16 красавiка 2024, aўторак, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

287 гадоў таму нарадзіўся генерал войска ВКЛ Караль Станіслаў Радзівіл

11
287 гадоў таму нарадзіўся генерал войска ВКЛ Караль Станіслаў Радзівіл

Чым ён праславіўся?

Караль Станіслаў Радзівіл нарадзіўся ў Нясвіжы 27 лютага 1734 года, памёр 27 лістапада 1790-га. Бацька - Міхаіл Казімір «Рыбанька» (1702-1766), маці - Францішка Уршуля Вішнявецкая (1705-1753) - паэтка і драматург, стваральніца (1746) тэатра ў Нясвіжы, паведамляе «Еўрарадыё».

Быў ён шмат разоў паслом на сойме (першы раз - у 14 гадоў), маршалкам Трыбунала ВКЛ, падчашым і мечнікам, ваяводам Віленскім, генералам войска ВКЛ. А галоўнае - самым багатым панам у Княстве: яму належалі Нясвіж і Слуцк, Капыль і Алыка, мноства маёнткаў у Беларусі і ва Украіне, Літве і Польшчы. Гэта яму належалі славутыя 12 апосталаў - фігуры вышынёй 65 см, адлітыя з срэбра і пазалочаныя - якія аднойчы зніклі невядома куды.

Вельмі добразычліва ставіўся да шляхты (яго любімы зварот быў «пане коханку», адсюль мянушка). На балях, якія доўжыліся тыднямі, ён паіў і карміў сотні шляхціцаў - знаёмых і незнаёмых, суседзяў і якія прыехалі здалёк.

Мемуарыст Юльян Нямцэвіч успамінаў, што папскі нунцый Салуца быў да смерці напалоханы падарожжам з Радзівілам у лёгкай павозцы на двух колах, запрэжанай шасцёркай мядзведзяў.

Усе мемуарысты сцвярджаюць, што жыццё князя ў Нясвіжы нагадвала аперэту або буфанаду. Напрыклад, ён мог з'явіцца на гарадской плошчы Нясвіжа седзячы верхам на бочачцы віна, апрануты ў рымскую тогу, з вянком на галаве. Казаў, што ён бог Бахус, і прымушаў гараджан і шляхціцаў піць да паўсмерці.

Катаўся летам на санках, запрэжаных мядзведзямі па дарозе, высыпанаю соллю, ад замка да касцёла і назад.

Князь выпісаў з Парыжа машыну, якая выпрацоўвала электрычнасць. У тыя часы, калі залы асвятлялі свечкамі, вогненныя ўспышкі над сталёвым шарам гледачы ўспрымалі як цуд. І вось аднойчы князь паказаў дзеянне сваёй машыны перад навальніцай. Калі за вокнамі пачалі зіхацець маланкі, Пане Каханку паведаміў, што гэта ён выклікаў навальніцу сваёй машынай. Госці паверылі. Але праз дзень адзін шляхціц вярнуўся і заявіў князю, што ад яго маланкі згарэлі вышкі і гумно ў маёнтку. І запатрабаваў кампенсацыю. Князь заплаціў, каб падтрымаць рэпутацыю ўладара маланак і грому.

Сёння цяжка сказаць, што было напраўду, а што яму прыпісалі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках