19 красавiка 2024, Пятніца, 15:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чуткі пра «лісты шчасця» за тэхагляд прывялі да вар'яцкіх чэргаў на беларускіх СТА

40
Чуткі пра «лісты шчасця» за тэхагляд прывялі да вар'яцкіх чэргаў на беларускіх СТА

Кіроўцы займаюць чаргу з 5.20 раніцы.

На станцыях тэхагляду, якім кіроўцы не аддавалі сваёй увагі апошнія гады, небывалы ажыятаж. «Хацела запісацца на ТА, але запіс толькі на сярэдзіну сакавіка. І так на некалькіх станцыях», – расказвае мянчанка. «Каб заняць чаргу, прыязджалі а 4 раніцы», – кажуць кіроўцы з Магілёва. Некаторыя чэргі, фота якіх даслалі нам нашы чытачы, здзіўляюць.

Партал tut.by разбіраецца з тым, што адбываецца, і тлумачыць, чаму няма асаблівага сэнсу начаваць на станцыях тэхагляду.

«Як чаго стаім? Сёння ж апошні дзень!»

Для пачатку трохі з гісторыі пытання: у чаканні некалькі разоў абяцанай адвязкі дзяржмыты ад тэхагляду многія кіроўцы проста ігнаравалі гэтую працэдуру. Пасля таго, як з 1 студзеня 2021 года дзяржмыту адвязалі-такі ад ТА, аўтамабілісты зладзілі набег на станцыі тэхагляду, але паступова ажыятаж спаў, ды з небывалай сілай аднавіўся на гэтым тыдні

Вось, напрыклад, відэа, якое тры дні таму знялі нашы чытачы з Магілёва: «Тэхагляд на вуліцы Чалюскінцаў, людзі займаюць чаргу а 4-й раніцы», – пішуць мясцовыя жыхары.

Яшчэ адзін кіроўца з Магілёва кажа:

– Прайшоў тэхагляд 26 лютага па адрасе Дняпроўскі бульвар, 1. У чарзе стаяў 8 гадзінаў. Графік працы з 9.00 да 18.00 (абед з 13.00 да 14.00). Прыехаў у 6.30 раніцы, перад мной ужо было блізу 25 машынаў. Гэтак жа перыядычна прыязджаюць машыны на запіс (у гэтым і галоўная затрымка). Атрымаў дазвол а 15-й.

– У Лідзе ў будні чарга трымаецца ўвесь дзень 20 машынаў. На адну машыну адводзіцца 10 хвілінаў. Сусед казаў, што ўчора з ночы чаргу займалі, – кажа кіроўца Андрэй.

– 24 лютага праходзіў ТА ў Смаргоні, – напісаў яшчэ адзін з чытачоў. – Прыехаў у 7.40, прайшоў а 12-й, цяпер калі пасля 9-й прыехаў, то, мяркуй, не пройдзеш ужо.

Свайго піку ажыятаж дасягнуў у апошнія выходныя зімы.

– Як чаго стаім? Сёння ж апошні дзень, каб прайсці тэхагляд, потым – «лістамі шчасця» закідаюць, – тлумачаць кіроўцы шматгадзіннае стаянне ў чэргах.

Вось якія фота і відэа яны нам даслалі.

– Тры гадзіны стаяў, каб прайсці тэхагляд, – піша Аляксей з Віцебска. Ён прыехаў на ТА на 6-ю Суражскага вуліцу.

Юрый з Астраўца, каб прайсці ТА, прыехаў на станцыю ў суботу, 27 лютага, а 7-й раніцы, выехаў у 15.30.

– Прыкладна 6,5 гадзінаў на Альшэўскага стаялі, прыкладна 50 машынаў у чарзе, – кажа яшчэ адзін чытач.

– Прыехаў на дыягнастычную станцыю 224 (тралейбусны парк 2 у Менску) блізу 8-й раніцы на жывую чаргу. Перад уездам на тэрыторыю тралейбуснага парка аб 11-й за мной было не менш за 12 аўтамабіляў. Запусцілі на тэрыторыю, але на лінію яшчэ не заехаў: у першую чаргу пускаюць праз запіс, нават калі аўтамабіль прыехаў раней ці істотна пазней за прызначаны час, хоць папярэдні запіс асобна не аплачваецца і адкуль такія прывілеі, незразумела, – наракае кіроўца з Менска.

Некаторыя кіроўцы спрабавалі прайсці ТА не ў сталіцы і не ў буйных гарадах. Але і там таксама праблемы.

Напрыклад, адзін з нашых чытачоў даслаў фота з СТА на 11 км трасы Менск – Гародня за МКАД. Туды ён прыехаў у 8.30.

– Наперадзе было 35 машынаў. Цяпер засталося 15. Першыя кіроўцы ў чарзе былі ў СТА да 05.20.

Ну і нарэшце здзіўляльнае відэа са станцыі тэхагляду ў вёсцы Цімкавічы, што ў Капыльскім раёне.

На самай справе лістоў шчасця за няпройдзены ТА пакуль не будзе

Здавалася б, штрафы за няпройдзены тэхагляд існавалі заўсёды. З чаго раптам такі ажыятаж? Тым больш, што памер штрафу застаўся ранейшым – максімум да 3 базавых (пры паўторным парушэнні – ад 2 да 5 базавых).

Рэч у тым, што ў некаторых СМІ, а потым і тэлеграм-каналах з'явілася навіна, што з 1 сакавіка ДАІ будзе рассылаць «лісты шчасця», калі машына без ТА патрапіць на камеру фіксацыі.

Насамрэч жа гаворка ідзе пра тое, што цяпер такую магчымасць прапісалі заканадаўча: у новым КаАП замацавалі норму, паводле якой фіксаваць камерамі можна не толькі парушэнне хуткаснага рэжыму, але і многія іншыя парушэнні – няпройдзены тэхагляд, праезд на чырвонае святло, выезд на сустрэчку і гэтак далей. Аднак, як тлумачылі ў ДАІ, замацаванне нормы не роўнае яе імгненнай рэалізацыі на практыцы. Цяпер прапрацоўваюць тэхнічныя нюансы гэтага пытання і кажуць, што ў найбліжэйшы час «лісты шчасця» за ТА і іншае прыходзіць не будуць. Інфармацыі, калі спіс атрымальнікаў пашырыцца, на гэты момант няма.

Не, мы зусім не заклікаем ігнараваць тэхагляд (больш за тое, не раім яго адкладаць на апошні момант), аднак, як бачым, ніякай вострай неабходнасці начаваць у чэргах няма. Калі ўжо вы з нейкай прычыны ездзіце без ТА, то аштрафаваць вас за яго маглі аднолькава і летась, і ў студзені, і ў сакавіку. Больш за тое, для законапаслухмяных кіроўцаў ёсць яшчэ адзін лайфхак: паводле новага КаАП язда без тэхагляду адносіцца да тых парушэнняў, за якія першы раз ДАІ штрафаваць не будзе. Для гэтага трэба выканаць дзве ўмовы: кіроўца павінен быць згодны з правапарушэннем і да гэтага цягам года такога ж правапарушэння ён не здзяйсняў.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках