19 красавiка 2024, Пятніца, 6:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўныя Гарадзенскага механічнага завода вылучылі кіраўніцтву ўльтыматум

42
Працоўныя Гарадзенскага механічнага завода вылучылі кіраўніцтву ўльтыматум
Фота: grodno.mchs.gov.by

На прадпрыемстве ўзніклі вялізныя праблемы з выплатай заробкаў.

У сакавіку 2021 года працаўнікі Гарадзенскага механічнага завода пераходзяць на чатырохдзённы працоўны тыдзень з паніжэннем заробку. У лютым завод ужо абвясціў пра прастой праз адсутнасць заказаў, расказаў Hrodna.life супрацоўнік, які адпрацаваў на прадпрыемстве больш за 10 гадоў. Карэспандэнтка выдання паразмаўляла з супрацоўнікамі і кіраўніцтвам завода.

На Гарадзенскім механічным заводзе два цэхі, у кожным – некалькі вытворчых аддзелаў. Супрацоўнікі цэхаў зладзілі бунт 4 лютага, таму што дырэктар прадпрыемства Сяргей Івароўскі паведаміў ім пра загад пра іх перавод на ⅔ ад сярэдняга заробку ў пятніцу 5 лютага. Загадам аформілі вымушаны прастой прадпрыемства. Гэта значыць, на працу выходзяць не ўсе супрацоўнікі, а непрацоўным выплачваецца 2/3 сярэдняга заробку за дзень.

Супрацоўнікі заводакіраўніцтва – бухгалтары, тэхнолагі, канструктары – працуюць за фіксаваны аклад з надбаўкамі і пры прастоях страчваюць у заробку нязначна. У супрацоўнікаў цэхаў заробак здзельна-прэміяльны. Калі працы няма, заробак памяншаецца.

«Працоўныя высунулі ўльтыматум і сказалі, што звернуцца ў незалежны прафзвяз, каб у ім праверылі расцэнкі на выкананыя працы – у іх здзельна-прэміяльная аплата працы. Таксама яны сказалі, што выкажуць вотум недаверу да кіраўніка прадпрыемства. Пасля гэтага дырэктар пайшоў на размову з супрацоўнікамі», – расказаў Hrodna.life супрацоўнік завода пра сітуацыю 4 лютага.

На пятніцу 19 лютага таксама аформлены загад пра прастой. Гэта значыць, супрацоўнікі не выходзяць на працу. У заводакіраўніцтва могуць у кожным аддзеле пакінуць дзяжурнага супрацоўніка для сувязі з заказчыкамі або пастаўшчыкамі.

Чатырохдзёнка і цякучка

Гарадзенскі механічны завод працуе больш за 30 гадоў. Тут вырабляюць аўтамабільныя і іншыя маторныя транспартныя сродкі, прычэпы і паўпрычэпы, машыны і абсталяванне для здабычы карысных выкапняў і будаўніцтва, металічныя цыстэрны, рэзервуары і кантэйнеры, пластмасавыя вырабы. Прасцей кажучы, малакавозы, бензавозы – спецтэхніку для перавозкі небяспечных грузаў і нафтапрадуктаў, перавозкі харчовых і тэхнічных вадкасцяў, і іншыя вырабы з металу.

На сакавік 2021 года падпісаны загад на чатырохдзёнку, пенсіянеры будуць працаваць тры дні на тыдзень, сказаў супрацоўнік Hrodna.life. Чатырохдзённы працоўны тыдзень увялі для эканоміі сродкаў пры часовай адсутнасці заказаў.

На прадпрыемстве «дзікая» цякучка кадраў у цэхах, яго пакідаюць таленавітыя спецыялісты, расказалі Hrodna.life дзве крыніцы. Паводле словаў дырэктара Сяргея Івароўскага, цякучка звычайная, большасць супрацоўнікаў працуе шмат гадоў.

Сярэдняспісачная колькасць працоўных за 2015 год складала 206 чалавек, за 2016 год – 201, 2017 – 190, 2018 – 203, 2019 – 189, гаворыцца ў справаздачных дакументах на сайце прадпрыемства. Паводле таго ж сайта, на 2013 год там працавалі 279 чалавек.

Умовы працы

Скардзяцца супрацоўнікі і на ўмовы працы: тэмпература ў цэхах складае ад 2+ да 8+ градусаў. Са словаў супрацоўніка, няма сродкаў, каб уцяпліць цэхі, як і на абнаўленне абсталявання. У цэхах было холадна і ў 2006–2007 гадах, расказаў супрацоўнік Hrodna.life. Зімой даводзілася працаваць у куфайках – не працавалі ТЭНы (электранагравальныя прыборы) у сістэме вентыляцыі.

Дырэктар прадпрыемства Сяргей Івароўскі аспрэчыў гэта ў размове з Hrodna.life. Паводле ягоных словаў, на заводзе ўцяплілі дах і замянілі дзверы, тэмпература аптымальная – «хочаце, прыязджайце праверыць».

Калі пачаліся праблемы?

Гарадзенскі механічны завод уключаны ў склад холдынгу «БелАўтаМАЗ» у 2013 годзе, да гэтага з 1997 года быў у складзе «Белнафтахіма». Паводле словаў крыніцы, у складзе «Белнафтахіма» ў завода было так шмат заказаў, што даводзілася працаваць у суботу, каб паспяваць. Часта заказвалі розныя аўтацыстэрны і аўтапалівазапраўнікі для нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, абсталяванне і ёмістасці для захоўвання паліва для заправачны станцый, а ўся ўнутраная тэрыторыя завода была занятая сотняй шасі пад малакавозы.

ФОТА: GRODNONEWS.BY

З уступленнем у Мытны звяз Еўразійскага эканамічнага звязу (МЗ ЕАЭЗ) прадукцыя завода падаражэла, чаму не можа канкураваць з расейскімі вытворцамі. «Нашым прадпрыемствам харчовай прамысловасці танней набыць цыстэрну для перавозкі малака ў Расеі, чым у нас», – расказаў супрацоўнік завода.

Пасля ўступлення ў Мытны звяз прадукцыя падаражэла праз новы тэхнічны рэгламент – павялічыўся дакументазварот, колькасць выпрабаванняў, колькасць розных сертыфікатаў і ўхваленняў. Адсюль вырас сабекошт прадукцыі. «Калі, дапусцім, раней дакументацыя і сертыфікацыя каштавалі 10% ад кошту машыны, то пасля пачатку дзеяння гэтага рэгламенту ўсе 30%», – параўнала кошты крыніца Hrodna.life.

Параўнаць кошты Hrodna.life не атрымалася, бо іх няма ў адкрытым доступе на сайтах ні беларускіх, ні расейскіх прадпрыемстваў.

Мытны звяз ЕАЭЗ – пагадненне паміж краінамі Еўразійскага эканамічнага звязу, складзенае для стварэння камфортных умоваў гандлю паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі ЕАЭЗ. Гаворка, у першую чаргу, ідзе пра скасаванне мытных плацяжоў і павелічэнне таваразвароту. Цяпер туды ўваходзіць Беларусь, Расея, Арменія, Казахстан, Кыргызстан.

За кошт чаго завод выжывае

Звесткі пра прыбытак на сайце завода значацца не за кожны год. З іх вынікае, што прыбытак нестабільны: у 2017 годзе ён склаў 13 483 000 рублёў, у 2018 годзе – 19 980 000, у 2019 годзе – 13 678 000.

– Мы яшчэ больш-менш трымаемся за кошт вырабаў на шасі БелАЗ, на розныя горна-абагачальныя камбінаты (комплекснае горнае прадпрыемства для здабычы і перапрацоўкі цвёрдых карысных выкапняў, ГУК – Hrodna.life) у Расеі – «Апатыт» у Мурманскай вобласці, Лебядзінскі ГУК у Белгародскай вобласці, Казахстане і Афрыцы, таму што нашаму былому галоўнаму інжынеру Генадзю Анушкевічу прыйшло ў галаву запатэнтаваць нашы канструктарскія распрацоўкі. Вось за кошт гэтага эксклюзіву завод і выжывае, – расказала крыніца Hrodna.life.

На Гарадзенскім механічным заводзе стварылі больш за 40 уласных распрацовак. Гэта віды і мадыфікацыі аўтатранспартных сродкаў для перавозкі розных рэчываў у цыстэрнах (нафтапрадукты, кіслаты, малако, спірт, і іншае). На сайце прадпрыемства гэта называюць галоўным дасягненнем.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках