28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы разгадалі таямніцу глінянага панцыра муміі, якую паклалі ў чужы саркафаг

3
Навукоўцы разгадалі таямніцу глінянага панцыра муміі, якую паклалі ў чужы саркафаг

Археолагі вывучалі незвычайную мумію цягам апошніх 20 гадоў.

Каманда аўстралійскіх даследчыкаў высветліла, хто спачывае ў драўляным саркафагу з універсітэцкага музея і навошта муміі гліняная абалонка, піша «Вокруг света. Украина».

Гэты рарытэт у 1860 годзе падарыў музею Сіднэйскага ўніверсітэта (Chau Chak Wing Museum) калекцыянер сэр Чарльз Нікалсан. Мумія ў дзіўным панцыры ляжала ў драўляным саркафагу.

Археолагі вывучалі незвычайную мумію цягам апошніх 20 гадоў. А нядаўна каманда археолага Карын Савады з Універсітэта Макуоры зрабіла адразу некалькі дзіўных адкрыццяў.

У гэтым навукоўцам дапамаглі сучасныя метады даследавання. У тым ліку ўдасканаленая кампутарная тамаграфія і радыевугляроднае датаванне.

Што ўстанавілі археолагі?

Перш за ўсё, яны не паверылі, што ў драўлянай труне спачывае тая, чыё імя напісанае на саркафагу: нейкая Меруа. Даследнікі вызначылі, што ўзрост муміі і саркафага не супадаюць.

Тытулаваная асоба па імі Меруа памерла блізу 1000 года да н. э., як сведчыў надпіс на саркафагу. А тым часам радыевугляроднае датаванне паказала, што чалавек у глінянай абалонцы супакоіўся раней: прыкладна ў 1200-1113 гадах да н. э.

Як гэта можна растлумачыць? Сэр Чарльз Нікалсан набыў забальзамаванае цела ў драўлянай труне падчас паездкі ў Егіпет у 1850-х гадах. Імаверна, прадаўцы змясцілі мумію ў чужую труну.

Археолагі доўгі час не маглі вызначыць пол чалавека, які ў ёй спачывае. А цяпер, нарэшце, устанавілі, што гаворка ідзе пра жанчыну. Пра гэта сведчылі касцяныя другасныя палавыя прыкметы: тазавыя косткі, сківіца і форма чэрапа (першасныя былі выдаленыя пры муміфікацыі). На момант смерці ёй было 26-35 гадоў.

Новае сканаванне таксама высветліла прызначэнне гразевага панцыра. Ён ахоўваў цела ад пашкоджанняў. Аналіз паказаў, што неўзабаве пасля муміфікацыі цела нябожчыцы пашкодзілі. І каб аднавіць форму муміі, яе абматалі пластамі саломы, якую даставілі з Міжземнамор'я, а таксама лёну і гліны.

Раней гэты метад не быў апісаны ў навуковай літаратуры. Сіднейскія археолагі маюць намер у найбліжэйшай будучыні вывучыць яго глыбей.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках