29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Ціханоўскі: Я пражыў гэтыя восем дзён, як быццам у мяне былі крылы

16
Сяргей Ціханоўскі: Я пражыў гэтыя восем дзён, як быццам у мяне былі крылы
Фота: strana_official / Telegram

Народны блогер адказаў на пытанні беларусаў.

Тэлеграм-канал «Краіна для жыцця» апублікавала некалькі адказаў народнага блогера і палітвязня Сяргея Ціханоўскага на пытанні чытачоў, паведамляе «Радыё Свабода».

- Адкруціўшы назад месяцы, ці пайшлі б вы на гэта? Ведаючы, што страціце сям'ю, дзяцей, свабоду?

- Так, вядома! Ніхто не ведае, колькі нам дадзена часу. Заўтра нас можа збіць аўтамабіль. Таму я думаю, што трэба жыць сёння. І трэба жыць так, каб потым, азіраючыся на сваё жыццё, не было сорамна. Жыць трэба годна. Тады вы ні пра што не пашкадуеце.

Мала хто памятае, але да затрымання ў Гародні 29 траўня я быў на волі ўсяго 8 дзён пасля выхаду з СІЗА. Я пражыў гэтыя 8 дзён, як быццам у мяне былі крылы.

Тысячы людзей сфатаграфаваліся са мной і выказвалі падтрымку. Я бачыў, як людзі вераць у сябе. Не кожны можа пахваліцца тым, што пражыў хоць бы адзін дзень, як я.

Ідучы на кампрамісы са сваім сумленнем, заплюшчваючы вочы на несправядлівасць і беззаконне, захоўваючы маўчанне, многія думаюць, што менавіта так яны выратуюць сваё жыццё. Але напраўду яны змогуць працягваць толькі сваё існаванне, а не жыццё.

- За месяцы, праведзеныя за кратамі, не расчараваліся вы ў беларусах?

- Не, не расчараваўся. Я атрымаў тысячы лістоў у турме і ўбачыў, як людзі змагаюцца і імкнуцца з усіх сіл. Упэўнены, што беларусы змогуць аб'яднацца вакол лідараў і перамагчы.

- Калі выйдзеце на волю, ці працягнеце працу над праектам «Краіна для жыцця» або зоймецеся нечым новым?

- Я не ведаю, калі выйду, таму не магу нешта планаваць. Зараз гэта бессэнсоўна. Але ў мяне ёсць смелыя і рэвалюцыйныя ідэі, якія дазволяць беларусам жыць лепш.

Нагадаем, Сяргея Ціханоўскага незаконна абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»), а таксама паводле арт. 191 («Перашкаджанне ажыццяўленню выбарчых правоў»). Разам з ім па гэтай крымінальнай справе праходзяць яшчэ сем чалавек, прадстаўнікі яго каманды.

Следчыя працягнулі яму тэрмін утрымання пад вартай да 29 красавіка.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках