябе павышаную ўвагу ва ўсім: звышдбайнасць сталых даглядаў мяне асабіста і маіх дакументаў, узмоцнены канвой, для сустрэчы з адвакатам «адмысловыя» апартаменты (спецкабінет для асуджаных да найвышэйшага пакарання), пры гэтым практычна адсутнасць ліставання ў абодва бакі і не толькі тату, але лісты не даходзяць нават у суд, генеральную пракуратуру, УДВП і Мінюст.

Усё гэта дакладна сведчыць пра асаблівае да мяне стаўленне.

– Калі ты апошні раз плакала? Чаму?

– У снежні, калі даведалася пра смерць любімага дзядзькі ад каранавірусу. Гэта самае сумнае ў зняволенні – у такія трагічныя моманты немагчыма быць побач з блізкімі.

– Што першае ты зробіш, калі выйдзеш на волю?

– Адразу паеду да бабулі і дзядулі з татам, потым усё астатняе.

– Складваецца адчуванне, што ты нічога не баішся. Ты хоць чаго-небудзь баішся?

– Як і любы нармальны чалавек час ад часу я магу адчуваць страх. Але страхі не звязаныя з турмой, КДБ і людзьмі ў масках. Калі разумееш, што тыя, хто спрабуе цябе запалохаць, на самай справе баяцца больш, чым ты – страх сыходзіць сам сабой. Не адразу, але сыходзіць.

– А як не баяцца астатнім людзям? Ёсць нейкі практычны рэцэпт ад Марыі Калеснікавай, як навучыцца не баяцца?

– Самога пачуцця страху я вучуся не баяцца. Уяўляю найгоршае з таго, што можа здарыцца, і кажу сабе «ну ок», і страху як не было зусім.

– Ты разважаеш на тэму – чым бы ты цяпер займалася, калі б з'ехала тады за мяжу і не села ў турму?

– Ні разу пра гэта не думала, гэта значыць не разглядала такі варыянт.

– Што табе сніцца ў турме?

– Добра і моцна сплю, нягледзячы на яркае святло ў камеры. Сны не сняцца, хоць, можа, я і не памятаю.

– Бабарыка ў сваім нядаўнім інтэрв'ю сказаў, што плануе ісці на выбары. А ты? Збіраешся заставацца ў камандзе Бабарыкі і весці яго на выбары?

– Я буду падтрымліваць Віктара Дзмітрыевіча і буду ў камандзе, бо гэта самая лепшая каманда ў свеце. Мяркуйце самі: за месяц Віктар Дзмітрыевіч і Эдуард сабралі dreamteam, і гэта не проста прафесіяналы самага высокага класу ў сваіх сферах, але і людзі, для якіх свабода, прыстойнасць, годнасць і вернасць сваім ідэалам – прынцыпы жыцця.

Віктар Дзмітрыевіч і Эдзік амаль 9 месяцаў за кратамі, паўкаманды таксама, частка вымушаныя пакінуць свае сем'і, дамы, Беларусь, а частка гераічна засталася ў Менску. Але праца ні на дзень не спынялася і мы не спынімся нават у такіх умовах, прадаўжаючы ісці да перамогі. Так, чорт вазьмі, я шчаслівая быць разам! Уся каманда – вы Героі! Так трымаць! Люблю вас!

– Шмат хто кажа, што гэта Бабарыка і ягоны штаб разгайдалі ўсю гэтую лодку летам. Ты таксама так мяркуеш?

– Уклад Віктара Дзмітрыевіча і ягонай каманды ва ўсе наступныя змены, якія адбыліся з людзьмі і краінай, складана пераацаніць. Але важна памятаць, што беларусы – самыя неверагодныя людзі, проста трэба было, каб нехта ім пра гэта нагадаў.

– Ці верыш ты, што да чыноўнікаў і сілавікоў можна дагрукацца?

– Упэўненая, што так. Чалавек, які сам сябе называе дыктатарам, не давярае нікому, ведаючы, што яму могуць здрадзіць. І гэта абсалютная праўда. Прыгажуны пакінуць яго і вокам не міргнуць. Хто ж захоча адказваць за кроў, гвалт і крах краіны разам з ім? Правільна, ніхто.

А ўсе гэтыя бясконцыя «жахі», пра танкі, аўтаматы, Чаўшэску, Кадафі з ягоных вуснаў – самае дакладнае таму пацверджанне. Ён баіцца да жаху, бо ведае, што ўрэшце застанецца зусім адзін.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках