19 красавiка 2024, Пятніца, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП: Я ў бізнэсе больш за 20 гадоў, крызісы перажывала розныя, але гэты самы складаны

6
ІП: Я ў бізнэсе больш за 20 гадоў, крызісы перажывала розныя, але гэты самы складаны

Што думаюць прадпрымальнікі аб магчымым павышэнні падаткаў?

Нядаўна стала вядома пра ліст Дзяржкантролю ў адрас Мінфіна Беларусі, у якім змешчаныя прапановы «па ўдасканаленні сістэмы падаткаабкладання ІП». Для індывідуальных прадпрымальнікаў могуць увесці істотныя змены, якія тычацца адзінага падатку, спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, узносаў у ФСАН і інш.

Ex-press.by пагаварыў з прадпрымальнікамі з Жодзіна і Барысава, якія ўжо вывучылі прапановы КДК.

Наталля, 50 гадоў, Жодзіна:

- Я шмат гадоў працую на рынку, гандлюю рэчамі, стараюся адчуваць запыты пакупнікоў. Тавар у мяне вельмі прыстойны, модны, даўно напрацаваныя сувязі з пастаўшчыкамі. Пра змены ад Дзяржкантролю стараюся не думаць. Хутчэй за ўсё, у першую чаргу гэтыя змены закрануць буйныя фірмы, а потым нас.

І ўсё ж такі трэба сказаць шчыра: майго досведу не хопіць, каб выратаваць бізнэс. У нас цяпер і так гандлю няма, таму ўзмацненні жорсткасці не дапамогуць нічому. Хутка пункты самі па сабе зачыняцца, бо пакупніцкая здольнасць упала. Але на дзяржаву працаваць я не пайду, гэта выключана. Або буду шукаць сабе «шэры бізнэс», або паеду.

Крысціна, 56 гадоў, Барысаў:

- У нас і цяпер цяжкасцяў вышэй даху, працуем у мінус праз адток кліентаў з вясны 2020 года праз пандэмію. Караскаемся, як можам, каб не зачыніць бізнэс, неяк утрымацца і перажыць крызіс. Я ў бізнэсе больш за 20 гадоў, крызісы перажывала розныя. Але гэты самы складаны.

Калі прапановы КДК сапраўды пачнуць рэалізоўваць, яны павінны разумець, што выбіваюць глебу з-пад ног не толькі ў нас, дробнага бізнэсу, але і ў сябе. Калі я і сотні такіх жа прадпрымальнікаў з невялікім прыбыткам закрыемся, краіна недаатрымае каласальную лічбу падаткаў. У любой нармальнай краіне дзяржава падтрымлівае дробны бізнэс.

Хочацца задаць пытанне чыноўнікам: «Ці могуць яны падумаць на перспектыву, гледзячы наперад?»

Калі выжыву, забяспечу заробкам сябе, дам працу і заробак сваім работнікам, яшчэ і заплачу падаткі. Іх чатыры штомесяц: адзіны, за наёмных, ФСАН за сябе і за наёмных плюс арэнда дзяржаўнага памяшкання і камуналка паводле камерцыйных расцэнак, плюс яшчэ 20% ПДВ да камуналкі і арэнды. І плюс шмат іншых выдаткаў - на сувязь, касы і інш. Ім мала?

Замест таго, каб дапамагаць развіваць бізнэс, рэалізоўваць творчыя ідэі, што добра і прадпрымальніку, і гараджанам, і дзяржаве, мне ўсяляк перашкаджаюць і ствараюць усё больш праблем.

Аляксандр 33 гады, Жодзіна:

- Я проста ІП, фізасоба. Займаюся распрацоўкай праграмнага забеспячэння. У мяне цяпер спрошчаная сістэма падаткаабкладання - 5% ад прыбытку. Калі адбудзецца павелічэнне падаходнага падатку да 13%, тады я наогул не бачу сэнсу ў сваім ІП.

З нагоды павелічэння узносаў у ФСАН, я дакладна ведаю, што многія індывідуальныя прадпрымальнікі разумеюць, што нічога не ўбачаць у выглядзе пенсіі пры такой пенсійнай сістэме (проста не будзе каму плаціць пенсію - старэе насельніцтва), таму большасць плаціць мінімум.

Загнаць хочуць на наёмную працу? Нядрэнна прыдумалі: адлічэнні ў ФСАН большыя, работнік пад каўпаком, ды і лішні рычаг ціску.

Крымінальная адказнасць за парушэнні - гэта проста няма слоў. Так што на мой погляд, гэта не змены. Гэта адкрытае папаўненне казны. Я проста паеду.

Артур, 30 гадоў, Барысаў:

- Ёсць доля праўды ў гэтым дакуменце. Некаторыя віды прадпрымальніцтва пераацэненыя, ёсць і звышпрыбыткі. Але ўсё проста: калі рынак дазваляе, так таму і быць. Замест таго, каб ствараць нармальныя ўмовы працы, рабіць усё цывільна, празрыста, зразумела, яны робяць наадварот.

Іх пасыл - індывідуальны прадпрымальнік павінен працаваць адзін, сам на сябе, давайце адменім наёмных асоб. Ты маеш краму, сам стаіш за прылаўкам, павінен мець нармаваны працоўны дзень, павінен з'ездзіць за таварам, усё апрыходаваць, палічыць, скласці, выставіць, рабіць уборку. Весці 12 кніг павінен на гэты момант прадпрымальнік. Я палічыў і падумаў: «А калі працаваць?».

Блізу 20 гадоў таму ў майго бацькі было ІП і было блізу 30 наёмных работнікаў, кожнаму плаціўся ФСАН, падаходны. Усе былі задаволеныя. Цяпер працуе трое. Хто ведае, можа быць цяпер было б не 30, а 300?

Але! Аптымізму мы не страчваем. Я пасля ўсіх жнівеньскіх падзей даў сабе слова, што буду «апошнім прадпрымальнікам, якому паціснуць руку» ў гэтай краіне. У горшым выпадку буду прыстасоўвацца. Але, спадзяюся, што гэты ціск на бізнэс прывядзе да кансалідацыі бізнэсоўцаў, і ўрэшце дзяржава ўбачыць, колькі тут разумных, адукаваных і неабыякавых людзей да таго, як жыве наша насельніцтва.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках