29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Без барацьбы за праўду і справядлівасць немагчыма стаць хрысціянінам

2
Без барацьбы за праўду і справядлівасць немагчыма стаць хрысціянінам
ФОТА: TUT.BY

Нельга блытаць дараванне з забыццём і несправядлівасцю.

Не забудзем, не прабачым. Ці гэты слоган, які стаў досыць папулярным у мінулым годзе ў нашым грамадстве, не супярэчыць духу хрысціянскага навучання?

Такога роду пытанні далей атрымоўваю ад Вас, шаноўныя сябры., піша ксёндз Вячаслаў Барок для krynica.info.

Дзякуй Богу, час Вялікага Посту спрыяе паразважаць над прабачэннем яшчэ раз.

Хрысціянства ёсць рэлігіяй прабачэння. І дзіўна было б, каб было б інакш. Прабачаць вучыць нас Хрыстос. У Яго навучанні, прабачэнне пакрыўджаным свайго крыўдзіцеля, з’яўляецца перадумовай атрымання прабачэння ад Бога. Аб гэтым чуем у прыпавесці пра бязлітаснага даўжніка з Евангелля ад Мацвея 18, 23-35.

Вяртаючыся да слоў “не забудзем, не даруем”, вельмі важна зразумець кантэкст, у якім яны гучаць. Справа ў тым, што можа рэзаць вуха хрысціяніну дзеяслоў “не даруем”. Аднак, гэта толькі на першы погляд можа здацца, што гэтыя словы гучаць як здрада хрысціянству.

Па-першае, гэтыя словы не з’яўляюцца адлюстраваннем індывідуальнага нежадання прабачыць і довадам на тое, што ў сэрцах тых, хто кажа гэтыя словы, запанавала нянавісць і дух помсты. Каб так было, то нашы вуліцы даўно ўжо былі б у крыві, бо народ, які зазнаў гвалт над сабой, меў бы магчымасць адпомсціць канкрэтным прадстаўнікам улады, якія сыходзілі на шлях беззаконня. Але ж гэтага няма і не было. Народ, які выходзіць на вуліцы пад заклікі “не забудзем, не прабачым”, хоча не помсты за свае крыўды, але хоча справядлівасці і законнасці. А гэта ўжо зусім іншае.

Ведаеце, на праблему памяці і звязанага з ёй прабачэння вельмі шмат святла пралівае папа Францішак у энцыкліцы #FratelliTutti. Піша: “Ад тых хто моцна пацярпеў у выніку несправядлівасці і жорсткасці, нельга патрабаваць свайго роду “грамадскага прабачэння”. Прымірэнне – гэта штосьці асабістае, і ніхто не можа навязаць яго ўсяму грамадству… немагчыма абвясціць “агульнае прымірэнне”, робячы выгляд, што дэкрэтам можна загаіць раны або закрыць несправядлівасць плашчом забыцця. Хто можа прыпісаць сабе права дараваць ад імя іншых?” (п.246).

Гэта так, як адзінства ў грамадстве не збудуеш толькі праз тое, што каляндарны год назавеш годам адзінства. А міру не стане больш толькі праз тое, што хтосьці падпіша дэкларацыю аб міры.

Вучэнне Папы ўпісваецца ў логіку біблейную. Прабачэнне нельга пераблытаць з забыццём і несправядлівасцю.

Прабачаючы, трэба памятаць пра зло крыўды і зрабіць усё магчымае, каб дабіцца справядлівасці, нават коштам жыцця.

Праблема пра якую разважаем, беспасярэдне датычыць таямніцы дабра і зла, а таму трэба быць вельмі асцярожным. Мяжа паміж дабром і злом вельмі блізкая, і дастаткова аднаго маленечкага, але няправільнага кроку, і можна апынуцца на баку зла.

Так вось зацытую Вам словы з Пісання аднаго біблейнага персанажа. Стары Запавет згадвае пра яго, як пра праведніка, чалавека, з якога верніку варта браць прыклад. Гэта святар Маттафія.

Ён ачоліў паўстанне юдэяў супраць эленістаў дзеля абароны жыцця згодна з законам Божым. Ён нават прымаў пастанову парушыць дзень шабату і весці бой, каб толькі не загінулі тыя, хто паўстаў супраць беззаконняў. Паміраючы, даў наказ: “Збярыце ўсіх, хто захоўвае Закон, і адпомсціце за крыўды народа вашага” (1 Макк 2, 67).

Вось неяк так. Безумоўна, я не хачу заклікаць да ўчынення помсты крыўдзіцелям. Таксама я не заклікаю да паўстання. Але, шукаючы адказу на пытанне: на колькі адпавядае хрысціянскаму духу заклік “не забудзем, не прабачым”, я хачу, каб мы былі свядомыя, што заклікі да прабачэння з заплюшчваннем вачэй на несправядлівасць і да пакаяння без агучвання канкрэтных фактаў гвалту, ёсць адназначнай здрадай Божаму навучанню ў Бібліі.

Хрысціянін заўсёды павінен памятаць пра прабачэнне, але і без змагання за праўду і справядлівасць хрысціянінам стаць немагчыма.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках