14 красавiка 2021, Серада, 13:05
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі прыдумалі новы неадэкватны план для замяшчэння імпарту «айчыннымі таварамі»

31
Чыноўнікі прыдумалі новы неадэкватны план для замяшчэння імпарту «айчыннымі таварамі»

Падобныя захады раней ужо рабіліся – і не дапамаглі.

Чыноўнікі прызналі, што ў 2020 годзе не атрымалася знізіць дзель імпартных прадуктаў. Адбылося нават адваротнае – замежных тавараў на паліцах крамаў стала больш, а айчынных – менш. Такая тэндэнцыя назіраецца апошнія некалькі гадоў. Тым не менш улады ў 2021-м зноў плануюць нанесці ўдар па імпарце. Сярод захадаў – размяшчаць у крамах айчынныя прадукты на больш бачных месцах, рабіць шыльды «Зроблена ў Беларусi», а таксама абмежаваць гандлярам, вытворцам і пастаўшчыкам тавараў памер любых узнагародаў. Аднак падобныя захады раней ужо рабіліся. Не дапамагло, як паказвае статыстыка, піша tut.by.

Што было з імпартнымі прадуктамі ў 2020 годзе і якія планы на гэты

Чыноўнікі планавалі, што да канца 2020 года колькасць айчынных прадуктаў вырасце да 85% ад усяго асартыменту.

Фактычна ў 2020 годзе дзель імпартных харчовых тавараў у продажы арганізацыямі гандлю склала 22,9% (беларускіх, адпаведна, – 77,1%).

– Высокай застаецца дзель асобных імпартных прадуктаў у раздробным таваразвароце арганізацый гандлю: садавіны – 92,8%, алею – 87,5%, рыбы – 81,5%, грэчкі – 66,6%, кандытарскіх вырабаў з цукру – 51, 9%, фруктовых і агароднінных сокаў – 39,1%, макаронных вырабаў – 37,4%, дзіцячага харчавання – 29,1%, – паведамлялі на пасяджэнні калегіі МАРГ.

Да прыкладу, у 2020 годзе беларусы сталі часцей набываць імпартную гародніну, макароны.

На 2021 год чыноўнікі разглядаюць два сцэнары развіцця барацьбы з імпартам – аптымістычны і недастатковы. Першы прадугледжвае, што дзель айчынных прадуктаў вырасце да 85%, а другі – да 80%.

Што чыноўнікі прапануюць зрабіць для барацьбы з імпартам

МАРГ рэкамендуе гандлю забяспечыць размяшчэнне і выкладку тавараў айчыннай вытворчасці ў візуальна і фізічна даступных месцах, а таксама пазначаць месца размяшчэння і выкладкі беларускіх тавараў спецыяльнай шыльдай або надпісам «Зроблена ў Рэспубліцы Беларусь / Зроблена ў Беларусi». Удакладнім, што гэта было ў планах на 2020 год.

Гандлю, вытворцам і пастаўшчыкам тавараў рэкамендуюць, каб сукупны памер любых узнагароджанняў не перавышаў 5% ад кошту (няхай гэта будзе прэмія, бонусы або іншыя плацяжы, якія вытворцы і пастаўшчыкі тавараў часцяком прапануюць гандлю).

Ёсць прапановы і датычна інтэрнэт-крамаў.

– Суб'ектам гандлю, якія рэалізуюць тавары з дапамогай інтэрнэт-крамаў, забяспечыць наяўнасць у продажы тавараў айчыннай вытворчасці, візуальна пазначыўшы (напрыклад, беларускім арнаментам), а таксама ўдасканаліць тэхнічныя магчымасці анлайн-крамаў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».