29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«МК»: Лукашэнка зноў стаіць з працягнутай рукой ля Крамля

16
«МК»: Лукашэнка зноў стаіць з працягнутай рукой ля Крамля

Без вонкавых пазыкаў беларуская эканоміка самаліквідуецца ў лічаныя месяцы.

Менск вядзе перамовы з Масквой наконт новых крэдытаў на рэалізацыю інфраструктурных праектаў. Пра гэта заявіў міністр фінансаў Рэспублікі Беларусь Юры Селіверстаў. І гэта пры тым, што яшчэ не да канца асвоены папярэдні расейскі транш, вылучаны ў канцы 2020 года, піша «Маскоўскі камсамолец».

Як ставіцца да таго факта, што Менск, вобразна кажучы, зноў стаіць каля брамы Крамля з працягнутай рукой? Мільярды даляраў, шанцы на вяртанне якіх не такія ўжо і вялікія (калі грунтавацца на мінулым досведзе) – ці не занадта дарагі кошт геапалітычнага партнёрства з Лукашэнкам?

Не паспеў Менск «перастрававаць» папярэдні – энэргетычны – крэдыт ад Масквы, як на парадку дня стаяць ужо новыя пазыкі для дзяржавы Лукашэнкі. «Пытанні крэдытных рэсурсаў, у тым ліку ў Расеі на рэалізацыю супольных праектаў, уключаючы інфраструктурныя, стаялі заўсёды», – сказаў Селіверстаў.

Нагадаем, што ў сярэдзіне верасня 2020 года, у разгар вулічных пратэстаў у Беларусі, на сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, была дасягнутая дамоўленасць, што Масква дае Менску дзяржкрэдыт на $ 1,5 млрд.

Падобныя да «сяброўскіх» стасункі дзвюх дзяржаваў, заснаваныя на фінансавым складніку, не могуць прадаўжацца на сталай аснове, мяркуе гендырэктар Цэнтра палітычнай інфармацыі Аляксей Мухін. «Цяпер беларускі кіраўнік любымі магчымымі спосабамі дэманструе лаяльнае стаўленне да Масквы, пераследаванай з боку Захаду эканамічнымі санкцыямі. Але і Менск знаходзіцца ў аналагічнай сітуацыі – знешнія геапалітычныя стасункі ў Беларусі абвостраныя да мяжы, а таму чакаць дапамогі з іншых рук, акрамя Расеі, Лукашэнку не выпадае», – тлумачыць палітолаг.

На ягоную думку, вельмі хутка Беларусь выдаткуе апошнія фінансавыя пазыкі, прапанаваныя Расеяй.

Увогуле ж пазыка Беларусі перад Расеяй на стан мінулага года складала блізу $ 8 млрд. Яшчэ блізу $ 2,5 млрд Беларусь павінна Еўразійскаму банку развіцця (ЕАБР), у якім РФ – ключавы акцыянер.

Якую пазіцыю зойме Расея ў дачыненні да беларускай пазыкі? Мяркуючы з усяго, у расейскім Мінфіне ўтварыліся два лагеры, мяркуе палітолаг Андрэй Суздальцаў: адзін з іх катэгарычна супраць выдачы Лукашэнку новых крэдытаў, нагадваючы пра фатальную памылку 2013 года, калі Масква выдала $ 3 млрд Украіне на чале з Януковічам. «Іншая частка Мінфіна настойвае на прадаўжэнні дапамогі Менску ў выглядзе розных субсідый, што ўляцела нам у капейчыну. У гэтым выпадку ўкраінская неспадзяванка сямігадовай даўніны можа паўтарыцца ў выпадку з Беларуссю», – папярэджвае эксперт.

Цяпер на найвышэйшым узроўні ідзе выпрацоўка новага фармату ўзаемадзеяння паміж Менскам і Масквой, упэўнены прафесар фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе РФ Аляксей Зубец. «У выпадку разрыву стасункаў паміж Менскам і Масквой беларуская эканоміка самаліквідуецца цягам паўгода», – упэўнены эксперт.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках