19 красавiка 2024, Пятніца, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У М'янме паліцыя адкрыла агонь у дэманстрантаў

2
У М'янме паліцыя адкрыла агонь у дэманстрантаў

Пратэстоўцы заявілі, што яны будуць абараняцца, і пачалі будаваць барыкады.

У нядзелю паліцыя М'янмы пачала страляць баявымі патронамі ў дэманстрантаў, якія выступаюць супраць улады вайскоўцаў, якія здзейснілі ў краіне пераварот. Паведамляецца, што сама менш дзевяць удзельнікаў акцый пратэсту забітыя, некалькі чалавек атрымалі раненні.

Цягам выходных дэманстрацыі праходзяць у многіх гарадах М'янмы. Як паведамілі Бі-бі-сі актывісты і медыкі, не менш за дзевяць забітых ёсць у сталіцы краіны Янгоне, гарадах Тавой і Мандалай. Нядзеля, такім чынам, стала самым крывавым у М'янме днём пасля путчу, які адбыўся 1 лютага.

Нароўні з агнястрэльнай зброяй паліцыянты выкарыстоўвалі гумовыя кулі і слезацечны газ.

Як паведамляе агенцтва Франс прэс, у Тавоі паліцыянты адкрылі ў людзей агонь з агнястрэльнай зброі, у выніку чаго загінулі сама менш тры чалавекі.

"Паліцыя пачала страляць адразу пасля таго, як мы сабраліся, – сказаў Франс-прэс адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту ў Янгоне, настаўнік пачатковай школы. – Ніякіх папярэджанняў не было. Некаторых параніла, а некаторыя настаўнікі хаваюцца ў суседніх дамах".

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак пішуць, што колькасць забітых дасягае 20 чалавек, аднак гэтыя звесткі не пацверджаныя.

"Нас не паставіць на калені"

Некаторыя дэманстранты скандавалі лозунгі і спявалі, іншыя будавалі барыкады. "Калі яны пойдуць на нас, мы паўстанем. Калі на нас нападуць, мы будзем абараняцца. Нас не атрымаецца паставіць на калені перад ваеннымі ботамі", – цытуе Рэйтэр аднаго з пратэстоўцаў.

Фота: Reuters

Паліцыянты таксама разганяюць масавыя пратэсты ў Мандалаі, другім у велічыні населеным пункце М'янмы, а таксама ў гарадах Лашо і Пегу.

Масавыя акцыі пратэсту па ўсёй М'янме праходзілі і ў суботу, іх таксама разганялі з ужываннем слезацечнага газу і святлошумавых гранатаў, паліцыя рабіла папераджальныя стрэлы ў паветра. Паводле звестак дзяржаўнай тэлевізіі М'янмы, цягам суботы было арыштавана больш за 470 чалавек.

Масавыя дэманстрацыі супраць звяржэння цывільных уладаў М'янмы не цішэюць з пачатку лютага, калі вайскоўцы вывелі на вуліцы салдатаў і сарвалі першую сесію новага парламента. Армія змясціла цывільных кіраўнікоў краіны, у тым ліку фактычную лідарку Аун Сан Су Чжы і прэзідэнта Він М’іна, пад хатні арышт і ўвялі надзвычайнае становішча тэрмінам год. Акрамя таго, усталяваная каменданцкая гадзіну з 8 вечару да 4 раніцы ў буйных гарадах.

Спачатку паліцыянты ўжывалі для разгону дэманстрантаў толькі слезацечны газ і гумовыя кулі, аднак у апошнія тыдні яны ў некаторых выпадках адкрываюць агонь з агнястрэльнай зброі.

Фота: Reuters

Блізу тыдня таму падчас дэманстрацый у М'янме была забітая 20-гадовая дзяўчына, а потым ад куляў загінулі яшчэ двое пратэстоўцаў. Агенцтва Рэйтэр паведамляе, што агульная колькасць забітых у М'янме за час пратэстаў складае пяць чалавек. Паводле звестак арміі краіны, загінуў таксама адзін супрацоўнік паліцыі.

Апазіцыя таксама заклікае людзей да ўсеагульнага страйку з патрабаваннем адхіліць вайскоўцаў ад улады і неадкладна вызваліць Аун Сан Су Чжы і кіраўніцтва яе "Нацыянальнай лігі за дэмакратыю".

Су Чжы ўзялі пад варту, яе абвінавачваюць у нелегальнай перавозцы, захоўванні і выкарыстанні рацый, у парушэнні закона аб імпарце, а таксама закона аб прадухіленні стыхійных бедстваў.

Армія М'янмы абяцае правесці новыя парламенцкія выбары і сцвярджае, што вынікі папярэдняга галасавання, у якім перамагла "Нацыянальная ліга за дэмакратыю", былі падтасаваныя. Пры гэтым пераканальных доказаў фальсіфікацый яна не падае і не называе дату новых выбараў.

Звальненне амбасадара ў ААН

У суботу пастановай ваенных уладаў краіны быў звольнены амбасадар М'янмы ў ААН Чжо Мо Тун. Прычынай стаў заклік дыпламата "выкарыстаць усе неабходныя сродкі", каб спыніць кіраванне вайскоўцаў. Дзяржаўная тэлевізія заявіла, што Чжо Мо Тун "здрадзіў нашай краіне", а таксама "злоўжыў уладай і абавязкамі амбасадара".

Фота: EPA

Аднак дыпламат заявіў агенцтву Рэйтэр, што не адмаўляецца ад сваіх перакананняў. "Я пастанавіў змагацца, пакуль магу", – сказаў Чжо Мо Тун.

М'янма кіравалася ваеннымі рэжымамі з 1962 да 2011-га года. У 1988 годзе ў ходзе ўціску пратэстаў былі забітыя блізу 3 тыс. чалавек, а ў 2007-м – блізу 30.

У 2011 годзе вайскоўцы пад міжнародным ціскам ініцыявалі паступовы пераход да дэмакратыі, але пакінулі за сабой 25% месцаў у парламенце і кантроль над сілавымі ўстановамі.

На ўсіх выбарах з таго часу перамагала партыя Аун Сан Су Чжы, якая больш за 30 гадоў заставалася прызнанай лідаркай барацьбы за дэмакратыю.

На выбарах у лістападзе летась партыя Аун Сан Су Чжы – "Нацыянальная ліга за дэмакратыю" – перамагла з вялікай перавагай, набраўшы дастаткова галасоў, каб самастойна сфармаваць урад.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках